А тады пачалі падыходзіць Мікіта, Лізавета, Варка, бабка Антося, Раіса, Тамаш. Козыраў кожнаму падаў руку. Тады і мы рашылі вылезці са схованкі. А чаго сядзець там, калі можна быць бліжэй да галоўных падзей, якія, спадзяваліся, былі наперадзе. Ды, калі шчыра, хацелася пераканацца, а ці пацісне райкомавец і нам руку. Але ён, убачыў-шы нас, прытуліў да сябе, паклаўшы спярша свае шырокія, бы лапаты, далоні нам на плечы, і гучна сказаў:
– Я вось і кажу тут Хвядосу: багатыя вы яшчэ. Вось, вось яно, ваша багацце, ваш заўтрашні дзень.
Як заўсёды, бліжэй да госця прадзёрся Тамаш, спытаў у Хвядоса быццам ціха, але пачулі ўсе:
– З райкома, гаворыш?
Дзядзька Хвядос кіўнуў: ага.
Пакуль дарослыя разбіраліся, хто адкуль, Петрык памацаў у Козырава кабуру, а тады мне шапнуў:
– Ёсць... Сапраўдны.
А Тамаш тым часам павярнуўся тварам да Козырава, гаварыў яму, а сам, схіліўшы галаву на бок, задаволена паглядаў на землякоў:
– Ты, чалавек, калі ўладу прадстаўляеш, давай... давай, гавару, слова выкладай дзяржаўнае. А хлапцы хоць і багацце, ды самі не шыбка багатыя... Пад штанамі лыткі, а на іх – латкі! Х-хі!
Дарослыя пачалі расказваць райкомаўцу пра нас, пра наша сірочае жыццё, ажно зрабілася няёмка... І добра, што Козыраў супакоіў іх:
– Нічога, нічога... Мала я ведаю сёння шчаслівых людзей... Хаця і шчаслівыя мы, калі падумаць. Вельмі шчаслівыя. Перамога зусім блізка, а вораг да нас ужо ніколі не вернецца!
Лізавета паглядзела на госця, уздыхнула:
– А я, прызнаюся, кожнай ранічкай у той бок трывожна паглядаю, куды яго турнулі: ці не ідзе зноў? Няма... і так добра на душы... так лёгка...
– Ой, не кажы, Ліза! – цяжка ўздыхнула бабка Антося. – І ў маіх жа пячонках супастат сядзіць, век бы яму дзёгаць есці!
– А чым калёсы мазаць будзем? – пажартаваў Мікіта.
Райкомавец жа, не звярнуўшы ўвагі на гэты жарт, паабяцаў зноў, што вораг больш не вернецца, што назад фашыстам дарогі няма. Тамаш, як заўсёды, не пагадзіўся:
– Цвёрда гаворыш?
Таму райкомаўцу давялося нагадаць, што неўзабаве ўся тэрыторыя Беларусі будзе вызвалена ад нечысці і нашы салдаты пяройдуць граніцу. Так што, дарагія мае, вось-вось і зусім скончыцца вайна. Жывіце, працуйце спакойна.
– Як працаваць-та? Усё папалілі, парасцягалі... – махнула рукой Варка і адвярнулася ад райкомаўца, а тады зноў падняла на яго галаву. –Як?!
А Тамаш нагадаў, што адна кабыла ўсяго і засталася – багата на ёй не напрацуеш. Бабка Антося ўсміхнулася:
– І тая мая равесніца.
– Пагэтаму, таварыш, выкладвай, як жыць... – не мог угаманіцца Тамаш. – Паведай, як там жывуць людзі, дзе мы не бачым... А то ў нас тут ні газетаў, ні радзіваў... Як на неабітаваным астраву... Га?
На кожным сходзе так выбягае наперад стары Тамаш, заўсёды ён задае ўсім самыя дасціпныя пытанні, а тады водзіць галавой па баках: ну, як, землякі, я праўду гавару ці не? Мы з Петрыкам любім тады быць каля дарослых: цікава ж Тамаша паслухаць! Ну-ну, давай, падсыпай перцу райкомаўцу, дзядзька! Ці вывернецца ён? Хто каго? Райкомавец жа крэкнуў, паглядзеў амаль як не на кожнага з нашых вяскоўцаў, а тады пачаў гаварыць:
– Грамадзяне! Таварышы! Як гэта добра, што вы сабраліся. Што ж мне вам сказаць? Багата я, даруйце, не скажу. Але ж час зараз у нас такі настаў, калі за новае жыццё трэба брацца, не чакаючы з мора надвор’я. Учора яшчэ ноч была, доўгая і цёмная, а сёння, самі бачыце, дзень настаў... Ціхі, спакойны, мірны дзень.
Зноў падаў голас Тамаш:
– Гэта цяпер ён ціхі. А тады шандарахне, як у сорак першым!
– Не дай Гасподзь! – перахрысцілася бабка Антося.
– За намі справа не стане, – паабяцаў дзядзька Хвядос, які да гэтага больш маўчаў.
На што атрымаў ад Тамаша:
– А ты за ўсіх у ведамасці не распісвайся!
За дзядзьку Хвядоса заступілася Варка:
– Хвядос праўду кажа: за намі не стане!
– Верна-а! – грымнуў магутным голасам Мікіта.
– Вайну вынеслі не на чужым гарбу, што тут языком малоць! – сказала Лізавета.
– І я падстаўляла... – бабка Антося нават крыху прыгнулася, каб паказаць усім, як падстаўляла яна свой горб.
Тамашу і такое не спадабалася, махнуў рукой на старую:
– Ды што ты падстаўляла, мы ведаем!..
Усе засмяяліся, а Тамаш яшчэ больш задраў нос. Мікіта паглядзеў на Козырава, папрасіў таго:
– Давай, таварыш, слухаем.
– Ага, – бы схамянуўся райкомавец. – Не думайце, што партыя і ўрад не ведаюць пра вашу вёску...
– Пра нашу... вёску? – натапырыў ажно, падалося, вушы Тамаш, засмяяўся. – Мужыкі, чулі? Пра нашу Гуту ў Маскве ў тры лапці званілі! Вось у гэтым я сумняваюся.
Читать дальше