а бацька дома, адпачывае
і пайшла праз вітальню наперад, адкуль ужо даносілася мармытанне тэлевізара, а потым з’явіўся і сам Іосіф Манюка; высунутая яго сківіцы нешта жавалі, і сказаў
праходзь, Люба
і тут жа спытаў асцярожна
ну, як жывеш, з чым прыйшла?
і запрасіў сесці, сеў сам на пацёртую, у плямах канапу, і жанчына пачала нервова расказваць пра тых прыхадняў-бежанцаў, голас яе задрыжаў ад хвалявання, пакуль яна гаварыла пра тое, што адбылося з ёй за апошнія суткі, але раптам нібы ачуняла, бо Манюка зірнуў убок і перабіў яе трывіяльнымі словамі
усе яны — таксама людзі і ім жыць трэба, анягож
і адвёў вочы, а яна пасля яго слоў сцялася і зірнула на Манюку больш уважліва, але ўжо праз якую секунду збянтэжанасці знайшлася што адказаць, і словы яе прагучалі, як прыхаваны ўкол гаспадару дома, калі яна вымавіла
і ты б, сусед, за Роняй сваёй прыглядваў, а то ля яе занадта тыя чужынцы пачалі круціцца
але Манюка, пэўна, ужо нешта ў сваёй галаве абмазгаваў, пралічыў і вырашыў, бо сказаў
што мы зробім, калі і ўлады і міліцыя рады не могуць даць
і дадаў
а можа, і не хочуць
але яна ўжо не слухала, бо яе на ваніты пацягнула ад такіх слоў, і яна паднялася з крэсла, таропка кіўнула, развітваючыся, і пайшла, а гаспадар цягнуўся следам, жаваў выцягнутымі наперад, як у малпы, сківіцамі і гнуў свае
усім жыць трэба, усе хочуць есці, піць, анягож
а яна ішла па вузкай, заваленай смеццем і зарослай ля плота дзядоўнікам, падбелам і падарожнікам вуліцы і думала, што жаданні есці, піць і спажываць як мага болей — хіба не гэтыя інстынкты валодаюць светам, і калі свет толькі такі, дык ён варты свайго лесу, а даўнёнак ужо чакаў яе на верандзе, бо ў сад ён, як яна адзначыла, без яе не выходзіў, і гаварыў
ПіляПіляПіля
а потым сумна ўсміхнуўся, зусім як дарослы, і сказаў
мы грэбаныя псіхі
і папрасіў
кашыкашыкашы
а яна, унутрана сцепануўшыся, пацікавілася
хто табе пра псіхаў давёў?
на што даўнёнак паказаў пальцам у бок фралоўскага дома, а яна сказала
не гавары так, а то прыедзе Даніла і будзе на цябе крычаць
і даўнёнак адразу пераключыўся
ДаняДаняДаня
а яна пайшла ў хлявок па сіта, каб працерці парэчкі хлопчыку на джэм, стараючыся не глядзець на абабраныя і абламаныя кусты і яблыні ля плота, а ля самых дзвярэй у хлявок спынілася, бо пачула адтуль галасы: спачатку дзявочы, які прасіў
ну, не трэба, не
а потым мужчынскі, які гучэў неразборліва і гугнява
бугубудубугуду
ціха прыадчыніла дзверы і ўбачыла на старой канапе, якую сама калісьці выкінула сюды з хаты, дзяўчыну ў жоўтай трыкатажнай майцы, светлавалосую, з вострым тварыкам, на якім выдзяляўся тлуста падведзены памадай рот, спадніца яе была заголена, майткі валяліся на падлозе, аголеная рука звісала з крэсла, што стаяла побач з канапай, а да яе спінай, так, што твару не было бачна, а толькі чорная валасатая патыліца, сядзеў, пэўна, адзін з тых падлеткаў, што пасяліліся ў фралоўскім доме, торкаў шпрыцом і гаварыў гугнява
ну, рука ў цябе, в натуре, «дарогу» не знайсці
зноў торкаў, а жанчына праз прыадчыненыя дзверы назірала ўсё гэта і стаяла так з паўхвіліны, пакуль урэшце яе ўбачылі, пасля чаго дзяўчына падхапілася на канапе і абцягнула ногі сукенкай, але хлопец стрымаў яе палахлівы імпэт і, нахабна вышчарыўшы ў залатых каронках зубы на цёмным, вузкалобым твары, на якім, здаецца, валасы раслі ад самых брывоў, абарваў
тусуй ты адсель на х…, сука старая
спрытна падскочыў да дзвярэй і захлопнуў іх знутры
бугубудубугуду
яшчэ гугнеў ён там і мацюкаўся, а яна ўжо бегла да веранды, дзе, як ведала, стаяла ў шкапчыку бутэлька з бензінам, адшукала і, не памятаючы сябе, кінулася назад, да хляўка, вырвала зубамі корак і лінула з бутэлькі на дзверы і на сцены, але запалак у кішэні фартука не знайшлося, і яна зноў памкнулася на веранду, а калі вярталася, ўбачыла дваіх — зусім не тых дзяўчыну і хлопца, а іншых падлеткаў, — на яе погляд, з дома, які быў прыбудаваны за фралоўскім: чорнавалосых, у спартыўных касцюмах, адзін трымаў у роце цыгарэту, і ўвогуле падлеткамі іх можна было назваць умоўна, бо яны былі па-мужчынску дужыя і, пэўна, ужо галіліся; і раптоўная здагадка маланкай працяла яе: яны ж чакаюць сваёй чаргі, і стаялі за хляўком з паўночнага боку — там ёсць маленькае акенца, і цікавалі праз яго на тое, што робіцца ўнутры, і рукі ў яе затрэсліся, калі яна выцягвала з карабка запалку, але падлеткі схапілі яе і вырвалі карабок
Читать дальше