Калі доўга стаіш, падкінуўшы пад локці на халодны выступ з цэменту складзены ў дзве столкі брызент, локці пачынаюць грэцца і ныць спаднізу. Здаецца тады, што апёрся дома на цёплы пяколак, прыйшоўшы з двара з холаду, падпёр рукамі галаву і стаіш, гледзячы на печ. І белая паласа — гэта не дарога за ракой, а пабеленая сцяна ля коміна; і ўнізе не шэрая вада, а печ з гліны, выерзаная, са смеццем і карой — сушыліся дровы — і закіданая ля сцяны рыззём і лахманамі, якіх даўно не насілі і якія падсцілалі пад бок, калі хто надумляўся лезці за комін спаць, прыйшоўшы халодны ўвосень вечарам з поля.
Узышло сонца, свяціла збоку, з-за Краснага, можна было пазнаць па вадзе; яна забліскала, што луска на рыбе. Пачакаўшы, на вадзе лягла шырокая і цяжкая жоўтая паласа ад туляга; пад ёй задрыжаў выцягнуты чырвоны круг сонца — неба было відаць у вадзе, ля самага дота. Над байніцай на траве налілася сукравіцай раса.
Было ціха, і, можа, таму так ядрана пачуўся аж тут, пад зямлёй, рокат, усё роўна як завялі дзе блізка трактар... За ракой, на шашы ля лесу, паказаліся танкі...
Страсанула дот, на плечы са столі пасыпаліся дробненькія кавалачкі гліны. На Дзвінасе, мусіць, узарвалі мост.
Боганчык помніў толькі, як, выцягнуўшыся ў дзвярах, высокі і тонкі, у шырокай брызентавай накідцы капітан, той, што вёў іх на Докшыцы, скамандаваў: «Агонь!» Пасля яшчэ доўга крычаў: «Агонь!..» — падымаючы і апускаючы руку, нібы хочучы скінуць з сябе накідку, якую з начы не знімаў з плеч і якая цяпер яму стала цесная і замінала.
Здрыганулася зямля, захадзіла хадуном у рацэ вада, як закіпеўшы: сталі біць саракапяткі. Глушыла, пярачы збоку, свая; бухала і справа, далей, на выгане, дзе быў другі дот, і аж ля самага возера, ля заставак, у сасонніку, недалёка ад Тартака. Гук адтуль ішоў як глыбака з-пад зямлі.
За ракой падняўся сухі пыл, схаваўшы ўсё з воч. Вецер гнаў яго сюды, на гэты бок, дзе стаяў дот...
— Агонь! — крычаў капітан. Яго ўжо не было ля дзвярэй, што вялі да выхаду. Ляжала толькі ў парозе на зямлі, як надзьмутая, зялёная брызентавая накідка, што ахапак свежай травы.
— Аго-о-нь!.. — чуваць было ззаду, глуха і сіпата. — Го... го... — здавалася, што крычаць толькі яму аднаму, Боганчыку, і ён ціснуў з усёй сілы вялікімі пальцамі на шурпатую гашэтку, баючыся, што пальцы возьмуць і саслізнуцца — мокрыя ад поту — і аціхне кулямёт. У прадаўгаватае вузкае акенца ў шчытку, як у цьмянае шкло, ён бачыў пад белай паласой на тым беразе два танкі. Яны сунуліся адзін воддаль другога, неяк бачком, з шашы на лажок, то паказваючыся, то хаваючыся ў дыме; пасля па той бок шашы зусім зніклі з воч. За ракой цяпер ад дыму нічога не было відаць; ззаду за плячамі несціхана стукала, усё роўна як глухія пад зямлёю дзверы: гах... гах...
Боганчык зноў чуў, як уядаецца ў вялікія пальцы, у мякіш, шурпатая гашэтка, але ў акенцы ў шчытку нічога ўжо не бачыў: усюды было шэра.
Калі ён пачуў, што яго схапіла за плячо рука і тармосіць, не адпускаючы, усё яшчэ не мог адарваць пальцаў ад гашэткі. Пальцы падпёрлі яе, выгнуліся, зрабіліся як пруты. Лента з жоўтымі патронамі паўзла і паўзла справа аднекуль з цемнаты, выгінаючыся, як змяя, якую ўзялі за галаву...
— ...мать!.. — пачуў ён над самым вухам; тады рука пацягнула яго за каўнер ад байніцы. — Прекратіть!..
Гэта крычаў на ўсё горла капітан — кулямёт змоўк, і чалавечы голас пад зямлёй аж рэзаў вушы. Капітан, топчучы нагамі разгоеную па падлозе накідку, паказваў рукой у байніцу:
— Ушлі вброд... Левых накрылі...
Тады стала ціха, і ў цішыні здалося, што звіняць сцены і звон лезе ў вушы. Як у зямлі, стукала пад ім, Боганчыкам, сэрца: ён цяпер апёрся грудзьмі на халодны цэмент ля кулямёта. Бачыў, як пастаяў быў у парозе капітан, пасля выцягнуўся, счысціў з грудзей пясок, — недзе наліп яму на дварэ: капітан, мусіць, поўз — і схаваўся за дзвярыма. Расцягнулася толькі на зямлі накідка, астаўшыся ляжаць назнайніцу.
Боганчык сядзеў ля кулямёта, чуючы, што ўпёрся плячом у нешта вострае і халоднае і пачынае стыць. Ён стыў, і яму рабілася лёгка, мог, як хацеў, кратаць рукамі і глядзець, не прыплюшчваючыся, праз акенца ў шчытку на той бераг, дзе вісеў пыл.
Ён як усё роўна збыў вялікую хваробу...
Перад вачыма застыла, не мітусілася бронзавая планка на казённіку. Вузенькая, доўгая, выслізганая пальцамі, яна цьмяна бліскала ад водсвету праз байніцу. Унізе пад ёй можна было ўгледзець маленькую зорачку і літары; па самай планцы рассыпаліся дробныя чорныя лічбы — ад двух да дваццаці шасці, — папрыліпалі да яе, як камары дома вечарам да бліскучай жоўтай клямкі на дзвярах у сеначках.
Читать дальше