Трава за спіною зашамацела, і ён аж падскочыў, але, углядзеўшыся, убачыў, што з травы вытыркаецца, нібы плыве над гэтай травою, шэры кончык-мятліца хваста. Гэта ішоў іхні вялізны пухнаты сібірскі кот, якога матцы аддалі дачнікі за тры дзесяткі яек. Вылез з травы, больш падобны на янота ці сабаку, чым на ката, сеў побач, уважліва разумнымі зялёнымі вачыма ўставіўся на паплаўкі. Васкевіч пагладзіў яго, узяў на рукі: «І як цябе занесла сюды з твайго Сіберу? Ты як і я: непрыкаяны нейкі, адзінокі, няма табе тут кампаніі...»
Прасядзеў Антон ля рэчкі гадзін да пяці, калі ад голаду ўжо добра выбрала бокі; выцягнуў з вады дубчык з нанізанымі на ім чатырма большымі акунькамі, якія пашкадаваў аддаваць кату, скруціў вуды. Кот, што таксама быў з гаспадаром да канца, спаважна пайшоў сваім следам паперадзе.
Маці сустрэла «рыбакоў» на двары. Яна была надзіва ласкавай:
— Галодны, сынку? Ідзі ў хату, я хуценька супчыку гарачага дам.
У хаце наліла суп, падала лыжку, выцершы аб хвартух:
— Еж, бо гэта ж той Валер Надзін утапіўся... Заўтра хаваюць.
У Васкевіча ўпала з рукі на падлогу лыжка.
— Дзе... ўтапіўся?!
— У Прыпяці. Яго ж дзеўка родам з-пад Петрыкава, дык паехалі к ёй, а ён палез купацца, ды зацягло ў вір, закруціла так, што ледзь знайшлі. Чорны, Рускі казаў, як галавешка! Вот, як той казаў, судзьба чалавека! Акурат у мядовы месяц...
Васкевіч падняў лыжку. Паспрабаваў сёрбаць суп са сваіх лісічак, але не палезла. Цэлы віхор думак закруціў у ім, і першая — такая вядомая ўсім жывым! — «не я, а ён...» Вось табе і пяты «жыгуль», вось табе і красуня-жонка не павіталася...
І падумалася раптам Васкевічу, што не быў яго нябожчык-аднакласнік ніякім кар’ерыстам і хамам, а быў проста талковым, разумным і, як вось аказалася, нешчаслівым беларускім хлопцам з паўднёва-палескай вёсачкі Сасноўкі.
Хавалі Валера на другі дзень, у нядзелю. Васкевіч не пайшоў ні на пахаванне, ні ў бібліятэку — могілкі былі якраз на паўдарозе паміж Двароўкай і Сасноўкаю, і можна было неўзнарок спаткаць працэсію. Чаму не хацелася бачыць усяго гэтага, сам не ведаў, проста не па сабе рабілася, калі ўяўляў «чорнага, як галавешку» чалавека ў труне, чалавека, з якім тыдні два назад сядзелі на прызбе пад хатаю і курылі. Нічога не сказаўшы матцы, Антон прыхапіў свой учарашні кош лісічак і ранішнім аўтобусам матануў у горад, да Сцяпана. Брата не застаў, пагаварыў трохі з яго жонкаю, папіў кавы, аставіў лісічкі разам з кашом і, зманіўшы братавай, што яму трэба па справах у гарадскую бібліятэку, развітаўся і паехаў у цэнтр, да базара, дзе на высокім пагорку над Прыпяццю зелянела купаламі і залацела крыжамі іхняя славутая старадаўняя царква — нейкім цудам ацалелая, адзіная на чатыры ці пяць раёнаў.
Антон упершыню ў жыцці падымаўся па гэтых каменных стаптаных прыступках, упершыню ў жыцці ступаў на гэты роўны земляны пляц перад царквою, — абсаджаны ліпамі, што ўтваралі дарожку-алею, якая вяла да царкоўных дзвярэй. Сям-там уздоўж дарожкі пад ліпамі стаялі і сядзелі людзі, і Васкевіч не адразу здагадаўся, што гэта — жабракі. Толькі калі ўбачыў ледзь не перад носам працягнутую руку і пачуў:
— Падайце на міласць!.. — схамянуўся, таропка палез у кішэню па капеикі, якіх знарок намяняў яшчэ ў аўтобусе — папрасіў шафёра даць рэшту з траячкі драбязою — і пачаў класці ў шапкі і ў працягнутыя жмені белыя манеткі па дваццаць і пятнаццаць капеек.
— Сколькі даў... — пачулася за спіною.
— Бедны, мабыць...
— Маладыя беднымі не бываюць...
Ён зразумеў, што гэта пра яго; жабракі абгаворвалі яго за тое, што па малу даў! Ён пачырванеў і закусіў губу, ледзь стрымаўся, каб не павярнуцца, аддаць ім апошнюю дзесятку, вывернуць перад імі кішэні і збегчы па лесвіцы назад, на гарадскую вуліцу... Але ён ужо стаяў перад самымі дзвярыма, а зверху, проста яму ў вочы жалобна і дакорліва глядзела з абраза Маці Божая.
— Бач, і не крэсціцца! — зноў пачулася ззаду.
Ён падняў правую руку, не адводзячы вачэй ад абраза, цвёрда ўціснуў у лоб складзеныя ў шчопаць тры пальцы, правёў імі па грудзях уніз, да жывата (цяпер управа?! ці ўлева?! якое глупства! але Валер... канчаецца на сэрцы, значыць, цяпер ўправа). Перахрысціўшыся, ён схіліў галаву, пастаяў, выпрастаўся і пацягнуў на сябе металічнае кольца дзвярэй, увайшоў у царкву.
Антон Васкевіч быў хрышчоны, праваслаўны — хрысцілі яго на матчынай радзіме, у Тураве, — але да самага паступлення ў інстытут, да знаёмства з «кампаніяй» Рамановіча, ён і ў душы, і знешне быў атэістам, у самым горшым, самым прымітыўным значэнні слова. І прычынай гэтаму было не адно толькі ваяўнічае школьна-піянерска-камсамольскае цемрашальства. Можна смела сказаць, што сапраўдную глыбокую рэлігійнасць дзіцяці могуць даць толькі тыя, хто пусціў яго ў свет, — бацькі. Свайго бацькі Антон не помніў, бацька памёр у год яго нараджэння, а маці... Малы, Антон часта пытаўся:
Читать дальше