І ў адным і ў другім садзе стаялі тады вялікія, з трысценем, хаты і яшчэ большыя пуні. Ля іх — хлявы і свіронкі. І ля адной, Родзевічавай, і ля другой, Таразэвічавай, сяліб у канцы лажкоў, пад балота, былі сажалкі — да сучаснай меліярацыі іх яшчэ можна было пазнаць: невысокія апалыя беражніцы, парослыя дзяцельніцай, лопухам і палыном.
Сама Кур'янаўшчына — вораная зямля — пачыналася ад Крайскага боку — балота і, пакідаючы справа Сушкава, цягнулася аж пад Хадакі, пад Асавок. Асавок быў ужо, лічы, логам, парослым сіўцом, пад'ядлоўцам, бярэзнікам і лазой...
Зямля добрай была толькі каля саміх хат, далей, пачынаючы ад Крыжа — Кур'янаўшчыну-поле перасякалі дзве дарогі, і на крыжаватцы пад трыма елкамі стаяў сасновы крыж — зямля была благая, супясчаная, камяністая, парослая пырнікам, рудзікам і каткамі. Пад Хадакі выворваўся жоўты пясок. Таразэвічаў сад сціскалі чарнабыльнік і палын. І лаза... Драбналістая, на выгляд прывялая, сухая, яна ўчэпіста трымалася за неўрадлівую кур'янаўскую зямлю. Расла ля гародаў, ля дарог, ля сцежак, ля валуноў і на вялікіх крушнях камення, на якіх грэліся летам вёрткія шэранькія яшчаркі.
Ці не сядзеў дзе на валуне ля крушні камення побач з бацяном малы Лёля, збегшы з дому?..
Быў скрытны, паўторымся, задумлівы, адзінокі і шукаў яшчэ большую адзіноту і на так ужо адзінокім кур'янаўскім хутары...
Вясна ў Кур'янаўшчыне пачыналася з вялікага сонца. Раніцай яно, чырвонае і блізкае, — адступілася ўжо на ўсходзе па заімглёным небе ад Хадакоў, над якімі вісела ўсю зіму, адбеглася аж на Рэпішча-пушчу і пачынала там іграць праз калючыя далёкія яловыя дзіды...
Снег, за апошнія дні добра пад'едзены сонцам, ападаў, на полі пад Асаўком паяўляліся першыя ладныя чорныя праталіны; з начы яшчэ снег сцінаўся марозам, шэрань — каня ўтрымае. На сажалках з-пад лёду паяўлялася днём вада, хаваючы зімні снег і скоўваючы яго пасля чыстым-чыстым лёдам, — і дрэвы ў інеі, і сонца, выплыўшы з-за лесу, відаць у ім, як у люстэрку.
За тыдзень падтае і снег на полі і лёд у сажалках, але нанач усё яшчэ цісне мароз. Аднойчы вечарам сонца над Сушкавам хаваецца ў доўгія сінія палосы. Дым з коміна сцелецца ў садзе па зямлі...
З начы ўзнімаецца бура, нарывае дождж, і снег увачавідкі знікае і з поля, і з балота. Зямля пад сонцам чарсцвее, і загараецца на балоце падпаленая некім, высахлая за зіму трава.
Недзе тады, усягды такім часам, прылятаюць на задроздзенскія тры сасны, што ў канцы вёскі, бацяны. Доўга кружаць угары над Кур'янаўшчынай — аж цэлы дзень, тады, намарыўшыся, апускаюцца надвечар на гняздо — надоўга, на ўсё лета...
На дрэвы ў сад прылятаюць шпакі — ад іхняга ранішняга спеву аж кружыцца галава; на балоце кігікаюць кнігаўкі, галяшачы на ўвесь свет.
На сухім месцы ля Таразэвічавага саду лезуць з зямлі пралескі і сон — раней за траву.
Пасля першыя, раней нават за вішні, зацвіталі ў садзе пад акном загранічныя ягады — ірга каласістая. Нібы чакаючы яе, адразу пакрываліся густой малочнай беллю яблыні, грушы, слівы. На лажку ля сажалак, як бы ўсё роўна сюды перакінуўся з саду цвет, укрывалася белым чарэмха. Пачынаючы ад сажалак, яна расла ля рачулкі па берагах да самай грэблі, і цяпер густы белы вір, віляючы разам з ракой, плыў з Кур'янаўшчыны да мастка і далей пад Сушкава і на Зурэчча...
Зелянела ўсё наўкола раптоўна, у адзін, здавалася, дзень, і ў сад разам са шпакамі прылятаў салавей...
Адчыняй вокны і слухай вясну, не сыходзячы з месца...
Зарыкалі пад Асаўком выгнаныя ў поле каровы; па мастку заляскаталі калёсы, засвісталі, як салаўі, пугі ля вушэй у коней.
Зямля прасіла плуга, і чалавек адгукаўся, як мог...
Лета ў Кур'янаўшчыне пачынала зацвітаць ліповым цветам. Ліпы ў алеях, зімой сухія, чорствыя і разгатыя, цяпер высіліся стагамі зялёнага сена; кроны спляліся, і не відаць праз лісце сонца; толькі пчолы, як усё роўна сетачкамі, абселі іх і цяжка калышуцца на жаўтаватых суквеццях, — напіліся так, што дай бог не зваліцца на зямлю... А тыя, што падаюць, паўзуць тады па траве і па белых галоўках дзяцельніцы ў вуллі, што хаткамі ў радок стаяць пасярод не зачэпленага яшчэ касой саду.
Сад набрыняў пахам дзяцельніцы, укропу, кміну, агурочніку і — ліпавага цвету. Аж, здаецца, зрывае нос...
Ціхім сонечным днём пах ліпы з садоў плыў аж у Асавок і за горку ў Сушкава.
Пасля ліп у Кур'янаўшчыне на полі цвіла грэчка. Шырока, ад Крыжа аж да Асаўка, зямлю ўсё роўна як засыпала снегам — нібыта ён выпаў, як выпадае ранняй вясной у зазімак.
Читать дальше