– Хто гэта ў вас тут з гораду вярнуўся? – спытаўся нясмела, крактануў, паправіў кепку Андрэй.
Вольга на імгненне задумалася:
– З гораду, кажаш? Дык.. прыязджаюць. І вяртаюцца. А навошта табе?
– Ета ж Панкрат нешта кажа, бытта баба майго веку...
– Ай-во! – перабіла Вольга, пляснула ў ладкі. – Калі пра жанчын размова, то іншая справа. Зараз, зараз... Ага. Успомніла. І добра, дзядзька, што надумаўся... Не век жа аднаму. Яе таксама Вольгай зваць.
– Прыгожае імя.
– Я нешта яе, дзядзька, і не помню ў дзеўках. Калі ж даўно, дужа даўно з’ехала, я тады яшчэ ў Іскані, відаць, не жыла. А вось толькі вярнулася. Пачакай, я памыю рукі і пераапрануся.
Потым яны пайшлі ў другі канец вёскі, дзе крыху наводшыбе стаяла маленькая, непрывабная хатка.
– Тут яна жыве, дзядзька, – паказала Вольга. Яна ішла наперадзе, а дзядзька Андрэй каціў крыху ззаду веласіпед.
Стары няўклюдна патаптаўся перад ганкам, затым непамерна доўга прыстасоўваў веласіпед да нізенькага і шчарбатага парканчыка, папраўляў яго і так і сяк, а сам краем вуха слухаў жаночыя галасы.
–... ён дзядзька мой... працавіты... адумны... гаспадар... – паспявае ўхапіць Андрэй, стаіць яшчэ колькі на ганку, а тады рашае, што трэба ўсё ж заходзіць, паказацца, раз наважыўся. Трымціць, адчувае, у руках і нагах, халадок прабег усяродку. Трэба заходзіць! Як бы толькі не разгубіцца, як бы гэта зрабіць так, каб не апраставалосіцца, а паказацца жанчыне з лепшага боку. Фраерам.
«Нічогая баба, – падумаў стары адразу, як толькі сустрэўся з жанчынай вачамі, і чамусьці спалохаўся: дужа ж падалася яна гарадской. – Ручкі вунь... маленькія, бялюткія-чысцюткія. Твар – такі ж белы... Не, не туды, мусіць, я ўсё ж зацёгся. Не туды. Паслухаўся гэтага Панкрата, дурань!»
Хоць і залівалася Вольга перад другой Вольгай, бы закаханы салавейка ў вечаровым садзе, ледзь не ангельскую характарыстыку выдала яна свайму дзядзьку, але заручын – калі можна так сказаць – не адбылося.
– Ой, дзякуй вам, людзі добрыя, за ўвагу да мяне, – сказала Вольга-гарадская. – І праўда, цяжка мне адной у вёсцы. Трэба б было і рашыцца пераехаць да цябе, дзядзька, але ж ты вось не можаш адмовіцца ад сваёй гаспадаркі? Не можаш. А я ж, добры чалавек, не стану табе памочніцай. Хворая я жанчына. Цяжкае падымаць урачы забаранілі. Вось. Дык навошта табе лялька ў хаце? Навошта, Андрэй Іванавіч?
– Глядзі, цётка, – ціха прамовіла Вольга-пляменніца, і стары зусім павесялеў: правільна, глядзі.
І сам сказаў:
– Твая справа, маладзіца. Сілком любы не будзеш. Толькі як ты адна? Хоць і жывеш жа...
– Паеду. Пералетую і ў Піцер зноўку падамся. З дачкой буду жыць. Цяжка мне і з дачкой таксама, бо зяць – ну яго! – выпівае. Добра выпівае. Але трэба ехаць. Адвыкла ад вёскі. Не ўцягнуся.
І вось цяпер глядзіць Андрэй на братаў падворак. Год мінуў з тае пары, як сватаўся ён у Іскані, не ведае нават, ці паехала ўсё ж у горад тая пульхная, бы аладка, з белымі пальчыкамі Вольга, а ён усё адзін. Адзін.
Глядзіць і глядзіць Андрэй у акно. Успамінае брата, Варку, без якой жыве – во час ляціць! – хутка тры гады. Пахаваў ён жонку побач з Якавам, не сказхаць, каб зусім побач, але недалёка. Мясціцца, лічыць, трэба блізка сваім. Хоць на гэтым свеце, хоць на тым.
На двор заязждае падвода. Спярша стары заўважае сумёт сена, які сунецца з боку вуліцы, пазней бачыць каня і чалавека, ён ступае побач з возам,а потым забягае наперад, кідае лейцы на распараную, пэўна ж, спіну каня. У тым чалавеку пазнае Васіля, старэйшага ўнука брата Якава. Унук жыве ў горадзе, у Гомелі, а на выхадныя часцяком наведваецца ў вёску. Такі ж шустры, як і Мішка.
«Сенам запасаюцца. Трэба памагчы. А то складуць стажок, што глядзець сорамна будзе. Свае ж... Пайду, вяршыць буду»,– рашае Андрэй, бярэ свае вілы – на доўгім цаўі, з чатырма варсачамі-зубамі, адчыняе веснічкі на агарод, нетаропка тэпае на братаў падворак.
Васіль паехаў другі раз, а Мішка з Зінай укладваюць сена.
– Бог у помач,– кажа стары, залазіць на стажок, Мішка моўчкі саступае і ўжо кідае сена віламі, а Зіна ідзе ў хату, там у яе ёсць чым заняцца. – У Рацэ накасіў?
– У Рацэ накосіш, – пачынае скардзіцца Мішка. – Там адарвеш. Ад майкі рукаў. Купіў на лузе. Па дзяшоўцы. Цяпер вазі толькі. А ў Рацэ калгас ўсё захамутаў. Ты што, не чуў?
– Не, не чуў, – прызнаецца стары. – Дужа добрае сена ў Рацэ. Пахне хораша. Шапаціць. Эх, і сена! Сам еў бы.
– А гэтае што – не сена? – Мішка не церпіць, ажно, мусіць, дыханне запірае, калі хто не цэніць ягонай разваротлівасці, гаспадарчай стрункі. – Я, дзядзька, ды каб прашляпіў!
Читать дальше