— Я думаў, а адзін такі максімаліст, а ты, аказваецца, яшчэ горшы. Паслухай…
— Ты кажаш, не знайду ні ў воднай кнізе? — аніяк не хацеў слухаць п”яны Васкевіч. — А гэта як? — Ён кінуўся да другой паліцы, выкалупнуў тоўсты том. — Глядзі — адгортваю наўзгад, не спецыяльна… “Вчера, слышу, идет по деревне и поет блядским голоском: “Как андел небеснай прикрасна, как деман каварна и зла”… Вось што ёсць, вось сапраўднае, ад якога скуру дзярэ!
— Пачакай. паслухай: я выдатна разумею тваю настальгію па Чэхавых і Буніных, тым больш я сам праваслаўны, славянін. Можа, калі б я, як Міцура, пісаў нешта, дык пісаў бы так, як табе падабаецца, — традыцыйна, з прыродай і таму падобнае… Але зразумей, гэта ўчарашні дзень, гэта толькі тваё і маё. Чалавецтва ідзе да уніфікацыі, і прыйдзе, хацелася б нам таго, ці не. Ад нас залежыць толькі адно — каб не з лапцямі на плячах увайсці ў сусветную культуру, а…
— Вось калі тая уніфікацыя настане, тады засяду за Борхеса! А пакуль мне вось так хапае Чэхава з Буніным. Гэты твой Борхес, адкуль ён? З Буэнас-Айраса? Ну і хай ляжыць сабе пад пальмаю! Што ён мне можа сказаць, чалавек, які ўсё жыццё глядзеў на пальмы, мора, іншае неба? І продкі яго. А мой дзед Антон глядзеў вунь на тыя каровячыя сляды, на луг, якім мы праходзілі, і бацька мой глядзеў, а цяпер і я… Вядома, ў нас і псіхалогія свая, і…
Васкевіч махнуў рукою, пайшоў да кафедры і яшчэ выпіў. П’яная дурасць, п’яны запал падказалі яму раптам такое, што ён аж скалануўся — не ад гарэлкі, а ад нядобрага цынічнага захаплення перад тымі словамі, якія ён зараз скажа сябру.
— Ну ты малайчына, — Алесь увесь час слухаў яго з усмешкаю. — Ты хоць здагадваешся, што ледзь не слова ў слова паўтараеш гэтага самага Борхеса?
— Алесь, — сказаў Васкевіч. — Я вось тут, на гэтых крэслах, п’яны, з п’янай дзеўкаю.., і малую ціскаў ля гэтых стэлажоў... а вось гэта! — абвёў ён рукою вакол, — збор мудрасці чалавечай усіх вякоў і народаў, глядзела моўчкі — і неба не раскалолася! Дык вось тое, што на крэслах — было, а ўсяго іншага — няма!
Як маці ні ўпрошвала Рамановіча астацца хоць пераначаваць, як ні прабачалася за свайго «дурня непуцёвага» (Васкевіча Алесь ледзь не пад рукі прывёў з Двароўкі, і той цэлы дзень праспаў), Рамановіч не хацеў і слухаць. Пад вечар трохі адаспалы, пануры, маўклівы Васкевіч праводзіў яго на станцыю. І толькі ўжо на пероне, перад самым цягніком, спытаў:
— Шкадуеш, што прыехаў?
— Усё нармалёва, — унікліва адказаў сябар, у адкрытую пазіраючы то на гадзіннік, то на семафор, які вось-вось павінен быў засвяціцца зялёным.
— Алесь, ты сам пабачыў — я не змагар... Але я за вас, ваш — вер! І вер, што самае большае, што магу тут, я раблю! Калі дзве мае знаёмыя дзеўкі хоць дзяцей сваіх не будуць адвучваць ад мовы — успамінаючы, што быў у іх некалі беларускі хлопец, — і то для мяне гэта будзе найлепшая ўзнагарода.
— Усё нармалёва...
Адзінокі Васкевіч стаяў і глядзеў услед цягніку, што імкліва аддаляў і аддаляў ад яго такога раней блізкага чалавека.
А на другі дзень, увечары, адбылася падзея, якая проста дабіла Антона.
Прыехаў з Мінска да маці, Надзі-паштальёнкі, былы Васкевічаў аднакласнік Валер. І не проста прыехаў, а на сваёй машыне і з маладой жонкаю.
— Вунь, я кажу, хлопчыкі і вучацца, і жэняцца, і не п’юць, і ніхто не выганяе, — бурчэла маці, злая на Антона яшчэ за ўчарашняе. — Ён жа тваіх гадоў, а ўжо і жонка, і машына... Талан людзям!
— Адкуль у яго машына?
— Цесць купіў! А ты пі, куры...
Мабыць, не толькі з Сасноўкі, а і з усіх навакольных вёсак толькі два чалавекі і вучыліся ў Мінску, Васкевіч і Валер: адзін — на філфаку, другі — у радыётэхнічным. Аднак у Мінску яны ні разу не сустрэліся, як гэта часта бывае паміж блізкіх землякоў, жылі кожны сваім, — ды проста не хацелі, відаць, сустракацца, бо там праехаць было адзін да аднаго некалькі прыпынкаў на метро.
Яшчэ менш хацелася гэтай сустрэчы Васкевічу цяпер. Успамінаўся свой прыезд — як Пульс на саначках вёз сумку, і вось Валераў — на «аўто», з дзяўчынаю... Была розніца. Але Валер, які, аказваецца, нават не ведаў, што Васкевіч даўно ўжо не студэнт, сам прыйшоў, прапанаваў прайсціся, пагаварыць. «Трэба ж яму сведка яго трыумфу», — думаў Васкевіч. Пайшлі да хаты Надзі-паштальёнкі.
— Матка рассказывала, ты здесь поддаёшь немного? — смеючыся, пытаў Валер. — Молодец — а что ещё делать?
Антону і ў галаву не прыходзіла гаварыць з Валерам так, як учора гаварыў з Рамановічам. Ён паддакваў Валеру, ледзь не ў рот глядзеў, сам стараўся падсмейвацца з сябе — як з няўдачніка, ведаючы, што для гэтага ён цяпер і спатрэбіўся.
Читать дальше