Неўзабаве хлопцы выйшлі з хаты і падаліся на Двароўку. Васкевіч знарок павёў госця не шашою, а напрамкі. Майскае сонца грэла па-летняму, дарога была сухая, убітая, усё вакол зелянела. Тут, у вёсцы, а асабліва калі мінулі вёску і паўз дарогу з аднаго боку пацягнуўся лес, а з другога — зялёны, зарослы кустоўем лазы луг, Васкевіч яшчэ больш, чым у сваёй хаце, адчуў сябе гаспадаром. Рамановіча ўсё цікавіла, ён круціў ва ўсе бакі галавою, голасна захапляўся — ці папраўдзе, ці проста з ветлівасці госця.
— Там што, рэчка? — паказаў ён на луг, на лазовыя карчы, круглыя, як зялёныя шары, бы дэкаратыўныя.
— Рэчка. Тут бабры жылі некалі, плаціна была. Помню, мужчыны злавілі аднаго сеткаю, выцягнулі на бераг — от папаплакаў!
— І што, забілі?
— Яшчэ што... Выпусцілі. Грэх быў.
— Якая ўсё ж багатая наша Беларусь! І рыба тут ёсць?
— Была некалі. Хаця і цяпер яшчэ можна злавіць. Ракі былі, налімы — мяні, па-нашаму, вадзіліся ўюны; уюноў за рыбу не лічылі...
Васкевіч расказаў, як колісь, у засушлівае лета, капаў уюноў проста насупраць свае хаты. Рачулка перасохла, толькі на дне асталося мо з метр гразі. І ў гэтай гразі поўна дзірачак — уюны дыхалі. Ён узяў некалькі дошак, вядро, заступ (рыдлёўку), упіхнуў дошкі ў гразь, зрабіўшы як бы загарадку-сценку, і стаў перакідаць гразь за гэтыя дошкі, і яна не спаўзала. Хутка дакапаўся да цвёрдага белага дна, ачысціў гразь паўз бераг, а ў беразе — норы. Засунуў у адну руку — і выхапіў, аж страшна стала; торкнуў туды дзержаком, паварушыў — і пасыпаліся ўюны, як вугры, як гадзюкі, жоўтыя, чорныя, рабыя, штук пяцьдзесят з адной нары! А дно даволі цупкае, чыстае, уцякаць ім няма куды. Набраў вядро за пяць хвілін. А потым прыляцела пчала, заблыталася ў валасах, рукі па локаць у гразі, не згоніш. Укусіла, пачала балець галава — плюнуў і не капаў больш. А ўночы дождж лінуў — і ўсё, напоўнілася рэчка.
— Трэба ж! А я вось ніколі не бачыў жывога ўюна!
— Добра, уюны ўюнамі, раскажы лепш, што там у вас? — сказаў Васкевіч. Яму хацелася, каб Алесь загаварыў пра Лену.
— У нас? Многа чаго... Двума словамі не раскажаш, а так... Я пра другое думаю. Думаю вось пра што — якога чорта мы ўсе скупіліся ў Менску?! Сярод людзей трэба быць, паміж народу! Я скажу шчыра — я зайздрошчу табе, Антон. Рана ці позна цябе ўзновяць, пра гэта нават гаворкі няма, але цяпер — ты ж проста ў ножкі павінен пакланіцца тым, што цябе выгналі! Такая магчымасць — пабыць тут, сярод прыроды, людзей...
— Ага, дзякую, — панура перабіў Васкевіч. Яму чамусьці і не ўспомнілася, што ён сам не так даўно дзякаваў лёсу за сваё выгнанне; проста цяпер яго ўзяло за жывое. — Я і так усё жыццё сярод гэтых людзей, ведаю іх, як аблупленых, як і яны мяне — што, агітаваць іх? Вось я цябе ўвечары пазнаёмлю з Пульсам ці з Ручкам, пагляджу, як ты іх з’агітуеш!
— Пры чым тут? Сам факт: чалавек вучыўся ў горадзе, працуе ў бібліятэцы, малады, культурны — а гаворыць па-іхняму! Ужо ў гэтым лепшая агітацыя!
— Не ведаю, можа быць... Васкевічу ўсё карцела пачуць пра Лену; ён зноў спытаў:
— Дык як там нашы?
— Міцура табе прывітанне шле... А, слухай! — засмяяўся Алесь. — У яго нядаўна выйшла кніжка ў бібліятэцы «Маладосці». Здаем мы іспыты па рускай літаратуры. Міцура выцягвае білет, чытае пытанне, і яму не падабаецца фармулёўка — нешта «В чем сила Толстого как художника и слабость как мыслителя?» Падыходзіць да нашай Машы: «Я хачу другі білет». — «Нельзя. И вообще, почему вы на экзамене по русской литературе разговариваете по-белорусски?» — «Адказваць я буду па-расейску, дайце мне, калі ласка, другі білет». — «Никакого билета я вам не дам, это право преподавателя». Ах, так? Ён выходзіць з аўдыторыі і піша заяву, каб дазволілі здаваць другому выкладчыку. Назаўтра выклікаюць да рэктара. «У меня есть сведения, что вы принципиально не хотите сдавать русскую литературу». — «Я прынцыпова не хачу апускацца да ўзроўню «Толстой в силу ограниченности своего мировоззрения»... Што за лухта?» — «Вы хотите сказать, что Толстой как мыслитель был безупречен?» Ты ж ведаеш Міцуру, той заводзіцца: «Пакуль яго не пачалі выкладаць у школах і ВНУ — зрэшты, як і любога вялікага пісьменніка — так, да тых часоў быў «безупречен»! Ва ўсялякім разе, не Марыі Іванаўне талкаваць пра яго «ограниченность». — «И тем не менее, я все же остаюсь при том мнении, что вы специально тянете время, на самом же деле просто-напросто не любите и не хотите знать русской литературы». Міцура злы, вазьмі і ляпні: «Я, калі на тое пайшло, сам гэтую літаратуру раблю!» — «Как это?» — «Так, друкуюся трэці год, вось кніжка» — і выцягвае з кішэні кніжку — ён насіў яе з сабою, як некалі дзед Талаш за поясам «Дрыгву». Ведаеш гэтую гісторыю? Хадзіў па Петрыкаве з «Дрыгвою» за поясам, і не падступіцца было... Дык вось: «Для вас гэта навіна? — пытае Міцура. — Скажыце шчыра — вы чыталі хоць адно маё слова?» Рэктар раптам чырванее, лезе ў шуфлядку, мармыча: «Почему же, я люблю творческих людей, и сам печатаюсь...» — і выцягвае папку, а з яе... дзве ці тры маленькія, на калонку, газетныя выразкі! Яго творчы здабытак за ўсё жыццё!
Читать дальше