– А калі ж гэта было? – цікава мне зрабілася, бо нешта пра гэта ў нашай Гуце ніхто не заікаўся нават: каб здзейсніў такое геройства Грышка, не толькі б наша вёска ведала, а і ўсе, што паблізу. Хадзіў бы і плакаў: сапсавалі гранату... сапсавалі гранату... сапсавалі гранату... І кожнаму б расказваў – як сапсавалі, калі, дзе... А то ж – маўчок.
– Ды было гэта, братка, ці то трэцяга чысла, ці то пятага ў жніўні сорак першага году... – прыгадвае стары, наморшчвае лоб. – Але што было, тое было. Грэх браць на сваю душу не буду. А пра заданне сказаць нічога не магу – было сакрэтным. Кляўся не балаболіць. Так што, арлы, даруйце...
Але ж нам цікава, колькі стары ляжаў на печы , тое самае месца грэў-лячыў. Адказ і на гэтае пытанне ў Грышкі гатовы, далёка хадзіць за ім не трэба – на языку боўтаецца:
– Лячыў, браты славяне. Што лячыў, тое лячыў. Хлусіць не буду сябрам па духу. – Дзед устаў, як заўсёды, войкаючы і ахаючы, прайшоўся па кухні туды-сюды, цяжка пераступаючы нагамі. – Бачыце? Фашыст пракляты, а! А цяпер во як надвор’е змяняецца, то і дае мне знаць кантузія. Хоць плач. Але мы не з такіх, не-е!..
– Так ужо і кантузія! – смяецца Петрык. – Таксама скажаце. Аб дрэва падрапаўся, можа, а форсу!..
– Ну, ну! – прыгразіў пальцам дзед Грышка. – За свае словы адказваю. Мне лішняй славы не трэба. Як і чужой. Ужо і касіць пара, а хіба ж замахнешся, скрыўлены калі? Факт, не.
У кузню зайшлі Хвядос і Мікіта, і ўбачыўшы тут Грышку, іх твары пазначыліся прыемнымі ўсмеш-камі. А Хвядос нават сказаў, весела і бадзёра:
– Святлей стала ў тваёй кузні, Мікіта!
Мікіта падтрымаў яго хітрасць:
– Ды бачу, бачу!
Дзед Грышка, лыпаючы вачыма, зняў шапку-аблавушку з галавы, папляваў на далонь, прыгладзіў кудзеркі на лысіне, і папытаў, ніякавеючы:
– З чаго б... ага, значыць... святлей? Не павінна б... прыкрыта... прыхінута...
Хвядос патлумачыў:
– Ад аднаго твайго з’ яўлення, Грышка.
– Дзякуй за ўвагу да маёй персоны. Прымаю.
– Выкарабкаўся? – Мікіта пачаў тузаць горан за матузок, і ён ашчэрыўся жарам.
– Х-хе! «Выкарабкаўся». Пытанне, наколькі я разумею, тычыцца мяне?
– Цябе, цябе. Хварэў жа, кажуць.
– А то я, Грышка, не ў лапцях швэндаю!
Хвядос раптам больш уважліва прыгледзіўся да старога, затрымаў на ім свой позірк, а тады паглядзеў на Мікіту:
– Пачакай-пачакай! Ты што гэта, дзед Грышка? Каму служыш?
Грышка зморшчыўся:
– Пакуль яловыя нашы справы. Таму служу толькі печы. Абвастрэнне. Старыя баявыя раны даюць пра сябе ведаць. Ныюць, калі ім нешта не па нутры. Так, так. А выпрамлюся, пачну калгасу служыць. Як і раней. Як і заўсёды.
– Грышка зубы замаўляць вялікі майстар, – усміхнуўся Мікіта. – Бачыш, як хвастом віляе. Быццам не здагадваецца, пра што ты яму намёк даў. Хітрун стары. Але нічога, нічога, дзед: без такіх, як ты, мы б пачахлі, пазызлі... Мацуйся, дзед Грышка! А шынель знімі. Хвядос тут праўду табе гаворыць. А то што ж атрымліваецца? У нашай шапцы, прытым камандзірскай...
– Камандзірскай, камандзірскай,– пацвердзіў Грышка і палапаў дрыготкімі пальцамі аблавушку.–Твая праўда. Правераная шапка: узімку добра грэе, а ўлетку спёку не падпускае да лысіны.
Мікіта ж працягваў, шморгаючы матузком і не зводзячы вачэй са старога:
– У сялянскім абутку і ў фашысцкім шынялі. Незразумела!
Грышка не на жарт натапырыўся:
– А мацерыя хіба ж вінаватая, што яна спярша не на тыя плечы была пашытая? Га? У яе ж языка не маецца, як яна за сябе заступіцца? – стары паціснуў плячыма, павадзіў галавой вакол сябе, шукаючы, мусіць жа, падтрымкі, спагады. – Ды і грэе. Хаця і лета, а касцям зызка.
– Знімі ўсё ж, – сур’ёзна сказаў на гэты раз Хвядос, – а то гляджу я на цябе, і зноў бытта немец перад вачамі стаіць. Як бяльмо... Старое прыгадваецца... Чуеш, Грышка?
– Вынудзяць, – прызнаў, здаецца, сваё паражэнне дзед Грышка. – Канфіскуюць. Вам бы толькі адымаць. Добра, угаварылі. Зніму. Але ж і табе заўважу, Хвядос: тое старое, брат, не скора забудзецца. Вельмі карані ў яго моцныя. К-хе, значыць!..
Мікіта тым часам падрыхтаваўся нешта рабіць – на ўсю моц пыхкаў жарам горан, быў ён ужо ў сваім дзіравым чорным фартушку, і неўзабаве кавалак жалеза, абхоплены вялікімі абцугамі-клешнямі, якія слухаліся ў дужых руках каваля, апынуўся ў распаленых да белага калення вуглях. І яшчэ паддаў дыхту – затузаў за ўсё той жа матузок.
– Будзем свой інвентар рабіць, – Мікіта закурыў, засунуў кавалак жалеза глыбей у вугалі. – Без яго нам нельга. Плугі, бароны трэба ў калгасе.
Читать дальше