Дахаты Ягор тупаў усё ж у добрым настроі. Быццам і галава ўжо не балела. Быццам і дыхалася лягчэй. Ён забыўся на таблеткі, што былі ў сашчэпленай жмені, а калі расслабіў яе, тыя слізганулі на зямлю – як не пад самыя ногі.
А фельчар так нічога і не сказаў Ягору. Толькі доўга глядзеў і глядзеў яму ўслед – нават калі ўжо не было відаць Сіноптыка на вясковай вуліцы.
З акна старому Андрэю добра бачыцца пляц брата Якава. Часта глядзіць ён на агарод, успамінае брата, і здаецца, што той вось-вось выйдзе з веснічак, высокі, хударлявы, крыху згорблены, і пачне штосьці перакладаць з месца на месца, перабіраць сухімі пальцамі галінкі дрэў, а то будзе доўга дзівіцца на неба, блакітнае і бясхмарнае, пакуль, мусіць, не заклякне шыя ці не прападзе з вачэй апошні клін журавоў...
Цяпер Якаў ужо не выходзіць на падворак. Даўно не выходзіць. Старэйшы ў сям’і, ён і пайшоў першы. Пайшоў цяжка, гаротна: знайшлі яго пад яблыняй ранічкай – паралюш разбіў правы бок. Сын Мішка з жонкай Зінай перанеслі яго ў хату, асцярожна паклалі на ложак, на якім і праляжаў Якаў больш як год. Людзі ўздыхалі, шкадуючы: «Добраму б чалавеку і памерці добра, лёгка. Але не даў Бог, не даў...»
Глядзіць і глядзіць Андрэй на братаў падворак. Сёння ходзіць там Мішка. Ён ростам крыху ніжэйшы за бацьку. І не такі памяркоўны, разважлівы, хоць тварам – выліты Якаў. Характар жа пераняў ад маткі, Пелагеі. Хвіліну назад стаяў тут – няма, усё бяжком ды бяжком. Дзе трэба і не трэба нос свой усуне. Але гаспадар не горшы за бацьку, да чаго рука можа дабрацца, – там поўны парадак, уходжана, дагледжана.
І ўсё ж Андрэй, колькі ні глядзіць на братаў падворак, бачыць на ім не Мішку, а – Якава. Асабліва ў апошнія дні, калі і сам пачынаў часцей і часцей падумваць, што трэба будзе, як ні адганяй думкі тыя трывожныя, некалі і яму... «Як не круці, а трэба памярці».І так Якава на пяць гадоў перажыў. За ім нарадзіўся ён, Андрэй. Матруна, Хведар, Прося – маладзейшыя. Не намнога, а ўсё ж. «Твая чарга, Андрэй... Ты – наступны... Рыхтуйся, Андрэй!» Ён сядзеў падоўгу перад акном, глядзеў – да слёз уваччу – на братаў падворак, і было горка яму, вельмі горка...
Іншы раз заходзіў сусед Панкрат, закурваў і казаў праз дым, пазіраючы крадком таксама на агарод, па якім хадзіў Мішка з віламі-варсачамі.
– Вэн ета, Андрэй, зусім зачах ты. Што лісце падсоўнуха. Трымайся, суседзе. Трымайся. Прывядзі ў хату маладзіцу, мо акрыяеш ля яе боку? Га? І акрыяеш, чаго ж. Ды і што гэта значыцца, калі адзін мужык у такой хароміне жыве? Гіблая справа. Адзін не сагрэеш такое жытло. Аднаму кепска. Чыгункі вымай з печы, а іх жа трэба туды паставіць, а каб паставіць – нешта ў іх і пакласі належыць, а каб тое пакласці, трэба схадзіць, і не раз, у склеп. Закружышся. Трымаеш худобу? – пытаўся Панкрат, хоць і ведаў, што Андрэй як вёў гаспадарку пры нябожчыцы Варцы, так і вядзе.
– Трымаю, – кіўнуў Андрэй. – А як жа пражывеш у нас без скваркі? У сына браць? Не прывык, не-е. Хоць Міця і не пашкадуе. Няхай яны, дзеці, самі па сабе, а я – сам па сабе. Цягну вось патрохі, як бачыш...
– Цягні то цягні, але надарвешся, сусед. Надарвешся. Не малады ж. Годы,брат! Годы!
Андрэй насупіўся:
– Нешта ты, Панкрат, паніхіду па мне спраўляеш? Ці мне прывыкаць? Як-небудзь агораю...
– Ета правільна: «як-небудзь». А ты прывёў бы маладзічку, глядзіш, і твой век падоўжыўся б. Там вэн у Скані нейкая баба з гораду вярнулася. Бытта нават з самога Санкт-Пецярбургу. Адна. Прыгожая, рухавая, што табе яшчэ трэба? Якой трасцы? Думаеш, лёгка ёй пасля гораду? Ёсцека лісапета, ды вазьмі і адскоч. Мо і згаворыцеся?
Андрэй маўчаў. Думаў. Не адзін Панкрат, калі папраўдзе, раіць яму прывесці ў хату гаспадыню. У Іскань, значыць, ехаць? Вёска гэтая хоць і ў чатырох кіламетрах ад Гуты, а ўсё ж другая вобласць. Магілёўская. Ды і ці варта ехаць? У сваёй хапае ўдоў, праз двор, лічы, усё адна ды адна... Андрэй перабіраў у памяці, хто б мог стаць гаспадыняй у ягоным жытле, і дзівіўся: «Вось і багата ўдоў... Вось і багата... Якую маладзіцу ні вазьмі, да кожнай сваяцкай ніткай прывязаны. Э не, трэба ехаць. Трэба».
У Іскані спярша зайшоў да Вольгі, старэйшай дачкі Якава. Яна працавала там настаўніцай у васьмігодцы, гадоў колькі была на пенсіі, і Андрэй стрэўся з пляменніцай на гародчыку. Калі на дзвярах замок, дык дзе ж яе было шукаць?
Андрэй сеў на табурэт – летам у садзе як без яго – доўга разглядваў, што і як тут расце, пахваліў Вольгу за парадак у агародзе, а потым толькі паёрзаўшы на табурэце, асмеліўся прызнацца, што за справа прывяла яго ў іхнюю вёску.
Читать дальше