– Пакуль адзін.
– Не густа...
– Скора мужыкі вернуцца... А мяне на фронце прынялі. Пад Вязьмай. Не збіраўся, шчыра скажу, а маёр кажа: «Ты, Сталетаў, варты». Ну, раз варты – вам, начальству, лепш відаць.
Нічога не адказаўшы на гэта, райкомавец асцярожна папытаў у дзядзькі Хвядоса:
– Пра Георгія, сына Тамаша, нічога не чуў? Гавораць... бытта... – Ён устаў. – Хоць добра. Гэта пакуль што размовы. Хоць і разумею, што полымя без агню не бывае. Але пазней, адчуваю, нам пра гэта ўсё ж трэба будзе гаварыць...
– Як пагнаў калгасную скаціну ў сорак першым, кажуць, дык і не напамінаў пра сябе. А што?
– Разабрацца трэба...
– Гэта праўда. Навошта людзям да часу настрой псаваць? Хопіць для іх і той болі, які перажылі, сцярпелі. А праўда усёроўна выплыве. Рана ці позна.
– Я пайду. Мне яшчэ ў Хатоўню трэба паспець сёння.
Дзядзька Хвядос таксама падняўся з бёрна, падаў райкомаўцу руку. Парукаваліся на развітанне.
– Раз ты адзін камуніст – быць табе старшынёй, – сказаў райкомавец Козыраў. – Нам з табой, Хвядос, цяпер на адной дарозе ісці. Пацягнецца яна ўгару – будзем караскацца... будзем лезці. Уніз жа пакуль ніяк нельга... Да сустрэчы. Вельмі ўдзячны лёсу, што з табой сустрэўся. Чалавек ты, бачу, адумны, разважлівы і паважаны сярод вяскоўцаў.
А я глядзеў на неба – хацелася ўбачыць, як прыляцяць буслы з выраю. Пакуль не відаць. Рана, мусіць. А што буслы вернуцца, паабяцаў і дзядзька Хвядос. Ён цвёрда сказаў: «Абавязкова вернуцца!».
Больш за ўсё я хацеў, каб нашы буслы вярнуліся. Асабліва пасля таго, калі наведаў нашу вёску рай-комавец Козыраў, важны госць .
5. ЦІХА ЯК!..
Ранічкай я звычайна злазіў з печы, мыўся і пытаўся ў дзядзькі Хвядоса, што рабіць будзем. Давай, загадвай. А той сёння паглядзеў на мяне вясёлымі вачыма, не так сур’ёзна, як заўсёды, усміхаўся і сказаў:
– Табе, Колька, у школу б. Яшчэ наробішся. Яшчэ напрацуешся. А пакуль давай снедаць.
Мы сядалі за самаробны стол і сёрбалі па чарзе з адной місы варыва – драўлянымі лыжкамі, якія сам выстругаў з ліпы дзядзька. Потым ён аблізваў сваю лыжку і глядзеў на неба: яму, небу, быццам і гаварыў:
– Ціха як!.. І заўтра будзе такая цішыня. Акурат так. Будзе. Мне можаш верыць. Не пусцім супастата да цябе. – І раптам пераводзіў позірк на печ. – Чуеш, печ? І цябе датычыць. Ціха як!.. Гэта не хухры-мухры, а цішыня. Вось яна, на далоні. Бы яблык. Яна – як сон немаўляці... ага... які яшчэ матчыну соску смокча... забаўку... Прывезлі яго з радзільні, паклалі ў люльку – асцярожненька так, як мінёр снарад, на выцягнутых руках – а самі бацькі на кончыках пальцаў ходзяць-клыпаюць. Няхай спіць, няхай... Моцненька, бесклапотна... Бацькам дзіцятка – што нам, людзям, цішыня... Баішся, каб не спалохаць яе, каб не спудзіць... А там мужчыны вернуцца. Яны вернуцца. Вось і Колькаў татка прыйдзе... – Дзядзька Хвядос паглядзеў на мяне, затрымаў позірк. – Ты іх, печ, помніш. Сядзелі яны ў хаце: мужыкі на цябе глядзелі, ты на іх. Неўзабаве вернуцца. Скора. І тады мы зруб узвядзём. З новых бёрнаў. Вунь яны ляжаць. Бачыш? Ляжаць, людзей чакаюць. І дах над табой паставім, печ, каб не сірацела ты больш пад голым небам. Каб па-людску, ага. Тваё месца ў хаце – не на вуліцы... Ты, можа, і крыўдуеш на мяне, што пад небам пакуль... Не трэба. Вось калгас крыху на ногі паставім – і тады адразу, ага... Не крыўдуй. Малайчына, што разумееш. Малайчына.
Дзядзька Хвядос яшчэ доўга размаўляў бы, мусіць, з печчу і са мной, але я ўбачыў, што да нас ідзе Мікіта, таму падзякаваў за крупнік і пачаў прыбіраць на стале. Мікіта, як і нярэдка, грымнуў басам:
– Тамаш не заявіўся?
Хвядос вытрымаў паўзу, сказаў таксама закла-почана:
– Ды не відаць. Як у студню праваліўся.
– Праваліцца ён у студню, чакай! – таптаўся каля печы Мікіта, не знаходзячы сабе месца. – Ну, Тамаш! Ну, Тамаш!..
– Ды прыйдзе ён, прыйдзе! – супакоіў суседа дзядзька Хвядос. – Куды ж ён можа падзецца?
А Мікіта матляў у паветры вялікім кулаком:
– Не церпіцца мне тыцнуць яму ў адно месца!
– Тыцнеш, калі так ахвота. Паспееш. Усяму свой час. А вунь, дарэчы, і Тамаш. Дарэмна хваляваўся, Мікіта. Сам ідзе.
– Ды не сам: я выклікаў яго да тваёй печы, – паглядзеў на Тамаша, які тупаў паблізу, Мікіта, а потым захваляваўся, пачаў лапаць сваё адзенне, папраўляць кашулю, падцягнуў парткі. – Сам бы ён прыйшоў, адзін з тых!..
Тамаш, перш чым паказацца каля печы, зачапіўся за корч, ледзьве не прачырыў зямлю носам, але захаваў раўнавагу, кагосьці аблаяў – гаспадара ці сам корч, было не зразумець – і, сапучы, прагугнявіў:
Читать дальше