У наступныя месяцы тэрор супраць беларусаў пашырыўся. Неўзабаве быў забіты старшыня места, старэйшы беларускі дзеяч яшчэ з нашаніўскае пары, прафэсар Іваноўскі. Ён ехаў з рамізьнікам па Нямігскай вуліцы й быў пераняты падарожнікамі на іншым возе. Яны застрэлілі Іваноўскага. Сьмерць прыйшла адразу.
Праз нейкі час у цэнтры Менску былі забітыя старшыня раённай Управы Рабушка й ягоны памагаты... Беларусы апынуліся між молатам і кавадлам. З аднаго боку немцы ды іншыя прышэльцы ціснулі, як мага часта бяз дай прычыны, а з другога боку сталінскія тэрарысты забівалі беларускіх актывістаў, як супрацоўнікаў немцаў. А польскія «ваякі» даносамі на беларусаў у нямецкую паліцыю, нішчылі інтэлігенцыю. Беларусам даводзілася адбівацца аж з трох бакоў і не абы ад якіх ворагаў. Немцы прывезьлі ў Менск сваю вялікую дасканалую паліцыйную машыну пакараньня. А сталінскія падпольшчыкі карысталіся дапамогай былых таўкачоў бэрыяўскага апарату. Аднак, нягледзячы на гэткі бязьлітасны прасьлед з усіх бакоў, беларуская культурна-будаўнічая праца гэтых гадоў была дзівагоднай. Беларуская прэса, школы, мастацтва, тэатр ды дабрадзейнасьць ува ўсіх куткох Беларусі, дзе была цывільная ўлада, квітнелі ды множыліся. Нават на вёсках, дзе немцы няраз па правакатарскіх даносах савецкіх «мсьціўцаў» палілі ды забівалі нявінных людзей, жыцьцё йшло сваім адвечным шляхам. Голаду ня было, бо хлеба хапала і для сябе і для партызанаў і нават на пастаўкі для немцаў. Хапала й самагонкі...
На рынках у Менску можна было купіць усё: і хлеба, і сала, і самагонкі. Праўда, цэны былі немаверна высокія, але людзі неяк лёгка выкручваліся. Горш было для інтэлігенцыі, але й яна давала сабе рады. Спэкуляцыя цьвіла вясновым цьветам. А гэта-ж была татальная, бязьлітасная й сьмяротная вайна. Людзі спадзяваліся, што некалі можа быць лепш... Гэтымі надзеямі й жыў тады чалавек таптанага чужынцамі Краю.
Кастусь, назіраючы актывізацыю рыначнай вымены, думаў аб бясспрэчнай перавазе прыватнай гаспадаркі над калгаснай. У часе ваеннага, страшнага часу, селянін вязе ў места на рынак поўныя вазы рознай усячыны. Сяляне ратавалі ад галоднай сьмерці тысячы мянчанаў ды іншых местачкоўцаў...
Бачыў Кастусь, як Менск паступова напаўняўся шукачамі выгодных пасадаў. Беларускі Варшаўскі камітэт, як і Бэрлінскі, слалі ў Менск шмат пратэндэнтаў на высокія пасады, калі гэтыя людзі выдавалі сябе за беларусаў. Зразумела, што разам з добрым, сьведамым элемэнтам, кінуліся сюды й розныя прайдзісьветы, а нават скрытыя ворагі беларушчыны. Беларусамі яны называліся, бо гэта давала нагоду заняць выгаднае месца ў новай адміністрацыі. Калі адзін уладкоўваўся, цягнуў ён за сабою цэлую чараду іншых, якія зь беларусамі ня мелі ніякіх дачыненьняў. Выглядала, што толькі цяпер яны ўсьведаміліся ды жадаюць дабра свайму народу. Многія зь іх ня ведалі беларускае мовы. Іх маніла пэрспэктыва заняцьця рэпрэзэнтатыўных пасадаў. А дзе-каторыя зь іх марылі аб магчымым міністэрскім партфэлі. Такім выдаваўся й кіраўнік Беларускае Самапомачы... Неабазнанасьць у беларускіх справах у гэтых людзей выяўлялася на кожным кроку... Гэта было відаць асабліва выразна работнікам беларускага друку. Колькі сутычак з рознымі хапунамі навялі журналістаў на думку вывесьці іх на чыстую ваду. Пастанавілі скарыстаць тэатральныя сродкі...
Перш трэба прыгадаць тое, што драматургія Франьцішка Аляхновіча пабудаваная на прынцыпах заходняэўрапэйскай камэрцыйнай драмы, на зацікаўленьні гледача цікавай інтрыгай, сцэнічнымі прыёмамі, дасканалым веданьнем вымогаў масавага гледача, спалучэньнем драмы зь песьнямі й танцамі, элемэнтамі апэрэты, прыцягнула ўвагу беларускага Менскага тэатру. Аляхновічава п'еса ў трох дзеях «На Антокалі» была пабудавана на зразумелым кожнаму мянчаніну імкненьні да сямейнага шчасьця, жыцьцёвага спакою ды забясьпечаньня дабрабыту. Спакушаны марай атрымаць спадчыну з Амэрыкі ў амэрыканскіх далярах, паштовы чыноўнік Ігнат Радзівіловіч адважваецца прасіць рукі маладой віленчанкі Зоські Сьліжык, дачкі майстра на Антокалі. Захопленая ідэяй мільёнаў, лёгкадумная Зоська адмаўляе закаханаму ў яе Юзіку й пераконвае яго, што там, дзе няма грошаў, каханьне хутка зьнікае... А калі мары Радзівіловіча не спраўдзіліся, ён ня здольны да хоць якога змаганьня. Слабаваты, затуканы сваім начальствам, мяккі характарам і добры па нораву, калі на яго нападаюць, што выйшла «ня тая лінія», ён вызнае сябе вінаватым. У ягоных словах-сьлёзах чуецца крык набалелай душы. Бацька Зоські Вінцэнт Сьліжык і ягоная жонка Міхаліна - людзі места. Ён любіць выпіць, яна - пагаманіць з суседкамі. Але яны шануюць працоўнага чалавека. Міхаліна згаджаецца выдаць Зоську за чыноўніка, каб тая валодала мільёнамі. У п'есе выводзяцца яшчэ іншыя характары, гэтак зразумелыя менскаму гледачу, як гуляка-рэпарцёр Пяровіч, дабрадзейны купец Арон, язычлівая Мацеіха, колькі жабракоў і іншых сакавіта змалёваных асобаў. Мяшчанскае жыцьцё паказана было ўва ўсёй сваёй праўдзівасьці, дарма што не бяз апэрэтачнай лёгкасьці й без псыхалягічнага заглыбленьня. Жывая сочная мова й зьмястоўны гумар п'есы прыйшоўся да смаку менскага гледача. У сэзоне 1941-1942 гадоў паказ спэктакля «На Антокалі» быў дапоўнены паказам вясёлае бытавое камэдыі Ф.Аляхновіча «Шчасьлівы муж».
Читать дальше