Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот...
Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага.
Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез... Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ёй не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў — хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць — хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.
Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.
Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны...
Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.
Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры...
Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.
Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу...
Яму адразу заклала вушы...
Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы...
Свайго канца вёскі ён не пазнаў...
Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей... Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі...
Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым...
Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам... І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў... Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў...
Читать дальше