Амерыканец, у адрозненне ад Кіпціка, паціснуў плячыма, здзіўляючыся:
– А ў чым, скажыце, мая віна? Для плана стараўся. Перабраў трохі. Але ж у мяне – вы ўлічыце гэта, улічыце – былі не асабістыя інтарэсы, а дзяржаўныя. Вы мне верыце?
Чапуха і Кіпцік пераглянуліся.
– Верыце мне, мужыкі?– ледзь чутна перапытаў Амерыканец.
Нарэшце Кіпцік спытаў:
– Ты, бедалага, перад намі апраўдваешся ці перад Арынавічам?
– І перад вамі, і перад ім,– удакладніў Амерыканец.
– Чапуха, сустрэнем! Ці ж першы раз адказ нам трымаць? І не ў такія пераплёты траплялі. Падмачылі, канешне, рэпутацыю...
– Рэпутацыі,– паправіў Кіпцік.
– Характарыстыкі,– удакладніў Амерыканец. – Хоць з сяла ўцякай.
Кіпцік насупіўся:
– Ты, Амерыканец, толькі б шастаў. Пільнуй свайго двара. Не бяры прыклад з тых, у каго прозвішча запазычыў...
– Чапуха!
– Яно, можа, і чапуха, але ж людзі смяюцца з нас,– крыва ўсміхнуўся Амерыканец.
Кіпцік таксама ўсміхнуўся, прыняў бадзёры выгляд:
– Паміраць – дык разам! І з музыкай, як той казаў! Што ён нам, траім, зробіць, Мішка той? Ну, палаецца. Дык мы што, лаянкі не чулі? Ну, адыме партфелі. Няхай. Няхай адымае. Даўно пара. Мы самі яму аддадзім,партфелі. З радасцю. Ахвотна. Руку падыме? А няхай паспрабуе! Я тады з яго катлеціну зраблю... зраз гарадскі! Утапчу вось у гэтую зямлю, як той недакурак! Га ?
– Мішка не такі,– сказаў Чапуха. – Чапуха. Хіба ж вы Мішку не ведаеце? Свой хлопец. Зразумее.
Амерыканец таксама пагадзіўся, што Мішка Арынавіч нічога ім тром не зробіць.
– А мы, ёлкі-палкі, нюні распусцілі,– з лёгкай вясёлай усмешкай на твары мовіў Кіпцік. – Што ж гэта мы, га? З нас трох можна сцяну скласці. Ніякі танк не праб’е. Ціха, Слесар, бачу, ідзе. Ша!
Слесар, пераступіўшы парог, разгубіўся, бо не чакаў убачыць тут столькі чалавек, таму запытаўся, лыпаючы вачыма:
– А вы... а вы чаго тут?
Кіпцік адразу прыняў важны выгляд:
– Ты ў мяне пытаеш, Слесар?
– У вас...
– Я тут гаспадар. Толькі я. У мяне пытайся, што табе трэба. Толькі ў мяне.
Слесар спытаў строга:
– Дзе мая Клаўка?
Кіпцік набраў у рот паветра, шчокі надзьмуліся, і ён ледзь-ледзь свіснуў:
– Вось гэтага, братка, я табе сказаць не магу. Хіба ж у мае гады за ёй бегаць?
Амерыканец і Чапуха засмяяліся.
– Яна ж тут, а не ты, гаспадарыць,– упэўнена сказаў Кіпціку Слесар.
– І начуе, скажаш, тут?– хлюпнуў носам Кіпцік.
– І начуе!– пацвердзіў Слесар.
Кіпцік развёў рукамі, паглядзеў на Амерыканца і Чапуху:
– Пра якую Клаўку ён гаворыць? Дзівосы!
– Пра сваю жонку,– уступліва-мякка прамовіў Слесар, і па ягоным твары можна было зразумець, што ён трапіў у становішча, якому і сам не рады, але здавацца не збіраўся.
Кіпцік уздыхнуў:
– Што ёй рабіць тут?
– Яна ж начаваць сюды ходзіць,– ускінуў бровы Слесар. – Начаваць ходзіць...
– Не, я адзін сплю,– стаяў на сваім Кіпцік.– Што, на кожную ноч сюды ходзіць?
Слесар кіўнуў:
– Ну. На кожную...
Кіпцік зарагатаў:
– Мужыкі! Сведкі! Што гэта Слесар мне амаралку прыпісвае? Мяне ж на партыйны сход выклічуць, хоць я і беспартыйны. Я тут... разумееце... перад сваёй Груняй за Мішкавых курэй яшчэ не адчытаўся, а ён мне сваю жонку падсоўвае. Га? Я ж адзін сплю! Адзін!
Аднак гэтыя словы не пераканалі Слесара, ён схапіў за каўнер Кіпціка:
– Навошта дурнем прыкідваешся, бабнік? Дзе мая Клаўдзія Сцяпанаўна? Не скажаш – задушу, як ката!..
– Не браў, не браў,не браў... – прастагнаў Кіпцік, і толькі калі за яго заступіліся Амерыканец з Чапухой, Слесар расслабіў пальцы.
Чапуха, вызваляючы Кіпціка, прамумкаў:
– Э-э-э, за што? Ды чапуха ўсё гэта...
Амерыканец жа быў больш катэгарычны:
– Нам, толькі нам даверыў Арынавіч свае партфелі! Ясна, супастат?
Кіпцік, вызваліўшыся з рук-абцугоў Слесара, з палёгкай уздыхнуў:
– Клаўкай тут і не пахла.
Слесар збегаў у хату, зазірнуў у хляўчук і шморгнуў на вуліцу.
8
Далей у лес – больш дроў. Правільна кажуць людзі. Так і ў нас атрымліваецца. Не знайсці ў гэтым клубку ні пачатку, ні канца. Што ж, няхай шукаюць нашы героі... Не будзем перашкаджаць ім.
Слесар і Клаўка спагадзя сустрэліся ў сваёй хаце і вырашылі высветліць адносіны. Муж сядзеў на табурэціку, утапіўшы твар у далонях, а жонка захінула сваёй постаццю акно.
Нарэшце Слесар падняў вочы на Клаўку:
–Што ты робіш, Клаўка? – вытрымаўшы паўзу, ён працягваў. – Людзей не сорамеешся хіба? Я ж, Клаўдзія Сцяпанаўна, іду па вуліцы да сваёй майстэрні, а яны – шу-шу-шу: глядзіце, Слесар ідзе! Той Слесар, жонка якога з садоўнікам начуе.
Читать дальше