— Той анёл, што ў скляпенні? — удакладніў антыквар. — Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы… А то важдаліся, далікатнічалі… — апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
— Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, — радасна азваўся чырванаморды.
— Адпусціце яго, — загадала «прынцэса».
Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы — першы крок да згоды… З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» — яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
— Гаспадыня, выкапваць трэба, — азваўся адзін з наёмнікаў. Яго падтрымаў антыквар:
— У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя…
Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
— Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала… А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
— Падбярыце, які з іх ад скляпення…
За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла…
— Вы ўсё-ткі ім сказалі…
Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
— Там нічога няма.
Я са здзіўленнем глядзела на ягоны спакойны твар.
— Адкуль вы ведаеце?
Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма… Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
— Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім. Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення.
— І вы ўсё ведалі?
— Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся — аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце — анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры — нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
— І вы не сказалі мне раней?..
— А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі — можа сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. І ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
Я працягнула крыж Вінцуку:
— Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
— Паглядзім…
Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
— Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі — эгаісты.
Читать дальше