Ніхто не паварухнуўся, усе маўчалі. Здавалася, нібы па гэтай хаце, такой спакойнай, цёплай і люднай, праплыў пануры прывід з акрываўленай спіною. Мікула, нарэшце, выпрастаў плечы, пастукаў люлькай аб край стала, вытрасаючы попел, працягнуў руку па грошы, якія сын, прывёзшы з кірмашу, палажыў на стол.
— Правільна, — сказаў стары. — Так з кожным злыднем трэба рабіць. Няхай не сваволяць; чужога не чапаюць, нявіннай крыві не марнуюць, бо так рабіць забараніў сам пан Бог Найвышэйшы, а ўсім нявінным людзям павінна быць абарона ад крыўды і несправядлівасці, павінна быць бяспека. Годзе!
Ён засунуў пад кашулю некалькі памятых асігнацыяў, абвёў сыноў, нявестак, дачку і ўнўкаў сваімі бліскучымі вачыма, і позірк яго стаў суровы і цвёрды. Высокі лоб перарэзалі глыбокія маршчыны. Увесь ён, здавалася, быў пранізаны адной нявыказанай думкай, што калі б хто-небудзь з тых, на каго ён глядзеў, узышоў на такі ганебны шлях, дык ён, Мікула, першы і няўмольны апусціў бы на яго вось гэтую вялікую, жылістую, нібы з бронзы выкаваную, руку...
— Годзе! — сказаў ён і працягнуў руку па капшук з тытунём.
Усе маўчалі, бо ведалі, што калі ўжо стары сказаў гэтае слова, то ўсе спрэчкі і справы, як сямейныя, так і іншыя, лічацца поўнасцю вырашанымі.
Аляксей прысланіў пугу да сцяны, падышоў да жонкі і, нахіліўшыся, адной рукой гладзіў яе па плячах, а пальцам другой рукі вадзіў то па сонным тварыку, то па чырвонай шапцы на галоўцы немаўляці. Бондар правёў гэблікам па недагабляваным зубе ад бараны; затарахцеў Ганульчын калаўрот; гаспадыня даставала з печы чыгун з гарачай вадой...
Рыпнулі дзверы, у хату спачатку ўварваўся з брэхам кудлататы сабака, і неўзабаве з парога пачулася прывітанне:
— Хай будзе пахвалёны!
Голас быў нізкі, хрыплы, чалавек дыхаў цяжка.
— На векі! — адказалі прысутныя.
Мікула, прысланіўшы рукою вочы, пазіраў на дзверы; гаспадыня адвярнулася ад агню, застыў бондараў гэблік, спыніўся Ганульчын калаўрот.
— Пан гаспадар і пані гаспадыня, — гаварыў з парога нізкі і хрыплы голас, — я падарожны, ласкі вашай прашу. Дазвольце гадзінку пасядзець у цёплай хаце. Пагрэюся і далей пайду... Не надакучу вам.
— Калі ласка! Уваходзьце і пасядзіце, — адказаў стары.
— Чаму ж нельга? Уваходзьце, калі ласка, пагрэйцеся, — ветліва запрасіла гаспадыня.
Чалавек ступіў наперад, у шырокую, асветленую агнём паласу. Гэта быў рослы, плячысты мужчына, аднак вельмі худы. На ім былі грубыя порткі, засунутыя ў боты, і сурдут з даволі тонкага сукна, моцна парваны на адным плячы. Вопратка гэтая не надта падыходзіла для падарожжа ў завірушную зімовую ноч. І таму, можа, доўгі касцісты твар чалавека быў бледны, падобны на тонкую жаўтлявую паперу. Таксама падобны на пакамечаную паперу быў і высокі, з залысінамі лоб, над якім блішчалі рыжаватыя валасы. Рыжаватыя вусы прыкрывалі тонкія вусны; прадаўгаватыя вочы адлівалі такім блакітам, што здалёк прыцягвалі да сябе ўвагу. Быстрым позіркам ён акінуў усё ў хаце.
— Сядайце, калі ласка, адпачніце! — не адыходзячыся ад печы, сказала гаспадыня. — Ясік, — паклікала яна сына, — падай пану зэдлік.
Яна назвала яго панам, бо на ім быў сурдут, і хоць з парога чалавек загаварыў на мове, на якой гаварылі ў гэтай хаце, адчувалася, што звычайна ён ёю не карыстаўся.
Госць сеў на зэдліку, паставіў паміж каленяў тоўсты, з жалезным наканечнікам кій і пачаў расціраць вялікія, чырвоныя, з агрубелымі пальцамі далоні. Прыўзняўшы галаву, ён усміхнуўся, і ўсмешка гэтая, хоць і вясёлая, здавалася недарэчнай.
— Ой, холадна, холадна... — заенчыў. — І голадна! — дадаў, аднак жартаўлівая ўсмешка не сышла з яго твару. Можна было падумаць, што наракае ён жартам.
— Вецер сёння такі, што не дай табе Божа, — сказаў Аляксей.
— Хочаце есці? — спытаўся бондар, адарваўшыся ад работы і з цікаўнасцю разглядаючы госця.
Той зноў пачаў расціраць рукі:
— З'еў бы, вядома з'еў бы, калі б што было, але нічога з сабою ў дарогу не ўзяў...
Ён пасміхаўся весела, нібы жартаўнік, што хоча развесяліць кампанію і сваёй весялосцю заваяваць яе прыхільнасць, але яго хрыпаты голас рыпеў, як непадмазанае кола, а вочы прагна ўглядаліся ў печ.
— Два дні ў дарозе... — зноў загаварыў госць. — Ды дзе там!.. Памяць мая ў галаве замерзла, ці што? Ужо два тыдні ў дарозе... Іду вось, іду ды шукаю, чаго не згубіў, і невядома толькі, ці знайду... Ха, ха, ха!
Гаварыў ён голасна, яшчэ больш голасна смяяўся. Кій высунуўся з-паміж каленяў і ўпаў. Чалавек вельмі ж хутка і спраўна нахіліўся і падняў яго.
Читать дальше