Кацярына дастала з кашолкі галінкі, паднесла іх да твару спярша мне, а потым Петрыку.
– Смачныя яблычкі, – сказала яна і пайшла.
Пара было і нам у дарогу. Каб ніхто нічога не пытаўся, куды і навошта, узялі кошыкі, быццам па грыбы ў лес. Для прыліку. Хоць і грыбоў трэба насабіраць. Але ж тата мне гаварыў, і я хораша помніў яго словы: «За двума зайцамі, Колька, ніколі не ганіся: ніводнага не зловіш». Толькі, праўда, не такія тут ужо і зайцы, калі разабрацца. Патлумачу. У Канаве, гэта вёска побач з нашай, жыве стары Астап, а ў яго, кажуць, ёсць гармонік. Нават быццам на гарышчы ляжыць. Ці ў пуні. Псуецца толькі. Сам ён даўно ўжо не грае – стары, пальцы не слухаюцца, а нам гармонік быў самы раз. Толькі як яго выпрасіць? Упрэцца, як слон, і не ўступіць: і сам не гам, і іншым не дам. А даць яму нешта за той гармонік – не дасі: акрамя парток у нас нічога няма.
І вось мы ідзем да Астапа, спадзяемся на яго дабрыню і на цуд.
– Навучымся на гармоніку граць, тады нечага будзе рабіць у нас Кастусю! – катэгарычна заяўляе Петрык.
Я падтрымліваю яго:
– А то зусім ужо расперазаўся!
Не ведаю, як Петрык, а я ўжо бачыў сябе з гармонікам на каленях на Грышкавым бервяне, дзе ўлетку збіраецца моладзь на танцы, а ўзімку на лаве каля вядра з вадой у хаце, і ўяўляў, як пад мелодыю, што граю я на Астапавым гармоніку, кружаць хлопцы і дзяўчаты, глядзяць на мяне, падміргваюць: так і працягвай, Колька, малайчына! Мне хацелася спачатку вальс навучыцца, а там ужо як атрымаецца. З адным вальсам таксама можна пражыць. Тым больш, што Петрык хоча пачаць з «Полькі». Яго справа. Але вальс ёсць вальс – асабліва той, пра дунайскія хвалі, дужа заліхвацкі, прыгожы. Нават Кастусь калі яго грае, мне здаецца, што недзе там на вайне кружыць і мой тата, вальсуе і папраўляе адной рукой новенькую гімнасцёрку, а боты нацёртыя ваксай – шык-бляск.
Хата дзеда Астапа адразу ж за бярэзнікам, першая, і перад самымі веснічкамі мы спыніліся. Пераглянуліся. Што рабіць? Паклікаць старога ці адразу заходзіць? Усё ж Петрык паклікаў, а ў адказ – маўчанне. Зайшлі ў хату. Не вытурыць, калі і злосны будзе: мы ж свае, можна сказаць, суседзі. Але і ў хаце старога не было. Ведалі, што жыве ён адзін, а ўсе дзверы насцеж... Рашылі зноў паклікаць. Ціха. Не можа быць, каб дзед Астап куды далёка паклыпаў, мы яго ведалі – стары ён зусім, слабенькі, далёка ад жытла, канешне ж, не адважыцца тэпаць.
Ну і сапраўды, дзе ж ён, гаспадар гармоніка? Яшчэ б, мусіць, доўга ламалі мы голаў, каб з-за паркана не паказалася незнаёмая нам цётка, яна прасунула галаву ў дзірку і сказала:
– Ды ў грыбы, у грыбы пайшоў Астап. Цяпер толькі лайдак ды хворы сядзіць дома. Як вось я.
Каменьчык і ў наш агарод, атрымліваецца. Толькі не зразумелі, што з цёткай – лайдак яна ці хворая? А праўда ж, грыбы! Калі што і можам прапанаваць старому за гармонік, дык толькі іх. Гэта – ідэя! Заадно і Астапа пашукаем.
Пакрочылі. А што там крочыць – у бярэзніку ж хата Астапава, дык адразу і пачалі шукаць. Абабкі трапляліся на кожным кроку, зрэдчас крамяныя, строгія і важныя, баравікі. Іншыя грыбы мы з Петрыкам не прызнавалі. Падабаліся нам яшчэ падасінавікі, але тут, на гары, яны не раслі.
Неўзабаве грыбоў было з каптурком – што ў мяне, што ў Петрыка. Нават пашкадавалі, што малыя кашы ўзялі. А дзеда так і не знайшлі. Знайшоў ён нас. Селі мы, адпачываем, а стары тут як тут – з-за куста вылузваецца, глядзіць на нас, вачмі міргае:
– А я, прызнацца, думаў, што адзін грыбы збіраю. Маё здароўечка. Памыліўся. Ну, і што там у вас, малеча, у кашах?
Астап зазірнуў у нашы кашы, пахваліў:
– Малайцом. Адкуль жа будзеце, гвардзейцы?
– З Гуты, – адказаў Петрык.
– І чые ж? – Астап таксама сеў побач з намі.
Трэба будзе расказаць, чые мы, тады хутчэй гармонь аддасць, і хоць нашы бацькі не вялікія начальнікі, але дурной славы ў наваколлі не маюць, і гэта, рашыў я, павінна падзейнічаць на дзеда. Пра ўсе беды-напасці таксама не забыцца б. У мяне мамы няма, у Петрыка таты... Яшчэ невядома, ці вернецца і мой тата з вайны... Даўно няма вестак. І мы ўсімі гэтымі фактамі прыціснулі, здавалася, Астапа да сцяпы: гармонь нам, дзед! Стары ж, слухаючы нас, хехекаў, хітаў галавою, іншы раз твар у яго лагаднеў, а больш быў суровы і задумлівы:
– Э-ге... Так-так... Ай-яй-яй!.. Няўжо?.. Хіба?. Адкуль, здавалася б?.. І столькі на такія кволыя плечы?.. Дзе справядліваць?.. Хто скажа?.. Э-ге!..
А паднімаючыся з зямлі, сказаў:
– Трымайцеся, хлопцы.
Петрык падаў знак, каб я заводзіў гамонку пра гармонік. Пара. А то позна будзе. З дзедам, канешне ж, не з дзядзькам Хвядосам пра Георгія размаўляць, тут неяк прасцей, і я пачаў здалёк:
Читать дальше