– Чакаеце? Ну вось ён я! Навошта перадавалі, каб прыбыў? Слухаю, грамадзяне начальнікі.
Мікіта прызнаўся, што гэта ён наказаў, сам, адзін, таму па ўсіх пытаннях параіў звяртацца асабіста да яго. Хоць і каля Хвядосавай печы. Тут, маўляў, зручней размаўляць. І натапырыўся на Тамаша:
– Дык, прызнавайся?
Тамаш, хоць і не палахлівы, але плечы ў яго ўздрыгнулі:
– Гэтыя дошкі... школа калі гарэла... вам іх у мяне не забраць. У полымя лез. Рызыкаваў. Жыццём і ўнукамі. Зразумелі? Во! – Ён паказаў Мікіту дулю. – Не выйдзе! Не атрымаецца!
Дзядзька Хвядос параіў Мікіту:
– Пакажы і ты яму. Пакажы.
– А як жа, пакажу, пакажу! Глядзі, Тамаш! Ці не пазнаеш? Мяшок-та мой! – Мікіта выцягнуў з-пад папружкі мех, трасянуў ім у паветры. – Што скажаш, гарлапан?
Тамаш адмахнуўся, бы ад назойлівай мухі, ад таго меха:
– Дык і трасі ім перад сваім носам, калі твой!
– Не-е, я перад тваім патрасу.
Каля мяне ўжо моўчкі сеў Петрык, і мы навастрыліся глядзець далей, што будзе паміж мужчынамі. Ну-ну, давайце, працягвайце. Нам цікава. Дзядзька Хвядос падаў знак рукой, каб той дарэмна не псаваў нервы, параіў растлумачыць, што ўрэшце рэшт здарылася:
– Будзе, Мікіта, будзе. Не гарачыся. Раскажы, што і як. Спакойна. Тамаш, бачыцца мне, таксама нічога не разумее... Пра дошкі пачынае гаварыць... Так-так, дык што там у цябе? Якія прэтэнзіі?
Мікіту, мы з Петрыкам гэта добра ведалі, было цяжка спыніць, калі ён набіраў абароты. І не спыняецца, а мы што казалі! Сіпіць, бы раззлаваны гусак:
– Гэта хто нічога не разумее – Тамаш? Ён усё разумее! Толькі морду крывіць, губіну капыліць, бы конь, якога авадзень уджаліў, дурнем прыкідваецца. Дыверсант!
Пачуўшы «дыверсант», Тамаш ажно ўвабраў галаву ў плечы, а вочы ў яго, падалося, зрабіліся зусім маленькімі, як у пеўня. Але ён адразу апрытомнеў, шырока разявіў рот, ваяўніча заявіў:
– Ну, ты! А то як шандарахну!.. Прыпісваеш мне тут непатрэбшчыну. Падбірай словы. За гэта могуць далёка схаваць. А ў мяне дома спраў багата. Во так, анёл!
Мікіта стаяў на сваім:
– Што – «ты»! Я ж гэты мех у пуні ў цябе забраў. Маўра твая сказала, каб серп навастрыў. Шукаю яе... якраз міма праходзіў. У пуню заглянуў, а там – мех мой ляжыць, во гэты самы. Метку бачыш?
Тамаш дзеля прыліку ўзяў мех, пакруціў яго ў руках, пашкрабаў кручкаватым пальцам там, дзе метка, а потым шпурнуў яго Мікіту:
– І на маіх такая!
Мікіта плюнуў, сеў:
– Ну вось і пагавары з ім.
Пагаварыць з Тамашом узяўся дзядзька Хвядос. Ён падняў з зямлі мех, папытаў у Мікіты:
– Дык гэта той мех, у якім было зерне?
– Ну, тое, што на насенне бераглі, – пацвердзіў Мікіта, і да Тамаша: – Навошта зерне украў, злодзей?
– Прашу не абражаць. А зерне... Ты пра якое зерне? Не разумею.
– Калгаснае, – сказаў Мікіта. – Ты абрабаваў усіх нас. Гэта хоць разумееш?
– Не браў, – аднекваецца Тамаш.
– Яно само к табе ў пуню забегла-закацілася, – навыручку Мікіту паспяшаўся Хвядос.
– Я ж гэты мех закапаў у свіране, – гэта ўжо Мікіта шкумутае далей злодзея, а што Тамаш можа сцібрыць чужое, у гэтым мы з Петрыкам перакананы. – Думаў немцы спёрлі, гады. А гэта ён гад, аказваецца. Пад носам жыве. Не з немцаў. З нашых, здаецца...
Тамаш не на жарт перапалохаўся, заглядваў у вочы то Мікіту, то Хвядосу, шукаў у іх падтрымкі і спагады:
– Вы што, людзі? Жывым – у магілу? За што? Не браў! Калгаснае зерне? Вы што – падурнелі, розуму пазбавіліся? Гэта ж турма! Астрог! Старшыня! Хвядос! Я ж у немцаў краў. У іх, супастатаў. З-пад носу цягнуў, таму што яны – ворагі, так ім і трэба, таму што іх біць і біць трэба. Калашмаціць. Я, можа, гэтым самым прыёмам падрываў іх моц. Мне, можа, за гэта яшчэ медаль павінна... Як, га?
Тамаша спыніў Мікіта:
– Не дрышчы. Якім жа чынам у цябе, калі паслухаць, мой мех апынуўся?
– Не ведаю. Поведам не ведаю. Можа, яны ў цябе, а я – у іх?
– Цьфу ты! – роспачна плюнуў Мікіта. – Уваротлівы, і сапраўды што той вужэлак.
– Чаго не ведаю, таго не ведаю. Стану на калені. – Тамаш цопнуўся на калені. – Наце. У доказ маёй нявіннасці. Што яшчэ трэба? Хвядос! Мікіта! Пашкадуйце! Не браў я зерне! Бог сведка! Госпадзі, пашкадуй!..
І Тамаш захлюпаў носам, а потым з вачэй яго пакаціліся па шчоках слёзы.
– Падніміся, не поўзай на каленях, – узяў Тамаша за каўнер дзядзька Хвядос, дапамог таму ўстаць.
А Мікіта ўсё трос рукамі:
– Нічога не разумею. Кепскі з мяне дапрошчык. Зусім.
Такое прызнанне спадабалася Тамашу, ён ажно выцягнуў шыю:
– Вось-вось. І я не разумею. Можа хто ўмысна яго мне падсунуў, мужыкі? Каб насаліць? Чаго маўчыцё?
Читать дальше