- Ну гэта... кажу... палякі пузыр запусьцілі? - усё тым жа ўсхвалявана-гугнявым голасам запытаўся маёр, намаляваўшы ў паветры вялікае кола.
Палкоўнік дастаў пачак «Данхілу», укінуў у рот цыгарэту, наструніўся, слухаючы - ці таўчэцца хто на сходах, і ў гэты момант маёр, папярэдне ляпнуўшы па кішэнях, тыцнуў яму пад нос сваю запальнічку.
- Ты, Кукарэка, як маёрам стаў, дык зусім здурнеў... - прамовіў палкоўнік, не адрываючы вачэй ад кампаньёна. - Ім што, больш рабіць не хер, як толькі пузыры пускаць?
Словы гучалі пераканаўча й Кукарэка, стоячы з зацепленай запальнічкай як са сьвечкай, стоена прашаптаў:
- НАТА?
Палкоўнік зморана ўздыхнуў: паветра, што вырвалася зь ягонай грудзіны затушыла запальнічку й данесла да маёравых вушэй шматзначнае пытаньне:
- Старлея Підуту ведаеш?
- Швагра... - маёр не дагаварыў: на доле бразнулі дзьверы й кампаньёны міжволі наструніліся. Дзесьці на першым паверсе загаманілі, чхнулі, потым мацюкнуліся і неўзабаве ўсё аціхла.
- Затулін?.. - зьбялелымі вуснамі прашаптаў Кукарэка, а ягоны суразмоўца, ступіўшы колькі крокаў па сходах, кінуў цераз плячук фразу, якую любіў казаць падначаленаму ў часіны душэўнага ўздыму:
- Пайшлі, што стаў, як певень пасьля кукарэку...
Дыхтоўныя, абабітыя масянжовымі паскамі дзьверы з натугаю падаліся і ў вочы пырснула гарачае сонечнае сьвятло. Усё навокал цвыркала, плыло, цьвіло і гаманіла. Цвыркалі вераб'і на даху, плылі аблокі ў небе, цьвіла вішня ля ўваходу, а за сьпінаю палкоўніцкай гаманіў, штохвілі шморгаючы носам, маёр Кукарэка.
- Я што... я чалавек маленькі... Мне загадалі - я і зьліў паліва. А куды яно пайшло - ня ведаю і ведаць не жадаю.
Палкоўнік быў заняты сваімі думкамі і ня надта слухаў Кукарэку, а калі прыслухаўся, дык пальцы рук ягоных сьціснуліся ў кулакі, а на шчоках прабілася нездаровая чырвань.
Маёр Кукарэка - гэты зацяты хапуга, які краў нават лыжкі ў жаўнерскай ядальні, меў здольнасьць пераўвасабляцца ў бязьвінную авечку. Маёра колькі разоў хапалі на гарачым, аднаго разу - калі з палкавога складу зьнікла чатыры тоны масла - на яго нават завялі крымінальную справу, аднак - дзіўная рэч! - маёр, дзякуючы гэтаму самаму пераўвасабленьню заўсёды выходзіў сухім з вады, і з пасадаў, а то й з войску выляталі ягоныя падзельнікі.
Летась палкоўнік і сам ледзь не зьляцеў з пасады, таму, пачуўшы кукарэкава бляяньне, счырванеў як гіпэртонік. Ён хацеў адразу заехаць маёру між вачэй, ды, угледзеўшы бакавым зрокам двух шарагоўцаў, што сядзелі на лаве, перакінуў з аднаго кутка вуснаў у другі прытухлую цыгарку і гэтым самым утаймаваў свае нэрвы.
- Кулямёт ёсьць? - запытаўся палкоўнік, папераменку пазіраючы то на маёравы ўазік, то на двух схуднелых шарагоўцаў, якія сядзелі ў цяньку і штосьці жэрлі.
- Які кулямёт? - не зразумеў маёр.
- Буйнакалібэрны, йоп... - вылаяўся палкоўнік, нэрвова смактануўшы затухлую цыгарку.
- Ёсьць... у Мачульніках... - Кукарэка шморгнуў носам і два разы запар спатыкнуўся на роўным асфальце.
- У Мачу-у-ульніках, - перадражніў палкоўнік. Засяродзіўшы вочы на канцы цыгарэты, ён яшчэ пару разоў смактануў і палез у кішэнь за сярнічкамі. - Да Мачульнікаў сорак кэмэ, а ў нас кожная хвіліна на ўліку.
- Ёсьць яшчэ на лецішчы, у Ждановічах. Думалі ж на дзікоў ехаць...
Шарагоўцы - з выгляду салагі-першагодкі - сядзелі на лаве і, не зважаючы на афіцэраў, елі гарачыя пончыкі.
«Тося пачаставала», - падумаў палкоўнік, увабраўшы носам агідны пах алею і яблычнага павідла.
За колькі мэтраў ад лаўкі афіцэры запаволілі крок, чакаючы, што шарагоўцы падхопяцца на ногі, але тыя й ня думалі падхоплівацца і палкоўнік, з астатніх сіл утаймоўваючы лютасьць, павадзіў рукамі ў паветры, мадэлюючы той рух, якім дырыгенты падымаць аркестры, а штабныя афіцэры ўзважваюць тугія жаночыя грудзі. Шарагоўцы адарвалі ад лаўкі схуднелыя азадкі, выпрасталіся, прыціснулі далоні да сьцёгнаў, але жаваць не перасталі і, як тыя хамякі, варушылі пашчэнкамі.
- Чаго расьселіся?! - грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлінаю на палкоўніцкую шыю.
Адзін з шарагоўцаў - маленькі, чарнявы, з падбітым левым вокам, - пачаў штосьці казаць, глытаючы ежу і з усяго ім сказанага ўцямна прагучала толькі слова «выгружалі».
- А чаму жарэце як не ў сабе? - гукнуў у сваю чаргу палкоўнік, зірнуўшы на пончыкі, што грудком ляжалі на газэце.
- Два дні ня елі, таварыш старшы лейтэнант, - прамовіў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец і палкоўнік, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:
Читать дальше