А там... Орды Ага-Магамет-Хана, разбэшчаныя рабаўніцтвам орды, ляцелі на Грузію, на старадаўні прыгожы горад Тбілісі. Тады Тбілісі быў горадам не толькі грузінскіх паэтаў, ён быў прытулкам армянскай музы: многія народы Закаўказзя лічылі яго сваёй Меккай. Ці не тым, няўхільна ўзнікла раўналежна астатняй думцы параўнанне, для беларусаў, літоўцаў, яўрэяў Вільня была пэўны час. Многія народы і многія гарады схілілі пакорлівую галаву перад касым і драпежным Ага-Магамет-Ханам. Многа разоў грузінскія і армянскія землі пакрываліся попелам ад падпаленых рукой бязлітаснага заваявальніка сёлаў і гарадоў, трупамі ненавісных мусульманскім ордам хрысціян... Але Тбілісі, як фенікс, зноў падымаўся, зноў распраўляў крылле, зноў спяваў сваю салаўіную песню. І зноў ён быў у коле персіянскіх войск, ужо трон драпежнага персіяніна стаяў у старажытным саборы Мцхеці... І ўзняўся народ, узняўся грузінскі, армянскі народ, узняўся магутнай з’яднанасцю, каб грудзьмі абараніць сваю Мекку, адстаяць ці памерці... Няхай князі спрачаюцца паміж сабой, ім патрэбна ўлада і багацце, а народу патрэбна жыццё, воля, шчасце... Узброеныя чым папала жыхары Тбілісі выходзяць насустрач спрактыкаваным коннікам шаха, а паперадзе іх, узнімаючы ўгору рукі, узвышаючы голас, ідзе, спяваючы баявую песню, што кліча на бой за Айчыну, ідзе Саят-Нова [20] Саят-Нова (сапр. Аруцюн Саадзян; 1712—1795) — армянскі паэт, буйнейшы прадстаўнік армянскай свецкай сярэдневяковай паэзіі.
...
Цішыня, нерухомасць. Не сочыцца праз каменне тонкі струмок вады. Заціх самавар у сталовай. Між лапатак боль — значыць, многа сядзіць, значыць, позна. «Я бальны, бяскрыдлы паэт...» Максім Багдановіч адсоўвае кнігу, якая так уразіла яго. Ён узнімаецца з крэсла і колькі хвілін стаіць нерухома, яшчэ ахоплены думкай. Каштанавыя валасы над высокім ілбом, такія ж вочы, якія часта цямнеюць, здаюцца нават чорнымі, над чырвонымі, хваравіта-яркімі вуснамі мяккія вусы, трохі святлейшыя за валасы. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Ліцэйская тужурка, у ёй вельмі ўтульна, хоць яна і старая ўжо. Максім ідзе ад стала да печкі, каля якой, на сцяне, вісіць люстэрка ў металёвай простай акантоўцы. Матчын падарунак. Было гэта тады, калі сын, хлопчыкам, употай пагаліўся. Маці, мякка ўсміхаючыся, сказала: «Ну, раз пагаліўся, значыць, і люстэрка трэба заводзіць». Маці размаўляла па-руску, як і ўсе ў доме, але часта ў гаворцы чулася яе мяккае «дз». Люстэрка вісела ля печкі. І яно было сведкай таго, як змяняецца аблічча паэта ад хваробы. «Цёмнае ліха», «цёмнае ліха» — вобраз гэты любіў паўтараць. Так, сягоння яно развеялася, гэтае ліха. Саят-Нова дапамог. Яго мужны голас, напоены любоўю да прыгнечанай радзімы, быццам уліў сілы. А заўтра? Ці хопіць мужнасці перасіліць боль, кашаль, безуважна глядзець на кроў, не страчваць надзеі, калі раптам не хапае паветра, раптам здаецца, што цябе душыць і што вось-вось спыніцца сэрца, назаўсёды спыніцца сэрца? Што дасць сілы?
«...зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе...» Чые гэта словы? Ах, гэта сказала вясёлая і энергічная Цётка, стаўшы на хвіліну сур’ёзнай і чула-ўважлівай.
Не! «І думкі мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна...» Ён даўно гэта выказаў такімі простымі і велічна-прыгожымі словамі. Яго слуцкія ткачыхі адчувалі тое ж, што і ён, бо што больш страшнае — няволя ці сухоты? Ён стаіць перад люстэркам і ўжо не глядзіць у яго. Тое, што непакоіла вось ужо многа дзён, што намагаўся ён заглушыць работай, чытаннем, перакладамі, шліфоўкай вершаў для новай, лепшай, кнігі, зноў валодае думкамі, зноў патрабуе прыняць рашэнне.
Набягае яно
Вечарамі, начамі...
Саят-Нова... Вецер ля ракі ў асеннюю ноч... Сур’ёзныя і чула-ўважлівыя вочы Цёткі... Газеты з доўгімі спісамі забітых, лінія франтоў са знаёмымі і дарагімі назвамі мястэчкаў і гарадоў... Дым і стогны... І людзі на папялішчы... «Краю мой родны! Як выкляты богам...» Рашэнне, рашэнне!..
Нечакана для сваякоў ён праявіў упартасць і, паклаўшы ў маленькі фанерны баульчык некалькі кніжак, рукапісы, ручнік, люстэрка, развітаўся з імі і сабраўся на Беларусь. Ён нават не хацеў, каб яго праводзілі на вакзал, але бацьку ў гэтым ён не мог адмовіць. Ужо ў вагоне, перад тым як развітацца, бацька сказаў:
— Беражы сябе, Максім...
Ён зірнуў на бацьку глыбокімі вачыма — яны былі цёмныя, амаль чорныя, і гэта сведчыла аб тым, што ён хвалюецца.
— А хіба гэта дапаможа?
Читать дальше