У мяне затрасліся ногі.
— Ну вось што, джынджык... — Дувалаў цяпер стаў у мяне спераду і засунуў доўгія пальцы па баках пад рэмень. Думаў, доўга зыбаючыся на нагах. — Ідзі дамоў, сёння адпускаю. Ідзі — і нікому ні слова... Ясна? Нікому — ні бацьку, ні маці... Пойдзеш вечарам на варту да трактара — і Красоўскаму ні слова. Я віджу, што ты ўмееш дзяржаць язык за зубамі. Дзяржы, усё раскажаш толькі мне. І думай, думай... Маць тваю так... Знайшоўся мне... Фіфці-міфці з францужанкамі...
На вуліцы Дувалаў ажаргаў нямецкі матацыкл і, рвануўшы адразу да маста — аж кола пад каляскай было паднялося ад зямлі, — схаваўся адразу на грэблі ў старым альшэўніку. Не паехаў гэты раз у другі канец вёскі да Волькі — калгаснай брыгадзіркі.
У мяне закруцілася галава, і я, каб не ўпасці на падлогу, ступіў і паспеў зачапіцца рукамі за лаву, што стаяла пры сцяне.
Вечарам у Жукаўшчыну да трактара мяне ўсю дарогу падганяла вялікая, чорная, з чырвона-сівымі падпалінамі хмара. У Жукаўшчыне можна было схавацца ад дажджу пад старасвецкімі елкамі ў Сырніцы, якраз дзе араў Красоўскі, — елкі каля поля былі высокія і да таго абвешаны густымі лапкамі, што, калі зайсці пад іх, не было відаць днём і сонца. На яловых лапках, прычапіўшыся кіпцюрамі, віселі днём кажаны — галовамі ўніз.
Хмара апускалася ўсё ніжэй і ніжэй да зямлі, прыціскаючы сабой усё на свеце, — плыла з-за Віліі, з Жызнавы, адкуль учора ішлі францужанкі.
Дзе яны цяпер? Куды пайшлі і ці варочаліся назад? І чаму пра іх пытаўся энкавэдыст капітан Дувалаў?
Красоўскі ў Жукаўшчыне зрабіў за дзень толькі два прагоны — зганяў да Рабога Калодзежа і назад, да лесу пад Сырніцу. Пасля пралежаў увесь дзень, падсцяліўшы пад сябе фуфайку, пад трактарам, «рабіў падцяжку» і калупаўся ў «гробаным» маторы... Дамоў сабраўся злосны і ўвесь упэцканы ў мазут — «дзень у яго пайшоў кату пад хвост», а тут яшчэ хмара: трэба спяшыць, у дарозе застане лівень. Але сваёй «ватоўкі» ён не ўзяў, і яна, мокрая, у карасіне, пахла, як бочка, і не хацела атрасацца ад наліплага пяску. Укруціць ногі сёння ноччу не было ў што...
Грымела за Віліёй, за лесам секлі неба маланкі, асвятляючы ўспышкамі вострыя вярхі елак. Над полем, нізка, над самай раллёй, пішчалі стрыжы, паласуючы неба і далёкі бярэзнік — лавілі машку.
Цямнела раптоўна. Поўня, паказаўшыся ў прагале над Рабым Калодзежам, вялікая, чырвоная і цяжкая, схавалася адразу за хмары і больш не паказвалася. Бліскавіцы высвечвалі ў цемнаце гарбаты чорны трактар і дзве рудыя бочкі на калёсах.
І ў гэтыя хвіліны нейкага сіняга святла ад бліскавіц і гарбаты трактар, і бочкі на калёсах, і капітан Дувалаў са свамі нямецкім матацыклам, і яго прыгожы круглы твар, і яго бліскучыя вочы, якія, здавалася, глядзяць адтуль, дзе схавалася за хмару поўня, сочаць увесь час, і яго прыгожы голас, які аж дрыжыць у калгаснай канцылярыі: «Што гаварылі францужанкі?» — усё ў той міг здавалася нейкім зусім недарэчным і непатрэбным тут, у Жукаўшчыне...
Дыхнуў раптам вецер, недзе з-пад Рабога Калодзежа, густы, тугі, халодны, — змёў з неба пісклявых стрыжоў і закалыхаў елкі на ўзлессі. Зазвінела пад калясьмі павешанае, відаць, парожняе, вядро, і зашумеў лес. Пырснулі на твар дробныя кроплі вады, можа, з хмары, а можа, з павешанага пад калясьмі вядра...
За другім разам вецер сарваў пад калясьмі вядро і пакаціў яго па полі, пагнаўшы і мяне разам з вядром перад сабой пад старасвецкія елкі ў Сырніцы. Я толькі прыціснуў пад пахай фуфайку...
Сцямнела, нават трактара не было відаць зблізку з-пад елкі — зліўся з чарнатой. З гадзіну ўгары круціла, рвала, свістала і скуголіла... Забарабанілі па трактары буйныя кроплі дажджу з градам і адразу сціхлі...
Дождж у Жукаўшчыне так і не пайшоў — скруціла. Доўга яшчэ паласавалі неба бліскавіцы — недзе там, над Віліёй і над нашай вёскай; шумелі яшчэ елкі, кратаючыся, здавалася, аж ля зямлі, трашчала сухое сучча, крышылася і сыпалася зверху на галаву.
Пасля адразу зрабілася ціха — ні ветру, ні дажджу. Хмара сплыла — пайшла на Леснікі, Жукаўшчыну зачапіла толькі краем, пасвятлела, і над Рабым Калодзежам паказаўся акравак поўні. Угары над елкамі заблішчэлі мокрыя зоркі.
Знайшоўшы вядро — падняў з верасу з-пад елкі, — я аднёс яго да калёс і зачапіў высака за ляжэйку. Трактар стаяў на загоне нейкі худы і стрыножаны, як зусім загнаны ў дарозе конь. Ад поўні заблішчэў цьмяна, як нехаця, вышараванымі зубамі на колах. Спаць сёння не хацелася. Каб звесці вочы, трэба было супакоіцца хоць на міг, а мяне душыла нейкая скрушлівая і калючая трывога... Я не ведаў, што рабіць. Сёння можна і спаць і не спаць, а заўтра што? Заўтра зноў прыедзе капітан Дувалаў...
Читать дальше