Нанач на лог і на выганчык лёг туман, схаваў з вачэй і коней і калёсы, толькі доўга яшчэ — да самай недзе поўначы — гарэлі агні за ракой: уверх высака ляцелі іскры і доўгія цёмныя цені калыхалі густы туман і мрок. Доўга былі чуваць адтуль людскія галасы.
І хацелася Пашку Жарскаму пайсці туды — пабегчы з двара і сядзець упобачкі з салдатамі ля агню, як перад вайной з калгаснымі начлежнікамі, сцюцюрыўшыся, падагнуўшы да грудзей калені і паклаўшы на іх галаву.
Але Пашка не пайшоў: ён цяпер баяўся ісці з двара, а ў хаце стагнала хворая маці.
Усю ноч іржалі ў тумане коні. Раніцай усходам сонца абоз зняўся і неяк надта хутка схаваўся на грэблі. Туман над пустым выганчыкам падняўся ўгару, і было відаць, як на начных вогнішчах курыцца сівы дымок.
Калі абоз з'ехаў з грэблі, усюды стала пуста і ціха: на лагу, на выганчыку і ў вёецы. І ў гэтай цішыні з туманам і з лёгкім ветрыкам, што пацягнуў з-за ракі, на дварэ запахла вараным мясам — густа і востра, як пахла ў партызан з гаршка, калі яны даставалі яго з печы і садзіліся ў хаце за стол.
Пашка Жарскі не выцерпеў: забыўшыся, што яго нікуды не пускае маці, сарваўся з двара і пабег гародам на лог. На лагу за платамі былі зблэчана трава і знаць сляды ад падкоў і калёс, курэла вуголле ў вогнішчах, валяліся драўляныя парожнія скрыначкі, кабель, шлеі ад збруі, вёдры і — ?! — ленты з патронамі ад нямецкіх кулямётаў... Доўгія, расцягнутыя, як змеі, халодныя і мокрыя ад расы... Ён іх не браў — ад яго яны нідзе не дзенуцца: ляжаць пад самым плотам. Мінаючы яшчэ нешта драўлянае, жалезнае, драцянае, нагрувашчанае ў кучы, ён бег да вогнішча, якое тлела на самым беразе ракі і над якім быў відаць здалёку вялікі чорны кацёл. Перакуліў нагамі вядро — яно было парожняе і паляцела, забразгаўшы, з берага ў раку.
Кацёл быў яшчэ цёплы — можна было пагрэць халодныя раніцай рукі, — і на дне ў ім ляжалі вялікія — па мужчынскаму кулаку — кавалкі мяса...
«Каніна...» — падумаў ён: калі бег, бачыў, што ля плота ляжаў зарэзаны маладзенькі конь... Ён падумаў яшчэ, што каніны ў вёсцы ніколі не елі, але, успомніўшы, адразу забыўся на гэта: ад голаду падводзіла духі.
Кавалак мяса быў цёплы і салодкі, і з яго капаў тлушч — на грудзі — на рубашку, на штаны, на траву пад ногі; пацёк па руках пад рукавы аж да локцяў...
— Стой! Р-рукі ўверх! Б-бляха... Тут-то ты мяне не абскакаў. З-заморак... Каніну я ўжо еў. На выганчыку за ракой...
Аглянуўшыся, Пашка Жарскі ўбачыў, што перад ім стаіць Вайда Толя, нацэліўшы на яго наш аўтамат з круглым дыскам, з жоўтым прыкладам, з брызентавым рамянём — такія ляжалі ўчора вечарам на калёсах у ваенных.
Вайду Толю Пашка не пазнаваў: на галаве ў яго была выцвілая белая пілотка, на грудзях з аднаго і з другога боку віселі шырокія, у дзве столкі, пафарбаваныя ў ваенны колер металічныя шчыты, якія, мусіць, вешалі салдаты сабе на грудзі, каб не прабіла куля, і якіх, мусіць, забыліся тут на лагу разам з аўтаматам. На шчыты з-за альшэўніку свяціла сонца — стаяла якраз над Вірам — і сцёбала па вачах, як шырокім ручніком. Пашка аж заплюшчыўся...
— К-канчай жорці... Б-бляха... На аўтамат і страляй у грудзі... — Вайда Толя пастукаў кулаком у шчыты, і яны азваліся сухім стальным звонам. — Цяпер мяне ніякая зараза не возьме. Не брала і не возьме... Можаш начапіць і сабе. Там іх, гэтых шчытоў, — Вайда Толя паказаў за раку, — груды. На ўсю вёску хопіць... А аўтаматаў больш няма-а... Аўтамат быў толькі адзін. Б-бляха... Патронаў поўны дыск. Блішчаць, як капейкі...
Вельмі хаделася ўзяць аўтамат, Пашка Жарскі аж выпусціў з рук на траву недаедзены кавалачак каніны... Аўтамат быў цяжкі — не ўдзяржаць дзвюма рукамі.
— Адыдзіся да катла, адцягні затвор і лупі мне ў грудзі... Ніякая зараза не возьме праз двайны шчыт...
Пашка Жарскі і да катла адышоўся, і падняў цяжкі аўтамат, і нацэліўся ў грудзі Вайду Толю... Колькі разоў ён хацеў стрэліць з такога аўтамата, а тут — не змог... Адвярнуўся і закрыў локцем вочы. Мусіць, што трэба было страляць у чалавека — у дрэва стрэліў бы.
— С-страляй, б-бляха!.. Клоп худы і галодны... Заморак няшчасны... Духі падцягнула, косці адны, як у падлы... Сілы не хапае на курок націснуць...
І другі раз Пашка Жарскі не змог націснуць на курок. Трэці раз ён ужо не падняў аўтамат: забалелі рукі.
— Не можаш страляць — сам надзявай шчыты, б-бля-ха... Расці трэба, заморак... Давай аўтамат...
Вайда Толя падбег, бразгаючы шчытамі, зняў іх у сябе з грудзей і павесіў абодва яму, Пашку Жарскаму, на грудзі. Шчыты былі цяжкія, ад іх аж падгіналіся калені, але віселі добра на плячах, зачапіўшыся адмысловымі выгібамі, не спадалі. Пашку зусім не хацелася надзяваць шчыты. Ён пагладзіў іх спераду далонямі — шчыты былі халодныя і мокрыя з начы ад расы.
Читать дальше