Да яго падбег Панок: баяўся крыку — усё пазіраў назад на дарогу і на лог, адкуль нядаўна стралялі.
— Сціхні... Я цябе знаю... — зашаптаў ён, як зашыпеў, пачакаўшы, запытаўся мацней, зноў немаведама ў каго: — Чаму яны па нас с-с-стралялі?..
— А што, калі ты, Пан, не жыта здаваць немцам вязеш, а вінтовачкі пад мяхамі? Наста скрыначку новенькую з патронамі, а ты вінтовачкі... Дай вам толькі выехаць на гару... Выедзеце...
— Не да смеху, Мірон. Чаму ты цвёрда не скажаш?
— А нам, татарам, Наста, што... Мы вырваліся... Ім, вун, — паказаў ён рукой назад на грэблю, — хто астаўся...
Яна зноў паглядзела, утаропіўшыся на яго, і адышла спопаразку да Таніных калёс. Мірон адразу змоўк, пасля сказаў, гледзячы ў пясок пад ногі:
— Ты чула, Наста, што я дзецям не воўк, ні аднаму, ні другому... І мае ў вёсцы, Наста, асталіся, знаеш...
Ён цяпер стаяў на дарозе воддаль ад усіх, усё роўна як сабраўся куды пайсці. На яго чорную сарочку наліпла пылу, пыл ляжаў у яго на лбе, на шырокіх чырвоных шчоках, на плячах і спераду на рукавах, бы Мірон нядаўна выйшаў з пуні, дзе, не адгінаючыся, увесь дзень падаваў снапы на ферме ў малатарню, як да вайны. Доўга глядзеў, як і Боганчык, сабе пад ногі, пасля закратаў плячыма, бы хацеў страсці пыл, і сказаў, зірнуўшы спадылба на Боганчыка:
— Ты, Іван, не кіпі. І я цябе знаю... Паедзем у Людвінова... Там і рэшым, што рабіць. Не стаяць жа на дарозе.
Тады пайшоў, цягнучы ногі па пяску, да сваіх калёс, цяжкі і сагнуты. Таня яго ўжо не бачыла: каб угледзець, трэба было падымацца на возе.
Затупалі па дарозе ногі, як цапы на таку: людзі пайшлі да сваіх коней. У галавах недзе стукаў пугаўём па ляжэйцы Янук, уперадзе кашляў Панок, моцна, доўга, пасля пляваў. Ніхто ні да каго больш не гаварыў. Некага клікнуў быў сваім пісклявым голасам Алёша, адзін раз: яна, Таня, бачыла, як ён хацеў устаць на мяхах, закрываючыся даланёй ад сонца, ажно да яго падбегла Наста і замахала рукамі...
Уперадзе, аж на самым лагу, ля могілак, загрукацелі па каменні Боганчыкавы калёсы. Таня пачула, як дала ў хамут кабыла, захрапла і сышла з дарогі зноў аж на ячмень.
«Цяжка ў пяску... Кабыла знае... — падумала Таня і, падняўшыся на локаць і прыпёршыся плячом да ляжэйкі, стала шукаць рукамі лейцы. — Упусці толькі...»
Лейцаў яна не знайшла; глянуўшы на дарогу, убачыла, што ля калёс валюхаецца Наста — аж з подбегам зводзіць набок, у ячмень, кабылу. Лейцы з дубцом былі ў яе ў руках. Пасля Таня ўгледзела, як у Насты на плячы матаецца хустка — здаецца, спаўзе і ўпадзе ў пясок кабыле пад ногі.
Кідае з боку на бок па загонах калёсы; локаць ссоўваецца з мяха — не ўстанеш.
— Хустка!.. — крычыць Таня, але Наста не чуе, верне за аброць кабылу ў самы ячмень.
Зноў ніяк не ўстанеш: не падагнеш калень...
Таня тады хапаецца абедзвюма рукамі за ляжэйку, каб павярнуцца на бок...
Калі яна паднялася на мяхах, пачула, як хрумшчыць пад коламі жвір... Па драбінках і па руках сцёбалі шорсткім асцём каласы...
Пад'язджалі да самага логу — спускаліся з гары да могілак, што ля Сушкава: дарога паварочвала на лог адразу за імі. Ехалі воз за возам — падводы выцягнуліся ў адзін шнур ля ячменю, звярнуўшы з пяску, як каму саступіўшы.
З гары пабегла кабыла; хамут лез ёй на галаву, біў па вушах; білі яшчэ ззаду па каленях дошкі ў калёсах.
Таня ляжала бачком на мяху, узяўшыся рукамі за ляжэйку, і глядзела на пярэдні падводы. Тады паварочвала галаву і шукала здалёку вачыма Алёшу — яго нідзе не было. Усе пасля як пахаваліся куды: ні Боганчыка наперадзе, ні Махоркі.
Яна падцягнулася ў перадок і, натужыўшыся, села, звесіўшы з ляжэйкі ногі... Акручаная мехам нага была цяжкая, бы да яе падвязалі камень, цягнула ўніз і смылела пад аборамі.
Таня і цяпер нікога не ўгледзела і спалохалася. Крыкнула б, калі б не кашлянула ў ячмені Наста, — Наста ўсё яшчэ вяла кабылу за аброць. Прыхінулася да хамута, не відаць яе, толькі хустка ўсё матаецца на плячы, не зваліцца долкі.
«Чаму яна кінула Буланчыка?..»
Але Буланчык ішоў ззаду за Алёшавымі калясьмі сам, як прывязаны. Можа, Алёша ўзяў яго за повад?
— Наста...
Наста маўчыць, не пачула зноў, перхае толькі ад пылу...
Таня думае, што толькі адна яе кабыла баіцца пуду. Павярнуўшыся, Таня садзіцца бачком на мяхах і глядзіць уперад на дарогу, але зноў нікога не бачыць. Махнулася, паказаўшыся з-за пляча ў Насты, сівая Панкова галава і схавалася. З ячменю ля калёс пырхнулі вераб'і, доўга білі крыллямі па асці, тады абляцелі падводы і падаліся на Сушкава — жменькай...
Читать дальше