Таня кожны раз заставала Алёшу ля калыскі, калі хадзіла да Сяргеіхі. І сама калыхала блізнюкоў. Нават адхінала пасцілку і глядзела на іх. Ляжаць у глыбокай калысцы намітуські — сюды галава — туды галава, у палатняных полачках, спавітыя чырвонымі паясамі з кутасамі, і кратаюць вусенкамі: смокчуць суслы з белай анучкі...
Алёша, калі смяецца, — выліты Юзюк...
Ля дарогі над ячменем мітусяцца ў пыле белыя матылі, як хто іх перасыпае, і лятуць ззаду за калясьмі. Яны ляцелі кучкай аж з вёскі з аселіцы: пырхалі і садзіліся на гразь, ля маста, калі піла ў рацэ кабыла.
Таня глядзіць на матылёў, і ёй хочацца саскочыць з воза і палавіць іх у жменю: махаць рукой, сціскаючы пальцы ў кулак, і прыгаворваць:
Матыль, матыль, дай мукі,
А я табе маку...
Яна гэтак лавіла матылёў, калі была такая, як Алёша. Цяпер ёй пайшоў пятнаццаты...
Матылі на гары астаюцца ззаду — мітусяцца недзе аж ля Алёшавых калёс.
Алёша ўжо дома...
Таня думае пасля, дзе ж цяпер яго брат, Юзюк. Недзе ўжо ля Дзвінасы... Адтуль яшчэ далёка да Паліка...
Ляскочуць наперадзе ў некага калёсы. За Кур'янаўскім садам гудзяць і гудзяць ад палудня самалёты. Храпе кабыла, скрыпіць пад мяхамі задняе кола, рэжацца аб загваздку. З меха аднекуль на руку пырснула жыта, дробненькае, сухое, аж счарнела: залеташняе, мусіць. З дзіркі, ці што? Крычыць, махаючы рукамі, на сваёй падводзе Боганчык. Зноў страляюць уласаўцы ля маста.
Калі блізка пад'язджаеш да ячменю, сыплецца на твар чорная мошка, дробная, што мак, лучае ў вочы, і тады пячэ пад павечкамі...
Таня трэ вочы кулакамі, а калі адплюшчвае, пад павечкамі яшчэ горш рэжа і баліць...
Та-та-та... — стукае несціхана ля маста кулямёт, якраз як і тады, калі яна вяла маці пад пахі з хаты на двор пад паветку, а Панковым гародам беглі па бульбе на аселіцу да маста партызаны...
Стала холадна, як ноччу пад раніцу ў Карчаватках у балоце, калі не было дзе сесці, бо ўсюды чвякала вада...
Таня сціснулася на возе ў камяк, падкорчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Бачыла цяпер перад сабой толькі, як махае хвастом кабыла; а калі варочала галавой, каб зірнуць, дзе страляюць, ёй былі відаць на Алёшавых калёсах адны мяхі.
Янука старога з Настай зусім не ўгледзіш за пылам.
Цыў... — свішча над дарогай, якраз як тады, калі яны ехалі па загуменні і Юзюк бег ля калёс, паганяючы кабылу.
«Дзе цяпер Юзюк?..»
Та-та-та... — здаецца, страляюць зусім блізка ў ячмені і на двары ля школы.
Застрыгла вушамі кабыла і, напяўшыся, скочыла ў ячмень. Таня пачула, як у яе зачапілі ля нагі сена. Яно зашапацела, што сухая трава на купіне на балоце...
Яна адсунулася на возе ўзад і яшчэ больш нагнулася, апёршыся рукамі на мяхі. Пайшла навыцяжку кабыла па ячмені, якраз там, дзе падымаўся пыл, — як сумысля.
Закрычаў нехта ўперадзе на дарозе... Здалося, як усё роўна на двары пад паветкай Юзюк... Ён забягаўся па яе... І што гэта ён казаў? Каб яна кінула матку? Ён і яшчэ ёй гаварыў... Яна помніць што... Ёй яшчэ ніхто такога не гаварыў... Яна і не думала ніколі, што такое гавораць... І каб хто, а то Юзюк, Алёшаў брат, тоўсты, як лантух, лабаты і босы... І глядзіць ён спадылба, і ў хаце ў іх двое блізнюкоў...
Пыл падымаўся цяпер ля самых калёс; пабегла кабыла, мусіць, па загонах: кідала з боку на бок...
Тады закрычала на ўсю дарогу Наста...
Калі ля маста перасталі страляць, на гары ля школы стала ціха. Лескаталі толькі дробненька калёсы, дзе ехаў Панок; ззаду нікога не было чуваць. Падняўшы галаву, Таня ўбачыла, што кабыла ідзе дарогай за Панковымі разводамі; яна тады аглянулася: ля Алёшавых калёс стаяла з Януком Наста.
«Чаго яны пасталі?..»
Яна хацела крыкнуць ім, што Алёша недзе дома, хай не дзівяцца, калі не згледзелі, як ён збег; хацела нават падняцца, каб стаць на калені. Тады пачула, што пад нагамі мокра... Лапнула рукамі па мяхах — рукі былі ў крыві.
Яна адсунулася на край воза да ляжэйкі. Забалела-забалела ля калена нага — запякло, што агнём... Аднекуль зноў узяліся і заслалі свет матылі... Белыя, мітусяцца перад вачыма: уверх-уніз, уверх-уніз...
Пасля ёй здалося, што яна, убегшы ў хату з гароду, дзе астаўся пад паветкай Юзюк, паслізнулася на падлозе і ўдарылася аб парог... Зазвінела ў галаве.
Выпусціўшы з рук лейцы, яна адвалілася на мяхі.
— Што будзем рабіць з дзяцьмі, мужчыны?..
Таня пачула Настулін голас як адкуль здалёку; тады ля самага воза на ўсё поле загаманіў Махорка, а яна ляжала, адплюшчыўшы вочы і сцішыўшыся, як вінаватая. Было горача, хацелася піць, у роце перасохла, што ад палу, калі доўга ляжыш хворая, але яна не папрасіла — баялася клікнуць Насту...
Читать дальше