Якая цяжкая нага...
Нагу перавязалі, сціснуўшы як мага, падалом ад Настулінай кашулі. Падол Наста адрывала, стаўшы ў пясок на калені за калясьмі, каб не глядзелі мужчыны. Пасля высыпалі з Танінага белага кужэльнага мяшка на дарогу жыта, раздзёрлі па шве мех і ўкруцілі ім, што ручніком, нагу. Укручвалі Наста з Панком. Крыві цяпер не відаць і не баліць нага, толькі цяжкая. І — совае ў калена, як хто гарачым прутком, выняўшы з агню.
— Што будзем рабіць з дзяцьмі, Іван? — гэта голас Насты. Яна стаіць пасярод дарогі. Насту абступілі мужчыны, топчуцца ля яе, Таніных, калёс: Боганчык, Махорка і Валодзя Панок. Янук адзін сядзіць, сагнуўшыся на калёсах і насунуўшы на галаву кепку...
— З якімі дзяцьмі?
Гэта Боганчык. Асіп, кашляе. Таня яго зусім не пазнае, хоць, падняўшыся, бачыць зблізку Боганчыкаў спалены на сонцы шырокі чырвоны нос і чорную бараду.
— З Таняй... З Алёшам... Што глядзіш у зямлю?
«Алёша?..» Таня вышэй падымаецца на возе, каб паглядзець, дзе ён; на яе крычыць Наста, але Таня бачыць Алёшу: той сядзіць на сваіх калёсах што цвік, натапырыўся, скрывіў галаву і слухае, што гавораць уперадзе. Тады яна зноў кладзецца на мяхі — на яе крычыць і крычыць Наста, — але цяпер нізка пад галаву і не відаць, што робіцца на дарозе.
Чаго яны ўсе сышліся?
— Таня?.. Дзеці?.. — зноў захліпаецца Боганчык. — Ды я ў пятнаццаць... — ён сіпіць, і калі Таня падымае галаву, бачыць, як ён стукае сабе кулаком у грудзі.
— Ціха... Ціха... — гэта зноў гаворыць Наста. Падняла ў руцэ хустку і махае на Боганчыка, бы хочучы адагнаць яго ад сябе, як жывёлу.
«Чаму яна адна з ім гаворыць?»
— Дзіця-я... З-за пазухі валіцца...
— Пры дзецях? Паўважайся тады мяне, старой, Іван... У Тані ж нага. Рана...
«Рана!.. Яе завязалі, каб не ішла кроў. Змярцвела ўся нага...»
— Р-а-а-на... Аб ляжэйку абдзёрла... — сіпіць усё Боганчык.
«Ага. Не рана. Аб ляжэйку абдзёрла... Чаму яны тады не даюць устаць? Як хочацца піць...»
— Што будзем рабіць, мужчыны? Чаго вы ў рот вады набралі?
Мужчыны маўчаць; сціхае і Наста, пасля ўжо гаворыць:
— Праз цябе, Іван. Хай бы Таня дома з маткай аставалася. Ты яе выпер... Не церабі барады...
— Я? Я выпер? Значыць, я? — зноў на Насту махае пугаўём Боганчык. — А што? Адзін за ўсю вёску галаву панясу? Адзін? За ўсіх вас? Добранькія ўсе... Дома б асталіся... А Івана аднаго ў Краснае, каб яго там... асвяжылі... Не-е...
— Што будзем рабіць? — Наста пытаецца ўжо ў некага другога, адвярнуўшыся ад Боганчыка.
— Ехаць трэб-ба... — заікаецца Панок і кашляе.
— Не начаваць жа тут... Улупяць, брат, — пясочак пасыплецца...
— Не да смеху, Махорка... — зноў кашляе Панок, закрываючыся рукой.
— Х-хе... Х-хе...
— Мужчыны, мужчыны...
— Не шумі, Наста... Сама знаеш. Куды адашлём дзяцей?.. У вёску?.. Дзякуй, што вырвалі. Хоць двое.
— Што ты гаворыш, Пан? Там жа і твае... Там жа і мае...
— Тое і гавару...
— Што ж мы стаім, мужчыны? — Наста зноў пытаецца, падыходзячы то да аднаго, то да другога.
Цяпер ужо ніхто ёй нічога не гаворыць. Пачакаўшы, махнуў Махорка рукой, на якой не было двух пальцаў, недзе ў сябе ля носа:
— А нам, татарам, усіраўно: ці водка, ці пулямёт... Ліжба з ног ш-шыбала...
— А дзеці? Вы што гэта ўсе сягоння, Мірон?
— Чорт іх не возьме. З'ездзяць і вернуцца. На нашых вачах. Што я ім, скажы — звер?.. У мяне ў самога дзеці...
Тады доўга заікаўся, кашляючы, Панок — гаварыў нешта Насце на вуха. Таня зірнула на яго — ён скроб пальцамі сівую патыліцу, ківаў галавой і ўсё глядзеў за гару, дзе была вёска.
— Чаму яны па нас с-стралялі? — спытаўся ён пасля неяк ціха і немаведама ў каго; тады пачаў хадзіць па дарозе ўзад-уперад.
— Таму, што вёску яны ўсё роўна спаляць... І яны ведаюць, што ты паедзеш і пад стрэлам хоць чорту ў ляпу, бо дзеці твае там, у іх у зубах.
— Што ты гаворыш, Мірон?
— Тое і гавару, Наста. У Людвінове падумаем. Па дарозе... Калі што якое, там можна астацца. У Людвінова немцы не пойдуць. У лесе...
— А вёска тады?.. Спаляць жа. Спаляць. Думаеце, мне адной хочацца накарміць немцаў...
— А ў мяне што, Наста, — не дзеці дома? І мае, Наста, там... Што, не відзіла, як зганялі? Згоняць і яшчэ раз, не цяжка... І ты ім верыш? Усё роўна спаляць. Гэтулькі іх ля грэблі палажылі...
— Тады лепш з дзецьмі гарэць... Вы што гэта ўсе як згаварыліся... Нікуды я не крануся. Ні ў Людвінова, ні... Ты што гэта, Мірон?..
— Яна не паедзе! Хто ты? — Боганчык падскочыў да Насты. — Вярніся... Хай вёска дымам ідзе праз цябе... Што? Іван вам адзін галаву павязе, яна яму не дорага... За ўсю вёску... — Боганчык зусім ахрып, крычучы.
Читать дальше