Два тыдні, а можа і больш, Пецька, Рыгорка і Сашка былі ў канцлагеры Азарычы. Як уцяклі—Пятро Мікітавіч сёння і сам патлумачыць такое не можа, але унуку прызнаўся:
– Смелыя, відаць, былі. І знаходлівыя.
3
Вясна ў 1943 годзе выдалася дружная—снег сышоў хутка, неўзабаве зазелянела траўка на мурагах, праклюнуліся лісточкі на дрэвах, і стаяў у лесе такі птушыны пошчак, ажно не верылася аніяк Петрыку, што ідзе вайна.
Хлопчык сядзеў на дубе, на самым тоўстым суку, звесіўшы ногі, і глядзеў у той бок , адкуль звычайна патыкаюцца ў лес немцы. Сёння іх не відаць. А хай бы паспрабавалі! Мала б не было!
– Ну што там, Петрык? Ціха? – сумна, відаць, унізе, пад дубам, і партызану Кавалькову.
– Ціха,– пазяхае і Петрык.
Партызан Кавалькоў ужо стары, сам на дуб ўзабрацца не можа, таму на заданне ўзяў з сабой Петрыка. А хлопчыку і добра. Чым збіраць дровы ў лесе, каб гатаваць ежу, ці чысціць анучай пасля бою каму-небудзь зброю, дык лепш ісці з партызанам Кавальковым у дазор. У дазор дазваляецца браць і зброю. А як жа! І Петрыку далі карабін, але паколькі з ім на дуб не ўскараскацца—чапляецца, хоць ты трэсні!– ствол за голле, замінае, таму карабін стаіць на зямлі, прыткнуты да дуба, і за ім—па вялікай просьбе Петрыка—наглядае партызан Кавалькоў. Ён майструе самакрутку, зараз засмярдзіць самаробным тытунём, і хлопчык загадвае яму:
– Адыдзі, дзядзька, ад дуба. Не псуй паветра.
Партызан Кавалькоў спярша агрызаецца, прыгадвае сваю жонку, параўноўвае з ёй Петрыка, але усё роўна слухаецца, сядае крыху паводдаль ад дрэва, смаліць і паглядае, вядома ж, за Петрыкавым карабінам, а заадно хваліцца, што яшчэ раней, калі не было ў партызанскім атрадзе хлопчыка, ён не тое што хадзіў на самыя важныя баявыя заданні, але і быў старшым групы. Што быў старшым над партызанамі, гэта ён асабліва падкрэслівае. Аднак Петрыку усё роўна неяк: старшы—не старшы... Партызан Кавалькоў нарэшце глядзіць угору, шукае вачыма на дубе Петрыка, гамоніць:
– Вось табе, бачу, не цікава: чаму гэта я быў старшы над групай партызан, а цяпер не? Не цікава, не?
– Ну, чаму? – глядзіць уніз хлопчык, знаходзіць вачыма партызана Кавалькова: той усё яшчэ пыхкае дымам, бы самавар парам.—Хоць, калі па праўдзе, то вы ж, дзядзька, і цяпер старшы. Надо мной.
– Хе, над табой!– весялее партызан Кавалькоў, голас у яго робіцца больш звонкім, сакавітым.–Не той размах, панімаш!.. Не той, брат Пятро! У маім падпарадкаванні было да дванаццаці чалавек адразу... А гэта ўжо гурт! Кулак! Арцель, калі хош!.. А цяпер ты адзін. І тое далёка ад мяне—на дубе сядзіш. Яшчэ і мне, камандзіру, загадаў сцерагчы тваю зброю. А па вялікаму рахунку, то ты маю зброю павінен ахоўваць, ты! Га? Атрымліваецца, што я і зусім не старшы сёння—нават над табой.
– Немцы!– раптам крыху не сваім голасам паведамляе Петрык, не кожны ж дзень ён у дазоры, тым больш, што бачыць немцаў на матацыклах.–Немцы... Дзядзька, чуеш? Сюды, здаецца, пруць!
– А то ж!– усхопліваецца, бы віхор, партызан Кавалькоў, уцёр абцасам ботаў недакурак у зямлю.–Працягвай наглядаць за імі, а я пабег... Ды не пападзіся ж, неслух! Вышэй, вышэй лезь... З зямлі цябе не ўбачыш.
– Я і так высока.
– Глядзі тут!..
І партызан Кавалькоў, прыхапіўшы і Петрыкаў карабін, нырае ў гушчар, і толькі бачылі яго. А хлопчык, і праўда, забраўся крыху вышэй, там такое густое галлё, што сядзіш, бы ў сапраўднай схованцы.
Немцы былі ўсё бліжэй і бліжэй. Петрык нават добра бачыў твар таго немца, што сядзеў у люльцы другога матацыкла—ён, у адрозненне ад астатніх, быў не ў касцы, а ў фуражцы. Афіцэр, значыць.
4
Обер-лейтэнант Лотар Шмейхель зняў з галавы фуражку, а замест яе усторкнуў каску: так надзейней, бо ў лесе ад тых народных мсціўцаў усяго можна чакаць. І кулі, зразумелая справа.
– Бачу дуб,– сказаў першы матацыкліст.
– Карашо,– кіўнуў галавой у касцы обер-лейтэнант, потым ён дастаў з бакавой кішэні мундзіра фотакартку, складзеную ўдвая, яшчэ раз паглядзеў на яе. На фотакартцы быў Цар-Дуб. На поўны свой рост гэтае магутнае дрэва у кадрык адразу трапіць ніяк не магло, таму нямецкі салдат- фатограф, які пабываў тут увосень мінулага года, пстрыкаў камерай некалькі разоў, а потым , ужо ў лабараторыі, наклейваў часткі дуба, што былі на плёнцы, адна да аднае, і атрымалася, нарэшце, тое дрэва, якое і трэба было паказаць самому Гітлеру. Гітлер, паглядзеўшы на картку, ускінуў бровы, абрадаваўся і нараспеў выгукнуў: «О-о! Гут,гут!» А потым сказаў, каб чулі ўсе, хто стаяў побач з ім:
Читать дальше