Трэба былі змены. І каб не пакорліва чакаць, апусціўшы рукі, як ён да гэтага рабіў, змен ад кагосьці, а самому спрабаваць штось змяніць. Толькі што? Як?!
І вось, дзён праз колькі, прыдумалася «што і як».
Моцна захварэла маці — у самы разгар спякотнага лета пачала смаркацца, чыхаць, ёй аблажыла горла. Паспрабавала вылячыцца сваімі сродкамі, паслала Антона назбіраць камянёў, увечары разагрэла іх на гарачым чаране печы, паклала ў місу з вадою, накрылася ўся дзяругаю і сядзела над гэтай місай, дыхала параю. Ад гэтых лекаў у яе толькі страшна счырванеў твар, закружылася галава, потым лінулася з носа кроў, так што Антон ледзь давёў маці да ложка.
— Добра... у адпуску, — сказала яна, задыхаючыся, — захварэла, а то б скарацілі з работы.
Антон пабег да прадаўшчыцы, яму адкрылі магазін, па тэлефоне выклікалі «хуткую», якая прыехала толькі пад раніцу. Маці зрабілі ўкол, далі таблетак, сказалі, што гэта павышаны, «старэчы» ціск і трэба хоць дні тры «пасцельнага рэжыму».
Здарылася гэта ў першых чыслах ліпеня, калі Антону трэба было ехаць у горад па палучку і завезці ў бібліятэку планы і справаздачы. Нікуды ён, вядома, не паехаў: варыў кабанам — маці, лежачы, расказвала, які чыгун узяць, колькі туды класці бульбы, буракоў, усыпаць мукі, уліць вады, — палоў агарод, які, нягледзячы на тое сухое лета, зарос метровым пустазеллем, гатаваў сякую-такую ежу сабе і матцы, глядзеў, каб яна ў час піла парашкі, заварваў ёй сухія ягады каліны — гэтай каліны Пульс, даведаўшыся пра хваробу, прынёс цэлы мяшэчак.
На другі дзень маці пачала патроху ўставаць, хадзіць, а на трэці, як ні ўпрошваў, як ні сварыўся на яе Антон, ужо з раніцы стаяла ракам на сотках. У горад Васкевічу было позна ехаць. Ён вырашыў паслаць свае планы і справаздачы пісьмом і заадно патлумачыць, чаму не з’явіўся. Так і зрабіў. А перад гэтым маці, добрая душа, не забылася, што Пульс даваў каліну і папрасіла Антона занесці яму ў падзяку пляшку самагонкі. Антон аднёс, і разам з Пульсам яны гэтую самагонку і выпілі. Магчыма, не быўшы на падпітку, Васкевіч не зрабіў бы таго, што зрабіў. Седзячы ўвечары ў верандзе, ужо заклеіўшы канверт з «бібліятзчным» пісьмом, яму прыйшло ў галаву, што трэба напісаць і ў Мінск, у інстытут. Сапраўды, гэта ж так проста! Каму ён трэба, калі ён сам пра сябе не падае знаку? Ды жывы ён увогуле ці не? Ліпень, у інстытуце працуе прыёмная камісія, рэктар будзе на месцы...
Гэта быў саромны, пакаянны, па-руску напісаны ліст, пра які потым Васкевічу і самому няёмка, цяжка было ўспамінаць, а тым больш расказваць некаму.
Ён пісаў, што вось ужо столькі месяцаў адлічаны з інстытута, і дасюль не ведае, за што. Воля Ваша, — пісаў ён, — можаце мяне і не ўзнаўляць. Але звяртаюся да Вас не як да рэктара, а як да чалавека: чыркніце мне хоць пару слоў, ці ёсць у мяне хоць маленькая кропля надзеі? Калі я нават і быў у нечым вінаваты, дык «за даўнасцю часу» даруюцца і не такія, як маё, злачынствы...
Не перачытваючы, заклеіў, падпісаў адрасы на абодвух канвертах.
Ужо раніцай яму, праспаламу, зрабілася сорамна; але ён згадаў выратавальнае: «Мне трэба варухнуцца, паспрабаваць самому сабе памагчы. А там Каму трэба, Той вырашыць», — і ў Двароўцы аднёс лісты на пошту.
За ўвесь ліпень Васкевіч ні разу не выбраўся ў горад, і ўвесь ліпень прайшоў у чаканні.
Антон акрыяў душою — што значыць жыць, калі ёсць надзея! Няважна, узновяць яго, не, але яму вымушаны будуць адказаць, штосьці патлумачыць, урэшце проста адазвацца, падаць голас з таго, ужо забытага ім, цудоўнага свету. Ён успамінаў словы са свайго ліста і адчуваў, што не адазвацца на іх, на той крык душы, хай сабе і казённа-дзяжурна адазвацца, не зможа нармальны чалавек. А ліст адрасоўваўся ўсё ж самому рэктару! Які вунь і з Міцурам нармальна пагаварыў.
Між тым, час бег, кожны дзень Васкевіч забіраў бібліятэчную пошту і не знаходзіў сярод газет і часопісаў жаданага канверта. Міналі ўсе тэрміны. Першага жніўня, прыехаўшы ў горад, атрымаўшы ў бухгалтэрыі аддзела культуры палучку за два месяцы, Антон пайшоў у бібліятэку, да Валянціны Мікалаеўны, і быў сустрэты ёю насмешлівым прывітаннем:
— А что это вы мне прислали? — яна працягнула Антону раскрыты канверт, адкуль выглядаў ражок яго ліста... рэктару. — Мне это вовсе не нужно. Это в Минск нужно, — пацяшаючыся, усё дабівала яго харошанькая дырэктарка.
Трэба ж — ён умудрыўся пераблытаць адрасы на канвертах! Во здзівяцца ў Мінску, атрымаўшы пісьмо з табліцаю, колькі чалавек у жніўні месяцы збіраецца наведаць нейкую Двароўскую бібліятэку, якія іх чакаюць кніжныя выстаўкі і іншыя культурныя мерапрыемствы...
Читать дальше