Калі на двары засталася адна Аксіння, а немец, аблізаўшыся, бы шкодны кот, павалюхаў далей, так і не дамогчыся нічога, Юраська шмыгнуў да цёткі.
– Не аддалі? – з нейкай асаблівай радасцю глядзеў ён на Аксінню.
– Хопіць з іх пеўня, – нават, падалося, абыякава, аднак жа і не хаваючы гонару за сябе, махнула рукой суседка. – Ён яшчэ не тое ў мяне атрымае, немец! А то курэй давай. Чаго захацеў. Вомегай вылезе табе курынае мяса.
Немцу – немцава. Толькі ж і хлапчуку карцела ведаць: дзе ж, сапраўды, тыя нясушкі, якіх раней на гэтым двары было – не злічыш, не знойдзеш нават мясцінкі, дзе б можна было стаць нагой. Юраська набраўся смеласці, пацікавіўся, хоць і ведаў, што таямніцы свае Аксіння звычайна не выдае нават самым блізкім і давераным людзям:
– А куды ж ты, і сапраўды, цётка, курэй схавала?
Аксіння хітравата прыплюшчыла вочы:
– І хаваць не хавала. Але хадзем, пакажу, так і быць, калі дужа дапытлівы, – і павяла яго ў хату.
У хаце было ціха і сумна. Праз пабітае вакно кралася з двара свежае і чыстае паветра. Старая паўздыхала трохі, пабедавала, а шыбу паабяцала заткнуць немцавым задам, ад чаго, уявіўшы такое, хлопчык пырснуў смехам, затым цяжка стала на калені каля печы, прасунула руку ў падпечча, а сама глядзела на хлопчыка: ты за мяне, суседзе, не хвалюйся, усё будзе добра. А тады зморшчылася, пацягнула носам паветра:
– Фу-у, і насмуродзілі ж!..
А то і Юраська не чуе. Фу-у, канешне. Але ж мала таго, што няма чым дыхаць, дык яна, старая, просіць яго, каб скокнуў у падпечча, павымаў курэй.
– Скокні, мілок, а то яшчэ, не дай Божа, задыхнуцца.
Давялося лезці. Аксінні не адмовіш. Суседка як ніяк. Ды іншы раз і цукерку раздабудзе якую-небудзь пазалеташнюю, сухую, бы трэска, але ўсё роўна смачную, і пачастуе. А то яшчэ які прысмак прэзентуе. Не, з ёй псаваць адносіны нельга, хлопчык гэта разумее, і, набраўшы паветра ў грудзі, нібы збіраўся нырнуць у вірок, палез...
– Уго, колькі іх тут! – дзівіўся хлопчык, падаючы курэй. – Каб не я, то яны б ачмурэлі... Усе да адной. Нават не варушацца. А як, цікава, ты, бабця, здагадалася іх сюды схаваць?
– Я, браток, жыццё, мяркуй, пражыла, многаму навучаная. А ім, супастатам, бачыў, што паказала?..
Нарэшце Юраська выпаўз з падпечча з апошняй курыцай у руцэ, шморгнуў носам:
– Усе. Фу-у! Там дыхнуць няма чым.
– Дурныя куры. З перапалоху нарабілі... А таго, бедалагі, не ведаюць, што за Аксінняй яны, як за каменнай сцяной. Як у крэпасці. Бач, уратавала. Дык не, нагадзілі... Калі ж усім, відаць, тых немцаў страшна? Не толькі, мусіць нам, людзям?
– Не ведаю... – няпэўна павёў плечуком хлопчык. – Мне дык... я іх бы...
– Ну-ну, не яршыся! Певень мой вунь таксама спрытна па двары бегаў – толькі хвост трубой трымаў... А насмуродзілі!..
Юраська дапамог суседцы паразвязваць курэй, у якіх матузкамі былі пераціснуты крылы і дзюбы.
– І не шкада было, звязваць так?.. – паглядзеў на старую хлопчык.
– Затое цэлыя.
Нечакана для Юраські Аксіння падсунула бліжэй да яго дзвюх чубатак.
– Матцы аддай, – сказала яна, крадком змахнуўшы слязу з твару рукавом. – Мо яечка з’ясцё. Толькі пасля такога палону ці будуць яны несціся? Хаця – праз тыдзень ачомаюцца. Бяры, нясі. З мяне хопіць. Каб жа хоць гэтых зберагчы. Але ж макацёр навошта ў мяне? Што-небудзь прыдумаю. Пачакай, дык пеўня і ў вас не засталося? Немцы што, і яго да рук прыбралі?
Юраська кіўнуў:
– Першы ж выскачыў...
Старая супакоіла:
–То і бяды тае. Пражывуць куры без пеўня. Мы ж, бабы, жывем без мужчын – і нічога. Нясі, нясі дамоў чубатак.
Хлопчык схапіў курэй і пабег дахаты – хутка, нібы баяўся, што цётка перадумае і забярэ іх назад. Бег ён радасны і шчаслівы. Тым часам, паехалі з Хатоўні немцы і на вуліцы, як і раней, шугала вясковая дзятва, не давала ўпыну нагам і спакою сваім звонкім галасам. Вызіралі з хат і дарослыя. Пасмялелі людзі, адчулі сябе зноў гаспадарамі ў сваім доме. Толькі ці надоўга?
Юраська прынёс дамоў чубатак, і падумаў пра суседку Аксінню: «А не такая яна ўжо і жмінда. Калі па-добраму з ёй. Ласку ўсе любяць».
2. «У НАС ІМ ГОРШ НЕ БУДЗЕ...»
Юраська жыў з мамай і сястрычкай Лідай. Ліда паспела скончыць на гэтае лета чатыры класы, ён жа на два больш. Шэсць, значыць. Вучоны, калі параўнаць з дзедам ці з той жа цёткай Аксінняй. Але ростам Юраська не ўдаўся – малы, хударлявы, вочы схаваліся глыбока ў твары, моцна сядзяць каля пераносся: як прытаіліся, гатовыя ў самы патрэбны час выскачыць і ўсё, што важна, убачыць, згледзець. А на тое, што ён малы, мама неяк сказала, асабліва не бядуючы: «Будзе як дзед Трафім: ад зямлі на тры вяршкі. Аднак і добра, калі так: уваротлівым, спрытным дзед быў. Залаты харакцер меў, праўда ж... золата, а не харакцер. Каб Юрка па яму ўдаўся, я б дужа радая была».
Читать дальше