І ўсе сказалі, што дойдзе.
«Да хуткай сустрэчы. Цалую. Абдымаю. Ваш сын – Пятро». Я склаў пісьмо і падаў бабцы Антосі, яна прыціснула яго да сябе:
– Адзін ён у нас, Пецька... Адзін... Зберажы яго, Божа, зберажы... Якаў у грамадзянскую загінуў... Зусім хлопчыкам быў... Куды, пытаю, ты, Яша, сабраўся? За Савецкую ўладу ваяваць–адказвае. Пайшоў – і не вярнуўся... Міцьку кулакі з абрэза застрэлілі... Вярніся, Пецька, вярніся...
Бабка Антося плакала, дзед Грышка суцяшаў яе:
– Будзе табе, будзе. Супакойся. Пятро вернецца. За ім там цяпер і нагляд ёсць – Зінка. – Стары паляпаў молатам па накавальні. – Антося-я! Хопіць, сказаў!
Яна нічога не адказала свайму дзеду, а моўчкі павярнулася і пайшла з кузні, трымаючы пісьмо на грудзях. Мікіта ўздыхнуў і папытаў у Грышкі, дзе старое вядро, якое ён прасіў раней некалі яго залудзіць.
– Давай, давай... сёння дзень такі... раней рукі да вядра не даходзілі.
– Ну, добра, а я ў полі буду, – сказаў Хвядос і таксама выйшаў з кузні.
– Пастаў на віднае месца вядро. Сёння адрамантую. Сёння свята ў цябе...
Але дзед Грышка не спяшаўся ставіць вядро на тое віднае месца, а доўга разглядваў яго, а тады зачапіўся вокам за тую маленькую дзірачку, што была ў дне і праз якую сачылася вада. Глядзеў у тую дзірачку і казаў:
– Маленькая, а свет бачыцца. Калі блізка да вачэй паднесці. Яй-богу, усё бачу! Вунь Лізавета па вуліцы з касой на плячы шыбуе. Як малодка. Іш! Іш! Круць-верць! Туды-сюды! – Ён таксама крутнуў адным месцам, але адразу ж зморшчыўся ад болю.–Ой! Ой! Забыўся!.. Цьфу! Куды гэта яна? Да Варкі. Стаяць, размаўляюць. Тамаш? Тамаш. Ён. А куды ж яго нячыстая панесла? Куды ж гэта ён з торбай? Галаву звесіў, ад зямлі не адрывае, усё роўна як дарогі не ведае. Баіцца, павінна быць, каб у ямку нагой не трапіць... Эх-ха! Калі б можна было Пятру майму вось у такую хоць дзірачку паглядзець... Няхай бы ён убачыў, як у нас тут усё цвіце... як у нас тут хораша... як мірна тут...
Куды пайшоў Тамаш – мы ведалі, але нам не хацелася больш сустракацца з Георгіем, таму мы дапамаглі дзеду Грышку дакандыбаць да сваёй хаты. На развітанне стары сказаў:
– Дзень сёння добры выдаўся. Сам з печы злез. Пісьмо прыбыло. І вядро ёсцека...
Мы пагадзіліся.
9. ГЛУПСТВЫ
Час ішоў, а ў нас навін, лічыце, аніякіх. Пра Георгія – бы вады ў рот набралі. Хвядос з Мікітам робяць выгляд, што нічога не адбылося, маўляў, не чулі і не бачылі. Хітруны старыя. Любяць паказаць сябе камандзірамі – каб усе толькі перад імі і скакалі. Мы самі з Петрыкам маглі б скруціць дэзерціра і даставіць, куды трэба. А куды? У раён, канешне ж. Да Козырава. Ці, можа, яшчэ да каго, хто вышэй сядзіць, чым ён. Знайшлі б адрас. Але дзядзька Хвядос не дае пра Георгія нават заікнуцца. І што, цікава, яны надумаліся з ім рабіць? Можа спадцішка ад нас, хлапчукоў, хочуць яго ўзяць? А мы ж – што, павінны ў шапку спаць?
І я прапанаваў Петрыку самім арыштаваць сына Тамаша. Толькі Петрык, як заўсёды, памуляў губамі, бы конь, якому жвачка надакучыла, і махнуў рукой, а сам нават на мяне не глядзеў: ай, навошта? Каму трэба – разбяруцца... Вось такая ў яго ахвота разабрацца са здраднікам. А я збіраўся яшчэ з ім разам ваяваць. Звязаўся б. Добра, што далей размоў справы не пайшлі: вайна кончылася, капут фрыцам! Але ж адзін – таксама амаль фрыц – жыве пад самым носам у нас, а мы робім выгляд, што нічога не здарылася. Рашылі зноў нагадаць Хвядосу пра Георгія. Мо забыўся? І Мікіта таксама харош – толькі б ляпаў у кузні молатам. Хацелі прама сёння дзядзьку Хвядосу напомніць, а тут цётка Матруна ўлезла са сваімі грыбамі:
– Боўтаецеся па вуліцы, як бяздомныя. Схадзілі б у грыбы. Самі на сцежкі выбягаюць. Занятку для вас няма.
Трэба і ў грыбы збегаць, абяцаем цётцы Матруне. А самім пакуль няма калі: вунь і з Кастусём нешта трэба рабіць, зусім расперазаўся – адчувае сябе ў нашай Гуце, бы ў сябе дома: высока нос трымае, калі ходзіць, і толькі пыл пырскае з-пад чобатаў. Падумаеш, цаца! Не можа быць, каб мы з Петрыкам не здагадаліся, як цябе выкурыць ад нас. Нашто тады макацёры на плячах? Для форсу? Ага, так і прызнаемся, адразу растрэзвонім, што і як мы будзем рабіць з тым Кастусём. Прыдумаем. А то ж – і праўда! – на гулянках толькі яго чуваць гармонік і голас... І Раісу ад сябе ні на крок не адпускае...
Паўз нас прабегла Кацярына, затрымалася толькі, каб сказаць:
– Сядзіцё? Сядзіце, сядзіце, людзечкі. А я бягу. Няма мне калі з вамі бавіцца. Міколка мой з вайны вяртаецца... На шляху сядзіць, пераабуваецца... Нагу нацёр... Зараз пабягу, чамадан дапамагу яму несці... Вельмі цяжкі чамадан у яго... І чаго толькі ў ім няма! Падаруначкі дзеткам з вайны нясе. Сяргейку пілотачку і гімнасцёрачку пад ягоны акурат расточак. Галінцы сукенку ў гарошынкі вось такенечкія... – Яна зрабіла з пальцаў кружочак. – А меншанькай, Волечцы, – чаравікі... У іх яна будзе на выгане гусянятак пасвіць... І ўсім-усім цукерак... І ў паперках што, і падушачак... Сядзіць Міколка, стаміўся... Ён заступіцца, ён не дасці дзетак у крыўду... А я вось... яблычак яму нясу...
Читать дальше