І паехалі.
6
Можна сказць так пра гэты пост: ён створаны для таго, каб людзі бачылі, што ёсць міліцыя, што яна працуе... каб, як кажуць, карась не драмаў. Так, браткі, так. Нават дзед Міхей, збіраючыся ў бальніцу да сваёй бабкі, паглядзеў, ці ёсць затычкі ў колах, праверыў, ці ўсе спіцы. Адной, праўда, не было, аднак стары махнуў рукой: а мо і не звернуць увагі на пасту, не грузавік жа! А калі набліжаўся Міхей да вагончыка, адчуў, што хвалюецца. Во, хвароба на яго, як чалавек гэты злеплены! Ну хто ён міліцыі? Пенсіянер, бяззубы і сухі, як трэска, у чым толькі і душа трымаецца, тут і жыць засталося... А як убачыў міліцыянера каля вагончыка, затрымцелі лыткі. Стары паспачуваў шафёрам: тым і сапраўды не пазайздросціш. Гэта ж трэба мець такую моц той міліцыі, што баішся яе страшней, чым смерці. І праўда ж: скажы, што заўтра загавееш, Богу душу аддасі, і толькі паціснеш плячыма, уздыхнеш-выдыхнеш: пара дык пара. І ўсяго. А тут – лыткі трымцяць!..
Калі дзед Міхей наблізіўся да паста, сяржант Філанчук паказаў яму знак рукой: стоп! Стары паслухаўся, а сам падумаў: "Што яму, анціхрасту, трэба?" Міліцыянер загадаў пад'ехаць бліжэй. Пад'ехаў. Ні слова ні паўслова не сказаўшы, сяржант агледзеў калёсы, на якіх сядзеў, падклаўшы пад мяккае месца бярэмя сена, Міхей.
– Твой транспарт трэба, – сказаў сяржант, узяў у старога лейцы. – Адпачні пакуль, дзед.
Міхей заўпарціўся:
– Э-э-э, куды!? Мне некалі! У бальніцу еду, да бабкі сваёй. Аперацыю зрабілі ёй. Вітаміны вязу.
– Бабка пачакае, – сяржант Філанчук сядзеў ужо на месцы дзеда Міхея, а той таптаўся, нічога не разумеючы, каля калёс, атрасаючы рэшткі сена з портак. – Адпачні. Я скора. Пяць хвілін туды, пяць назад... У лес з'езджу. У туалет. А то ў нашым не павярнуцца. Не хвалюйся, стары. Пасядзі. Там, у будцы, Косцік спіць, разбудзі яго, дзед. Разбудзі, чуеш!
Дзед Міхей махнуў галавой і папярэдзіў міліцыянера, каб не замардаваў каня, бо ён для яго - само жыццё, і калі што здарыцца, крый Божа, стары такога не перажыве. Але той нічога яму не адказаў, а шлёгнуў каню па распаранай спіне лазінкай, што тая ажно пераламілася:
– Нэ-э-э!
Косцік, калі яго пакратаў за рукаў Міхей, злёгку здрыгануўся, але не адразу расплюшчыў вочы, а калі глянуў на старога, уставаць не спяшаўся: прыходзіў у сябе, разбіраўся, дзе ён і што ён. Ачуняў нарэшце. Лыпнуў вачыма, ускочыў:
– Выпіць хочаш?
– Вып'ю, – пагадзіўся стары. – Тым больш, што калі баба з бальніцы лаяцца пачне, скажу, што з міліцыянерам піў. Даруе. Гэта з Цімкам ці з суседам Язэпам калі клюкнем, то яна на дыбкі, бывае, становіцца. А з вамі даруе, акурат так. Яшчэ і пахваліць: глядзі ты, і міліцыянер цябе ўважыў! Не абы хто!
Косцік нічога не гаварыў, толькі пазяхаў, шырока разяўляючы рот і дэманструючы белыя, як часнок, зубы, корпаўся ў невялічкай шафцы – неўзабаве на століку з'явілася пачатая пляшка гарэлкі, дзве чаркі, цыбуліна, некалькі яек і скрылікаў сала. Забулькаў у чаркі, загадаў Міхею:
– Куляй, дзед.
– Кульну, – стары, не раздумваючы асабліва, выпіў гарэлку – яна аказалася не з крамы, а была самаробная.
– Пайшла? – праглынуўшы пітво, папытаў у старога міліцыянер.
– Як брахня па сялу... Фу-у! Добрая. І сала смачнае.
– На халяву, дзед, і воцат салодкі. Яшчэ будзеш?
– Доза, доза! – замахаў рукамі на міліцыянера Косціка Міхей. – І за гэтае дзякуй. Колькі і жыву, а з міліцыянерамі п'ю першы раз. Не падпускалі блізка. А на канцы веку, бач ты, і пашэнціла, ядры тваю ў корань! Самасадзіку не пагрэбуеш майго, га?
– Тут не чадзі, – толькі і сказаў Косцік, выйшаў на ганачак, павагаўся на мысках чаравікаў, прычыніў за Міхеем дзверы, які прасунуўся паўзбоч яго, і больш не ўважыў таго ніводным словам.
Маўчаў і стары, толькі раз-пораз паглядаў на лес, дзе колькі часу назад знік сяржант на ягоным кані...
Пакуль не вяртаецца.
Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?
7
У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі - у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль – бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў – не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення – прыемнага, трэба разумець – ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.
Читать дальше