Адам Юр’евіч не глядзеў на яго, глядзеў на сваю пышную і прыгожую бараду. Ніводнага сівога валаска не было ў ёй. Бацька быў не тое, што сын, бацька быў дубам. Ён павінен быў сыну сказаць іншае, але не мог гэтага сказаць.
— Пры развітанні заўсёды павінна быць надзея,— сказаў бацька.
Скора пачуўся званок. Бацька, развітваючыся, пацалаваў у лоб. А калі выйшаў на перон, спыніўся, але не каля яго вагона, а воддаль. З твару споўз выраз насцярожанай уважлівасці, на твары была непрыкрытая роспач. Міма спяшаліся насілынчыкі, чуліся апошнія словы, якімі абменьваюцца звычайна на вакзалах, жандары і чыгуначнікі напоўнілі перон. Але ўсё гэта ішло паўз яго ўвагу. Усё гэта нібы адбывалася недзе далёка ад яго, ад яго свядомасці.
— Сынка праважаеце?
Гэта быў як-ніяк саслужывец — бацюшка, ліцэйскі настаўнік. Прыйшлося адказваць.
— Лячыцца паехаў?
— Так, лячыцца,— сказаў і адчуў, што сорам і крыўда пякучым комам слёз збіраюцца ў горле. Але што яму скажаш? Хіба ён, свяшчэннік, зразумее, што сын паехаў і не на вайну, і не на курорт, а туды, дзе ніцыя вербы, ціхія люстраныя рэкі, жоўты пясочак на беразе, на якім ледзь вільготныя сляды... туды, дзе віецца гадзюка — калючы дрот, цела зямлі парэзана акопамі і траншэямі... дзе цяжка і страшна здаровым, а не такім, як яго сын. Не, не зразумее ён гэтага, і не трэба аб гэтым гаварыць.
Поезд набаўляе скорасці. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Вось дама ў чорным адзенні, чорная вуаль [21] Вуаль — лёгкая празрыстая тканіна.
апушчана на твар. А па ім хто-небудзь надзене жалобную вуаль? Вось шыракаплечы, шырокабароды, шыракатвары чалавек гадоў пяцідзесяці. Ад яго пахне віном. Твар чырвоны, задаволены, надта здаровы. Мусіць, бычынае сэрца і такія ж бычыныя нервы. Гэтаму вайна на руку. Далей — чыноўнік, пенснэ, форменная тужурка, нізкім вожыкам падрэзаныя валасы і дагледжаныя бачкі. Бязлікая асоба, для карыкатур у «Сатырыкон» [22] «Сатырыкон» — штотыднёвы часопіс сатыры і гумару ліберальна-буржуазнага кірунку; выдаваўся ў 1908—1914 гг.
. Далей — сям’я з трох чалавек, дробныя землеўласнікі або заможныя мяшчане. Яны — маленькі кругленькі муж, вежападобная жонка ў капелюшы, што нагадвае індыйскую пагаду, і дачка, маленькая дзяўчынка гадоў васьмі з чысценькім прыгожым тварыкам, не падобным ні на матчын, ні на бацькоўскі. Нягледзячы на тое, што поезд ідзе якую-небудзь гадзіну, ужо расклалі пакуначкі, торбачкі, скрыначкі са смажаным, вараным, печаным і вячэраюць, ці не, падвячоркваюць. Ва ўсіх вельмі добрыя зубы і надта добры апетыт.
— ...а салдацікі дзякуюць яго благароддзе,— чуецца з канца вагона павольнае апавяданне пра тое, як нейкая важная персона наведала шпіталь. У голасе — слодыч, замілаванне, голас дрыжыць слязой.
І — ноч. І не можа Багдановіч заснуць. Нічога не баліць, нават лёгка дыхаць, і думак асабліва цяжкіх ці складаных няма, і вагон пагойдвае досыць рытмічна, а спаць не можа. Што замінае, што непакоіць?
— ...генерал не бярэ тую страву, якую яму на талерцы паднеслі, а ўзяў лыжку і ў бачок палез самаўласна, у бачок, разумееце? — цячэ замілаваны галасок, павольна, разважліва.
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў —
Яны ж мне каменні давалі...
раптам праносяцца ў думках радкі старога верша, і пасля іх грукат вагонных колаў на рэйкавых стыках робіцца больш выразны, больш настойлівы. Не, яму не заснуць, гэта ясна. Калі б ён курыў, ён бы выйшаў у тамбур, а так ісці няма чаго. Але ўслед за гэтай думкай другая прымушае яго ўзняцца, накінуць на плечы шынель і выйсці з вагона. Соннае мармытанне і храп засталіся за дзвярыма. Цячэнне паветра ад шпаркага руху поезда было, як вецер. І ізноў у памяці ўзнік вобраз Паўла Курнатоўскага, цемра, дробны дождж, хатка на беразе ракі і вецер. Аб чым тады ішла гутарка? Аб тым, што вайна — а яна тады толькі пачалася — канчаткова аголіць усе супярэчнасці капіталістычнага грамадства, што цяжар яе ляжа на плечы пралетарыяў і незаможнага сялянства, што на вогнішчы яе будуць грэць рукі прамыслоўцы, банкіры, купцы. Вецер быў надта рэзкі. Ён спрабаваў павярнуць да яго твар, але лёгкім не хапіла паветра, закашляўся, і кашаль суняць удалося толькі дома, праз гадзіны дзве.
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.
Безумоўна, гэты цыкл вершаў «З песень беларускага мужыка» — лепшае, што ім напісана. У новай кніжцы ён збярэ іх у адно, і яны, з’яднаныя адзінай выпакутаванай думкай, загучаць з новай сілай... Ён, калі думае аб іх, не адчувае сябе «эмігрантам», ён нібы бачыць сваю радзіму, дыхае яе паветрам, падстаўляе твар сонцу яе...
Читать дальше