Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў.
Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром... Ён і да трэцяй падбег... Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі...
Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер... Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам... Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу... Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі... Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі... Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў... Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост... Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар?
Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць... Джукі памыліўся... Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце... Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон...
Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе — і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом... Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай... Ля магазіна — вароты... Плот... Джукі ведаў тут усе падваротні...
Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках...
Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі — вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда...
Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак — баяцца параніць сябе.
Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік...
Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай...
Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам...
Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы...
Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і... скочыў у кабіну... Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў — нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар.
Читать дальше