Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней — насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць — вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену... Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, — адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос... Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца — расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса.
На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала.
І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу...
Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын — на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня — гальніком, дзержачы на руцэ малое.
На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё — не выключылі.
Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык — выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі — ад зялёнай пены.
Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна — і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, — і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.
Джукі лёгка клаў маладому гаспадару лапы на плечы — быў у свае няпоўныя два гады рослы — на высокіх лапах; доўгі — калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім хвастом — хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, — разумны і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед — таксіст з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з доўгімі, аж на плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець — слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі — на загранічны манер. І перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу...
Читать дальше