Тамаш. Няхай дапамагае вам Езус Хрыстус і Матка Боска! А я праводжу вас да ваколіцы, пане Завальня.
Завальня і Тамаш знікаюць за дзвярыма. З свайго пакоя выходзіць звар'яцелы гаспадар маёнтка, зацкавана азіраючыся. Цяжка пазнаць у гэтым хворым, разгубленым чалавеку ранейшага самаўпэўненага і жорсткага пана Альберта .
Альберт. Бачыце слёзы на маіх вачах? Іх вы раней ніколі не бачылі, вось якая перамена са мною. Цяпер іншыя маю погляды: тады б чалавек мог зрабіцца шчаслівым, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога б не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце. Распавёў бы вам шмат, але баюся, бачыце: мухі ўсюды вакол нас лётаюць. Гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае акно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А вы не зважалі, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу самотны ў сваім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іхнія размаітае формы: адны круглыя, шырокія, з крывымі плямамі, другія — сухія з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. I ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва. Мухі, мухі, паўсюль гэтыя мухі... (Змаўкае.)
Пад час маналога пана Альберта дом ахутвае паўзмрок, з усіх дзвярэй і акон у вітальню набіваюцца прывіды, у якіх няцяжка пазнаць удзельнікаў вешчага сну Амеліі, а таксама нябожчыкаў, пачвараў і нават Белую Сароку і Чарнакніжніка (зрэшты, апошнія не выдзяляюцца з агульнага натоўпу, а Белая Сарока да таго ж не выглядае прыгожай і велічнай) .
(Сядае на падлогу.) Сніўся мне дзіўны сон: бачыў я Амелію, быццам пераходзілі мы з ёй праз нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі нам шлях, нібыта хацелі ўтнуць. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес Амелія, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішла, журботная, сярод нейкіх руінаў.
З'яўляецца душа Амеліі, бязважкая і светлая .
Я ўбачыў недалёка ад дарогі яшчэ нейкіх жахлівых звяроў і закрычаў: «Амелія, давай вернемся дахаты. Нас напаткала цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». Яна адказала мне, плачучы...
Амелія. О, доўгая і страшная будзе ноч! (Становіцца за Альбертам, кладзе рукі яму не плечы.) Хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца і разгоняць змрок. Гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзь ад мяне.
На авансцэну выходзяць шляхціц Завальня і Плачка. Не, гэта толькі а к ц ё ры, якія іх ігралі. Бо сам спектакль скончыўся. Акцёры чытаюць «Малітву за Беларусь», і па меры чытання святло ўсё больш разліваецца па сцэне, адсоўваючы змрок і жудасныя прывіды ў самы куток вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна.
Акцёр. Божа ўсемагутны, адхіні напасці ад Бацькаўшчыны нашае Беларусі, захавай на вякі вечныя край вольным, зямлю плоднай, як маці вагітная, паветра чыстым, ваду здаровай, нетры непарушанымі, каб цешылася з ласкі Твае ўсё жывое: і чалавек, і птушка, і жывёліна, і рыба, і малая казурка.
Акцёрка. Уладару Нябесны, дабраслаў на еднасць і ўзаемадапамогу люд беларускі ў кожным месцы зямлі Тваёй, накіруй на шлях дабра і справядлівасці, спагады да блізкіх і далёкіх нашых.
Акцёр. Захавай ад варожага ўціску, вайны, голаду, мору, агню пякельнага, патопу, чорнае д'ябальскае сілы, а таксама ад брацкае нязгоды.
Акцёрка. Памажы нам захаваць у сэрцах веру нашую і славіць Святое імя Тваё на святой мове нашай роднай беларускай.
Акцёр. Дай спазнаць літасць Тваю, выбач нам грахі нашыя: зласлівасць і гультайства, распусту і хцівасць, а роўна ж і абыякавасць да лёсу Беларусі і да гора людскога.
Акцёрка. Адвядзі нас ад спакусы здрады і нявернасці, крывой прысягі, слоў аблудных і іншых учынкаў, што губяць душы нашыя і нясуць сорам Краю нашаму.
Акцёр. Сцеражы нас, Божа, ад грэху халуйства, ад прыніжэння годнасці Бацькаўшчыны і нашага народа беларускага.
Акцёрка. Не карай нас бяспамяцтвам і не дай забыцца святое мовы нашае беларускае, гісторыі, традыцыяў нашых, а дай сілы і шчырасці з адданай любоўю і пашанаю прымнажаць сцрадвечнае і высакароднае, што стварылі для нас продкі нашыя.
Акцёр. Божа магутны, Божа літасцівы, пашлі нам сілы і цярпенне ў стараннях нашых аб росквіце і волі Бацькаўшчыны нашай і дай нам бязмерную любоў, каб мы бясконца любілі святую Беларусь, і захавай яе нам на векі вечныя.
Читать дальше