Немец тады выцягнуўся ўвесь, адразу зрабіўся яшчэ больш высокі і тонкі, як усохся на сонцы. Шчокі ў яго сталі чырвоныя, што жар, з ілба апусціліся чорныя бровы на самую пераносіцу — закрылі вочы.
— На меня... твою мать?.. — зашыпеў ён, выцягнуўшы шыю аж да Януковых калёс, дзе Янук ківаў галавою, гладзячы сябе па грудзях. Рука без пальчаткі адразу выхапіла з жоўтай кабуры пісталет — як з агню — і падымалася памаленьку-памаленьку... І ніхто не бачыў: ні Наста, ні мужчыны.
«Заб'е Янука... Боганчыка не забіў, а Янука заб'е...» — падумала раптам Таня.
Калі яна ўсхапілася з калёс, пачула толькі, што кальнула ў балючую нагу...
Саскочыўшы на дарогу, яна не помніла, як апынулася ля Янука.
Упёршыся яму плячыма ў калені, яна растапырыла рукі, хаваючы яго ад немца, і закрычала. Пачула, як яе моцна ўдарыў па руцэ немец, што пераламаў усё роўна, і ступіла балючай нагой. Помніла, што валіцца на пясок — хоць не ўдарыцца.
Недзе далёка паганяў каня Панок і тукаў матацыкл, глуха, як вожык.
Ёй было здалося, што яна ляжыць дома на палатках, паклаўшы балючую нагу на пяколак, на самае гарачае месца. Спячы можна, але нагі не кранеш, каб адсунуць да сцяны, на лучыну: змярцвела.
Калі яна адплюшчыла вочы, пазнала, што ляжыць ля Януковых калёс у пяску; пасля ўбачыла, як нізка над дарогай, над самым ячменем, ляцеў каршун, памалу, ледзь кратаў крыллямі. З грудзей у яго сыпалася пер'е...
Над ёй, нагнуўшыся, мычаў Янук. За ім была відаць Наста.
У лагчыне, за Сушкавам, дзе скрыжоўваліся, ідучы полем па пяску, дарогі, стаяў не так даўно крыж — Боганчык яшчэ помніць. Цяпер крыжа няма, згніў ад зямлі, абваліўся, і яго спалілі пастухі; растуць толькі на тым месцы тры елкі, нізкія, разгатыя, з тонкімі сукамі, і ляжыць пад імі адно каменне — шэрая крушня.
У лагчыне было горача, хоць сонца, знізіўшыся, стаяла ўжо над самымі могілкамі, што асталіся ззаду, на гары. Не лескаталі калёсы — тут быў пясок, храплі толькі ад пылу коні, і рэзалася ў некага ціха жалеза аб жалеза: кола аб загваздку.
Седзячы на мяхах у самым перадку, Боганчык бачыў, як за садам, ля сажалкі, у тым баку, дзе была вёска, курэлася балота: высахла, калі яго абкасілі, і цяпер занялося агнём. Здалёку былі відаць на балоце пад лесам стагі.
Лес быў сіні ад густой смугі. За ім, якраз на Карчаваткі, падымаліся высака ўгару бурыя тулягі — былі што сціснутыя вялікія кулакі...
Ад сонца тулягі гусцелі і рабіліся чырвоныя — здавалася, кулакі сцяліся і набеглі кроўю. Далёка ў тым баку пачуліся глухія выбухі: бух-бух... бух-бух... Пасля тулягі пачалі распаўзацца па небе, усё роўна як іх пагнала ветрам. Было чуваць, як недзе там гудзеў самалёт, аж звінеў.
Тады Боганчыку раптам здалося, што ён у доце пад Красным, у байніцы ля кулямёта... Байніца глыбокая, і калі, паклаўшы рукі на халодны выступ з цэменту — ён выслізганы і блішчыць, што сцёрты камень, — глядзіш, падпёршы кулакамі падбародак, у вузкую і доўгую шчэлку — у вачах шэра, як вечарам увосень, калі скора пачне цямнець. Гэта рака. І глядзіш на яе зверху ўніз: дот высака над берагам, на самым высокім месцы ля Краснага — ля ракі.
Прымасціўшыся ля кулямёта, бачыш у маленькае акенца ў шчытку белую шашу, што ідзе з лесу ў Краснае, спускаючыся з гары да маста. Гэта ўжо за ракой, на другім зрытым беразе — калі рабілі ля маста насып, адтуль бралі пясок.
Краснае стаяла за ракой Дзвінасой — воддаль. Праз яго ішлі накрыж дзве шашы: Крайск — Барысава (з захаду на ўсход, ад блізкай некалі граніцы) і Докшыцы — Мінск, цераз Бегамля — гэта з поўначы, з Віцебска на поўдзень.
За Дзвінасой ля Краснага былі доты — уехалі ў зямлю на самым беразе, як вялікія шэрыя валуны.
Па левы бок шашы, што ішла з Крайска, яны былі відаць адразу за ракой, аж тры: ля маста — шырокі і лабаты; на выгане на гарушцы — белы і круглы, што вялікае яйка; і далёка ля лесу, пад самым Тартаком, дзе ўжо хавалася з воч рака, — блішчаў жоўтай плямкай як згледзець...
У Краснае яны ўсе — мужчыны з Дальвы — прыйшлі тыдзень назад па павестках: у ваенкамат. З Краснага ўсіх адразу пагналі на Барысава. Яго ж, Боганчыка, адлучылі — ён быў у фінскую кулямётчыкам і павялі з пятнаццаццю чалавекамі назад, на Докшыцы, — у часць...
Праз два дні яны занялі доты пад Красным: у Докшыцах і Бегамлі былі ўжо немцы.
Над самай байніцай знадворку, дзе яна роўна, як пад шнур, з усіх бакоў абкладзена дзерняком, на траве вісяць кроплі расы. Густа, адна ля адной; збіраюцца, як хто чапляе іх на нітку, тады капаюць уніз на пясок. Пасля зноў блішчаць зверху на траве, што выціснутыя з зямлі, і зноў падаюць долкі. Знадворку пахне свежай, вільготнай зямлёй, як усё роўна пахне пасля дажджу ралля...
Читать дальше