Цераспалосіца. Разьмяшчэньне зямельных надзелаў адной гаспадаркі палосамі ўперамежку з суседнімі надзеламі. Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 года, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі. Хмары над Бацькаўшчынай.
Цыду́лька(польск.). Запіска, пісулька. Патрэбны ёй гэтыя цыдулькі ?! У імя догмы.
Цыпэлін. Цэпелін. Дырыжабль зь металічным каркасам, абцягнутым тканінай. У гаспадарцы спатрэбіцца, як сказала адна бабуля, становячыся ў чаргу, дзе ёй сказалі, выдаюць цыпэліны . Пёрка й іншыя.
Цыранок. Дзікая качка. На заваротах утвараліся затокі, і на аднэй зь іх мы заўважылі чародку цыранкоў. Хмары над Бацькаўшчынай.
Цэтлік. Тут: пропуск, дазвол. Мне-б вось цэтлік атрымаць на выйсьце адсюль -- зусім занішто ўскочыў у прысак... «Янка сеяў -- людзі жалі».
Ця́гла. Адзінка абкладаньня павіннасьцямі. Знайсьці цяпер хурманку амаль немагчыма з тае прычыны, што кожны стараецца збыць каня, калі мае яго, бо дужа вялікія і падатак і цягла . Хмары над Бацькаўшчынай.
Цяпе́рака. Цяпер. Вы, Максім, мусіць, і цяперака ім засталіся, а я цяперака Грукацень, а раней, як вам вядома, быў Пукаліч... Пернікавае сэрца.
Цяпе́рацькі. Цяпер. Як-жа вы цяперацькі будзеце безь мяне? У імя догмы.
ЧК(руск. Чрезвычайная Коміссія). У 1917-1922 гг. назва рэпрэсіўнага органа, створанага для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам. Колькі нявінных тамака, у той ЧаКа , палягло?! Вярнуўся чалавек.
Чырвонец. Грашовы крэдытны білет вартасьцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. А то ў кішэні ў чалавека нічога: адно чырвонец недзе валяўся, які некалі прыслала дачка Раінка. У імя догмы.
Шалапу́т. Легкадумны, пусты чалавек; свавольнік. І тады Богуш зноў ірвануўся да сякеры, але Янук загарадзіў яму дарогу. -- Куды, шалапут ! У імя догмы.
Швайца́р. Тут: швайцарац, жыхар Швайцарыі. От-жа сядзяць там сабе ціха гэтыя швайцары ды свэны?! Акупанты.
Шворан. Мэталічны з плешкаю стрыжань ў перадку калёс. -- А то вось: найлепшая зброя, без аніякага гуку! -- узяў з-пад лавы шворан : -- Дзёбнуць -- і гатова!.. Дзікі вецер.
Шка́па(польск.). Худы, замораны конь. -- Шая, як ты можаш пускацца ў дарогу на такой шкапе ? Хмары над Бацькаўшчынай.
Шмат, шмата. Адарваны кавалак тканіны, паперы. Разгарнуўшы шмат , у які быў загорнуты хлеб, асьцярожна, каб адмераць па-роўнаму й не пакрышыць, разрэзаў яго на дзьве часткі. На межах.
Шнур. Тут: вузкая палоска зямлі. На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Хмары над Бацькаўшчынай.
Шпана́. Злачынцы, бадзягі, бяспрытульныя. Калі былі выведзеныя й жанчыны, іх таксама пачалі ставіць па тым-жа прынцыпе: контра -- асобна, шпана -- асобна. «Янка сеяў -- людзі жалі».
Шпі́цаль(польск.). Шпік, даносчык. Сярод іх няма «ворагаў народу» і шпіцаляў . «Янка сеяў -- людзі жалі».
Шу́ла. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка дзьвярэй. Першы немец паставіў у варотах калодку, на якой Мацей кляпаў косы й скіпаў дровы, стаў на яе й прывязаў лейцы да перакладзіны паміж шуламі . Акупанты.
Шурт. Рад, укладка сьпілаванага лесу. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах , і проста калодкамі на зямлі. Партыйны таварыш.
Шыкава́ць(польск.). Тут: рыхтаваць. На ворагаў усё шыкуюцца ! «Янка сеяў -- людзі жалі».
Шынге́льсы(англ.). Дранка, драніца, гонта. Тонкія дошчачкі для абіваньня сьцен пад тынкоўку або для крыцьця даху. Бывала, кладу шынгельсы і прыбіваю іх цьвікамі; раптам зьяўляецца цікавая думка, вобраз, пасаж... Да чытача.
Этажэрка. Некалькі разьмешчаных адна над другой паліц на стойках. Потым падышоў да этажэркі і ўзяў сямейны альбом. Пёрка й іншыя.
Яды́нка.Ёд. Пабеглі да настаўніцы па ядынку . Воўчым сьледам.
Які-колечы. Які-небудзь. На целе Скуратка ня было нічога такога, што паказвала-б на сьмерць ад забойства ці іншага якога-колечы гвалту... У імя догмы.
Читать дальше