Пракрычала ад варотцаў:
— У вас усё ў парадку?
Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў.
— Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру… Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі… І ведаў, што гэта толькі мары. І вось — вы…
Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася.
Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна:
— Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю.
І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана:
— Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І… сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам.
— Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе!
— Вы проста іпахондрык! — крычала я. — Вы і з карцінамі сваімі так — нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена — не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру — вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
— Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
— А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? — абуралася я. — Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва — служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
— Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства — цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» — і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі — бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы — проста мармуровы анёл без сэрца.
— Што?! Гэта я — без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Читать дальше