Ля варыўні яшчэ пачалі рыць уласаўцы яму, доўгую, роўную з парканам. Мусіць, акоп рабілі ці шукалі чаго. Навярнулі жоўтага пяску цэлую гару, бы яго вазілі ўвесь дзень з-пад лесу ад ям, каб засыпаць гразь на двары ля хлева.
Маці, нямогучы, сабрала на двары з-пад ног венікі і, абышоўшы яму па пяску аж ля плота, укінула іх у варыўню праз парог. Маці такая...
Калі пачынаюць ззаду, ля маста, страляць, Таня, седзячы, нагінаецца да мяхоў, аж баліць паясніца. Бачыць тады, як кабыла рассыпае заднімі нагамі на дарозе пясок, — пяску на гары ля школы па калені, і яго высака падкідаюць, круцячыся, колы, на самыя ляжэйкі. Ёй тады страшна — нібы валішся з калёс... Яна выпускае з рук лейцы і хапаецца за мяхі... Доўга кідае з боку на бок...
Калі робіцца ціха, не страляюць, Таня адгінаецца, спаўзае ў перадок і ссоўвае з мяхоў ногі: памлелі. Кабыла махае хвастом, дастае аж да калень. Хвост у яе мяккі, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, і тады хочацца пацерабіць іх аб ляжэйку. Але нагам лёгка, яны не ныюць, і Таня папраўляе сваю доўгую касу: каса раскруцілася і з'ехала на шыю.
«Цяжкая... Трэба было дзве заплясці і акруціць ля галавы. Дзве не спаўзалі б...»
Паправіўшы касу, закруціўшы тужэй і прыкалоўшы дзвюма шпількамі з белага дроту, яна глядзіць назад на грэблю: там жа стралялі. Але на дарозе пыл, падымаецца, паўзе на ячмень. Відаць адзін Янукоў конь; далёка за ім едуць Сяргеішын Алёша і Наста. Саміх іх за пылам не ўгледзіш, чуваць толькі, як ляскочуць ззаду калёсы.
«Асталіся як...» — думае Таня, і ёй тады яшчэ горш страшна. Калі ўсе блізка, яна не баіцца, а так здаецца, што адна на дарозе. Алёшы зусім не відаць на возе. Наста толькі махае ля яго калёс хусткай.
Таня падымаецца на возе на калені.
«Дзе Алёша?.. Вярнуўся ў вёску... — здагадваецца яна. — Наста, мусіць, вярнула. Узяла сабе падводу, а самога вярнула. Ён жа ім не раўня. Дзіця яшчэ зусім, каб нанач ехаць аж у Краснае... Наста добрая...»
Калі Таня думае, што Алёша вярнуўся, ёй тады хочацца плакаць. Яна зноў устае на возе на калені і глядзіць назад, у вёску. Але іхняй хаты адгэтуль не відаць...
Тані і самой хочацца вярнуцца. Папрасіла б Янука, хай бы ўзяў кабылу. Кабыла паслухмяная. Прывязаў бы за аброць да сваіх калёс, ішла б... Янук, відаць, не паслухае. Наста паслухала б, але яна не возьме тры падводы. Можа, Боганчыка дагнаць? Не-е... Яго яна не любіць. Ніколі б не стала і прасіць. Яна з ім і ў вёсцы не гаварыла... Панка каб...
Алёша недзе ўжо дома... Перабег грэблю, абмінуў ля маста ўласаўцаў і — у вёсцы. У вёску ўласаўцы пускаюць. Сёння ўсіх пусцілі, хто варочаўся з Карчаватак...
Яна зноў глядзіць назад на дарогу — Алёшы на калёсах не відаць. Тады яна думае, каб узяць і пабегчы самой... Ссунуцца ціха з мяхоў і — на грэблю, як Алёша.
Але дома стане крычаць маці...
Таня раптам падумала, чаму маці гнала яе ў падводчыкі, калі Махорка з уласаўцамі прыйшлі на двор браць кабылу. Ледзь стаіць сама ад плачу, а яе гладзіць па галаве і шэпча:
— Едзь, дачка, едзь... Я адна буду мэнчыцца...
Баіцца маці нечага... Хіба яна, Таня, не схавалася б ад уласаўцаў у хлеве, каб у Германію не пагналі? Другі раз яе ўжо не папёрлі б у вёску да Міронавай хаты... Не ў хлеве, дык у бульбеўніку на гародзе схавалася б. Бульбеўнік вялікі, свіней з яго не відаць, калі ўлезуць у бульбу...
Алёша недзе дома... Бяжыць на двор вулачкай ля паркана і смяецца, паказваючы зубы, як і яго брат, Юзюк. Маці яшчэ з-за парога накрычыць на Алёшу, што ён аблыхаў з раніцы, як сабака, усю вёску — як толькі галава ў яго на карку асталася і як толькі зямля яго носіць... Што ён без бацькі зусім адбіўся ад рук, не стыкаецца дома, і што яму, неслуху, трэба даваць і даваць лупцоўку, колькі ўлезе, і ён яе некалі схлапоча, не міне... Пасля яна пагоніць яго за калыску — калыхаць блізнюкоў, а сама, правячыся, пойдзе да печы і стане бразгаць пасудай на лаўцы ля прыпечка. Алёша будзе маўчаць у парозе, натапырыўшыся, як шашок, і сапці носам; тады, калі маці «астыне», ён адыдзецца ад ложка, што стаіць у іх ля акна ад гароду, прыхінецца ціха да брыжа і пачне кратаць адной рукой калыску. Скрып, скрып... — заскрыпіць прывязаны вяроўкай да бэлькі канец сухой бярозавай жэрдкі, а Алёша будзе спадылба глядзець у парог, дзе маці, і зусім не слухаць, як плачуць у калысцы блізнюкі, пакуль маці зноў не закрычыць на яго, каб ганяў мух. Тады ён пачне ганяць мух — памахае рукой, засунуўшы пад пасцілку, і, калі сціхнуць блізнюкі, адвернецца; не будзе глядзець ні на маці, ні на калыску. Прыліпне да акна, праз якое відаць загуменне, дзе ля пунь сцірты саломы і за дарогай жоўты пясок, і стане ўглядацца туды, успамінаючы, мусіць, учарашнія гулі. Пасля засмяецца ціха, угнуўшы плечы і паказаўшы зубы. Тады ён зусім падобны на свайго Юзюка.
Читать дальше