— Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо… А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?
— Я нічога пра цябе не расказваў.
— Я не пра міліцыянтаў,— што яны могуць, а пра тых… крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.
— Віншую.
— І не трэба намякаць, што я — сцерва, а ты — святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў… Нават не размаўляў са мною. І вось, бачыш, чаго дабіўся — сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць — дык і рады. Але цяпер хоць паслухай… Таму што я больш прапаноўваць не буду.
Вера загаварыла ціха і горача:
— У цябе зараз ёсць шанец. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з'едзем разам за мяжу. Я — не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж — будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. І хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне — толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся… І мы з табой з'едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, — у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі… Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой…
Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава… Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.
— Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі настругаюць. І цябе, і тваю… А я — з усёй душой…
— Бедная, бедная Віта, — Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. — Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.
— Усё! І цябе куплю з вантробамі, і гэта куплю, і гэта… — пачуўся гук разбітага посуду. «Прынцэса» відавочна вырашыла спагнаць раздражненне на цудкоўскай калекцыі.
— Асцярожней, Вера Сцяпанаўна, гэта ўсё музейныя экспанаты, за захаванасць якіх я адказваю.
Відаць, Вінцук затрымаў яе руку, таму што «прынцэса» зашыпела ад злосці:
— Чапаць мяне!.. Паскуда! Хопіць здзекавацца, душу маю даставаць. Зверху ўніз паглядае, прынц! Ну, я цябе ўтаймую, як некалі сваю любімую аўчарку Бэтсі… Яна таксама некалі на мяне гыркала, а цяпер ногі мне ліжа. Дзімыч! Паша!
Целаахоўнікі кінуліся на вокліч гаспадыні. Пачуўся страшэнны грукат, і адзін з іх чамусьці адразу вылецеў праз дзверы назад, ударыўся аб старажытную ступу і з лаянкай зноў рынуўся ў бойку.
«Прынцэса» верашчала:
— За што я вам грошы плачу! Слабакі!
Антыквар непадалёку ад мяне спалохана прыціснуўся да сцяны. У залу прабег трэці «хлопчык», той, чырванаморды, відаць, выкліканы з вуліцы. Ну чаму гэты княскі дом стаіць наводшыбе! Каб хоць трохі бліжэй да жытла — такі вэрхал абавязкова б нехта пачуў… Зноў грукат, глухія ўдары, лаянка, вось быццам бы нехта ўпаў. Раптам пачуўся страшны хрыплы крык-стогн… Вінцук! Я ўскочыла — антыквар кінуўся да мяне з воклічам: «Сядзець!», але не паспеў: я ўварвалася ў залу… Вінцук ніцма ляжаў на падлозе. Чырванаморды ўпіраўся каленам у ягоную спіну і за валасы прыпадымаў яго твар ад падлогі, двое другіх выкручвалі вартаўніку рукі… А «прынцэса» стаяла перад ім і тыцкала ў твар вострым носам серабрыстага боціка:
— На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
— Мадам захапляецца садамазахізмам? — я проста кіпела. — Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае…
Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з'едлівы тон.
— Яшчэ адна «вумная»… Прыгод шукае на сваю… (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
— Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
— Крыж сапраўды існуе, — цвёрда сказаў Вінцук. — Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа…
Читать дальше