За акном усё яшчэ звінела радыё і муха — білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з хлява. Джукі тады скочыў у сад — у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз частакол... Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад лапы позні белы цвет... Д'жукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад — быў увесь белы ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару — здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй...
У садзе было ціха — каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол... Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву — у сінім небе над вёскай нылі самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі — іх было аж чатыры, — і за сцяной у хаце звінела радыё...
І Джукі, як і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся — хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б сабачага жыцця... Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба...
І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.
Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе — мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй — у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы — у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей — у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе — прыедзе...
У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры — ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы...
Джукі адразу сунуўся ў грумаду — пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара — пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага — так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак... Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў... Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы — усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.
Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў — такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам... Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках...
Читать дальше