Клаўка пабегла ў хату, дзе ўжо расцягваў мяхі гармоніка яе Слесар і рагатаў Чапуха.
За стол не пойдзем. Няхай яны там без нас весяляцца. Не будзем перашкаджаць. Чую, як Кіпцік нарэшце ўсю сваю энергію, страсць, бяду і радасць уклаў у адно слова:
– Горка-а-а!
Чым і паставіў кропку ў гэтай вясёлай гісторыі.
1984, 1998 г.г.
Антон Падканаўскi папрасiў сваiх хатнiх, каб яму перш-наперш прынеслi ў бальнiчную палату пушачку, што ляжыць у самым канцы шафкi стала. Там – чмель. «Патрымаць яго хочацца, у вочы яму, д’яблу, глянуць». Спярша ён, чмель, ляжаў у белай старэнькай матчынай хустцы, быццам похапкам завязанай на лёгенькi вузельчык...
Прабач, чмель, у цябе лёс такi... Прабач...
Было гэта яшчэ задоўга да вайны, калi Падканаўскi пражыў на гэтым свеце ўсяго нiчога. Потым, калi ён пачаў курыць, успомнiў пра чмяля i запiхнуў яго, сухога, лёгенькага i ўсё яшчэ па-ранейшаму прыгожага – з жоўтымi падпалiнамi пад крылцамi – у карабок з-пад запалак: ляжы тут, шаноўны. Яшчэ пазней, калi ў вясковую краму завезлi лампасье ў бляшанках, то, апаражнiўшы iх, дзецi шамацелi медзякамi i iншай дробнай рэштай, а дарослыя прысобiлi тыя бляшанкi, цi падушачкi, як называлi iх некаторыя, пад самасад, нiткi, iголкi i гузiкi. Антон тады ўжо рабiў у калгасе, пераклаў у адну з iх усё таго чмяля: а цяпер паляжы тут... тут табе больш прасторна.
Пакуль жыла мама, чмель увесь час ляжаў у адным месцы – у сундуку, дзе была спрасавана вопратка i розныя прасцiрадлы. Мамы даўно няма, невядома куды падзеўся i сундук, аднак Антон Падканаўскi, невысокага росту i шчуплы дзядок, добра помнiць, як яна, загнаўшы чмяля ў куточак ваконнай рамы, радавалася: «Трымай яго!.. Лавi!.. Ага, папаўся, тут!..». А тады, завязаўшы чмяля ў белую старэнькую хустачку, шчаслiва ўсмiхаючыся, гаварыла сыну: «Запомнi, Антон: калi першага чмяля, што ўвесну заляцiць, засушыць i трымаць усё жыццё ў хаце, то шчасце не абмiне цябе, будзеш багатым i шчаслiвым. На, сам схавай гэты вузельчык. Ён твой...».
Тады ж, як толькi хлопчык заснуў, яму прыснiўся сон: быццам трапiў ён у чмялiнае царства. Рудавата-жоўтыя чмялi безупынна i назойлiва гулi ў садах i на падворках, цяжка, натруджана, нiбы перагружаныя ўласнай вагой цi ежай, лёталi над галовамi людзей i хатнiх жывёлiн, над усёй зялёна-мройнай зямлёй. Велiчна i ўладарна, як гаспадары.
Якраз у той час над вёскай з’явiлiся бамбардзiроўшчыкi: спярша варожыя, потым – нашыя. З’явiлiся – i знiклi. А чмялi засталiся. I хто-нiхто з вяскоўцаў падумаў, што чмялi гэтыя, каб iм тлумна зрабiлася, наклiкалi бяду. Нiколi ж раней столькi iх не было, а тут як з сяўнi хто насыпаў, ды шырока размахнуўся – вунь iх, паразiтаў, колькi!.. Хоць ты загадай дзятве, каб тыя палавiлi iх ды знiшчылi. Толькi цi справяцца ж? Процьма iх, процьма!..
Бацька Аўгей сказаў:
– Няпрошаныя яны, таму трэба iх знiшчаць. А то, бач ты, пераўтварылiся ў самалёты... Паставiць на сваё месца iх трэба...
I вухнула першая бомба!..
На гэтым месцы i прачнуўся малы Антон. Аднак ён добра помнiў, што прачнуўся пасля таго, як пагрозлiва выгукнуў у бок таты: «Свайго чмяля я не дам знiшчаць!».
Чмяля, як i прасiў, Падканаўскаму прынеслi. Паставiлi пушачку на вечка тумбачкi, трохi пагаманiлi ды й пайшлi: спраў, кажуць, дома багата. Некалi. А стары ляжаў на спiне, талопiў вочы ў столь i збiраўся ўстаць, а як зрабiць гэта — не ведаў зусiм: у апошнi час сiлы амаль пакiнулi яго, цела зрабiлася непаслухмяным, перастаў хадзiць нават у сталоўку. Ежу прыносяць у палату.
А сёння яму край трэба ўстаць. Нядзеля, усе лёгка хворыя i гарадскiя адпрасiлiся дамоў, i ён адзiн у палаце. Самы час пагаварыць з чмялём адзiн на адзiн.
I Падканаўскi прыўзнiмаецца, прыўзнiмаецца... моршчыцца ад болю... Мацюгнуўся нат, хаця ў гэтым плане ён чалавек вытрыманы. Мацюгнуўся i, абапершыся на локаць, перакулiўся на бок, звесiў ногi... Як нi сiлiўся, аднак стаць на iх не атрымалася: добра, рашыў, будзе i так. Сядзець – не ляжаць.
– Ну, дзе ты, чмель? – дрыжачай рукой Падканаўскi ўзяў пушачку, расчынiў, дрыготкiмi пальцамi разгарнуў паперку, у якой быў сухi – страшна падумаць, як толькi збярогся! – чмель: без паперкi ён бы, вядома, распаўся на пыл, коўзаючыся ў металiчнай схованцы. – Гэта я, Антон. З-пад Канавы. Пазнаў? Не прыкiдвайся, што не... Усё ты ведаеш, усё ты помнiш... Бо – святы... А цяпер паслухай мяне, пагаварыць з табой мушу! – Даўкi камяк, што падступiўся к горлу, ён нiяк не мог праглынуць, таму ўтварылася паўза; заадно выцер i вiльгаць на вачах: – Так сказаць!... Нешта ты, чмель, не выканаў свайго прызначэння... Не, ты не падумай, што я цалкам паклаўся на цябе: чмель мне грошай заробiць i кашы нагатуе, прымець у парцiю i цяпер вось пакладзе пенсiю, каб я мог не толькi крэкнуць-кашлянуць. Каб жа! Стараўся жыць, высiльваўся, спадзеючыся i на цябе ж, вядома, а атрымаўся з усяго гэтага круглы пшык, сказаць па праўдзе. Ты паглядзi, паглядзi на мяне, на каго я падобны?.. А пачыналася ж усё так хораша... Вiдаць, там i ты падмог... А пазней не дужа стараўся, капрызiў. Што факт, тое факт. Як бы там нi было, а на цябе я моцна пакрыўджаны, чмель. Моцна-а!.. Не апраўдаў ты матчыных надзей, дарэмна яна тады злавiла цябе, а я насiўся з карабкамi-пушачкамi, як з пiсанай торбай, i ўсё жыццё, дай памяць, быў тваiм рабом. Дарэмна. I ў армiю браў, нат да яфрэйтара не даслужыўся, а вось гаўптвахту не мiнуў...
Читать дальше