— Гэта так. Наш старшыня — справядлівы і чэсны, і каб не гэта хвароба... — пагадзіўся Ігнат.
— Таму нейкі час ты будзеш і за яго, і за сябе. Адсеецеся, тут і жонка твая добры памочнік, пасля накіруем цябе на курсы старшынёўскія, а то і ў Мазыр ці ў Мінск пашлём. Падкуём, значыць, тэарэтычна. Ну, а там, як пакажаш сябе, кандыдатам у партыйныя рады міласці просім. — Нікіценка гаварыў нягучна, добразычліва, і Ігнат адчуў, што гэты чалавек спадзяецца на яго, верыць, што робіць правільна.
— Андрэй Мікалаевіч, а калі падвяду, калі не спраўлюся? — не супакойваўся Адамчык, яго лоб нават узмакрэў.
— А не маеш права так нават думаць! Што, думаеш, мяне вучылі кіраваць? А як жа? Ведаеш добра: звычайным следчым быў. Пасля партыйная работа. Нічога страшнага. Толькі час, тваё жаданне нешта змяніць да лепшага і старанная, да ўпартасці, праца, уменне слухаць людзей — вось аснова ўсіх навук. А ты ж з цягавітага, гаспадарскага роду, наколькі ведаю. Нябожчык Мірончык цябе таксама вельмі паважаў. Мы з ім неяк гутарылі. Ды і рэкамендацыю на цябе пакінуў у партыю. І брат твой Мікола ўжо настаўнічае, а Хведар, кажуць, у органы міліцыі збіраецца таксама — добрыя ж вы хлопцы, савецкія.
— Вы і пра іх усё ведаеце? — здзівіўся Ігнат.
— Я павінен ведаць аб усім, што робіцца ў раёне. І больш таго, пра моладзь, якая нас заменіць, нашу справу. Гэта мой партыйны абавязак. Таму, не хвалюйся, і да заўтра, Ігнат Сцяпанавіч, — Нікіценка моцна паціснуў яму руку.
10
У вучэбным класе МТС ішлі падагульняючыя заняткі, калі Ігнат выклікаў Верку. За два тыдні, што яны не бачыліся, столькі здарылася падзей, што Ігнату хацелася як мага хутчэй расказаць ёй пра іх. Але калі яна без кажушка выскачыла ў доўгі, халодны калідор — толькі ў канцы яго была грубка, якая не магла абагрэць усю плошчу, ён, замест таго, каб пацалаваць жонку, сказаў, напаўсур’ёзна, напаўжартам:
— Вы што, Верка Адамчык, захварэць уздумалі? Марш па кажух!
— Вось ты які, ну, чакай! — жонка, знарочыста неадабральна бліснуўшы вачыма, знікла ў вучэбным класе, а праз хвіліну выпырхнула адтуль, на хаду завязваючы квяцістую хустку. Тую самую, якую мінулай восенню ён купіў ёй на раённым кірмашы.
— Ну, цяпер, іншая справа, — Ігнат абняў Верку і моцна пацалаваў.
— Мядзведзь бечынскі, як дзеці? — толькі і паспела прашаптаць яна, і нібыта крыху пакрыўджана адступілася ад мужа. — Аж дыханне збіў...
— А што — дзеці? Растуць, як ім і трэба. Я ж цябе так кахаю, родная, — Ігнат шчасліва ўсміхнуўся і з такім жа імпэтам зноў абняў жонку і пацалаваў.
— Задушыш, паразіт, не адну, дваіх... задушыш... — Верка адвяла моцныя рукі, і, шчасліва ўсміхаючыся, зірнула ў яго пасвятлелыя вочы.
Той на хвіліну застыў на месцы, потым амаль закрычаў:
— Ты... Няўжо? Няўжо, Верка, гэта праўда? У нас будзе сын?
— Ды праўда ўжо, жывот вунь хутка не схаваеш, — усміхнулася яна, паказаўшы мужу, што таксама вельмі радая.
— Я самы шчаслівы сёння чалавек, Верка! Вось ты якая! Дзякуй табе за такі падарунак. Лепшага мне і не трэба. А калі... калі дзіця народзіцца?
— Аге ж, не помніш. Не помніш тую ноч, калі Нінцы лепей стала, забыўся? Як усё будзе добра, то ў канцы лета. Так што не хвалюйся, брыгадзір, трактарыстка Адамчык вясной будзе працаваць, як трэба!
— Ну, паспрабуй толькі кепска! Ды і брыгадзір я — апошні дзень...
— Што здарылася? Як гэта — апошні дзень? — разгубілася Верка, насцярожылася, пільна паглядзела на мужа.
— Ды ты не пра тое падумала, дурненькая. Я ж толькі што з райкама партыі... — пачаў Ігнат, і ўбачыў, што Верка ўжо не на жарт спалохалася, нават абаперлася аб падаконнік. — Там, як кажуць, на іншую пасаду сасваталі.
— Заўтра вечарам у арцелі сход. Нікіценка будзе прапаноўваць мяне намеснікам старшыні калгаса. Чэркас жа, ведаеш.
— Няўжо ты згадзіўся, Ігнатка? — яшчэ больш спалохалася жонка. — Гэта ж якая адказнасць, га? Брыгада — пяцьдзясят чалавек, а тут — уся арцель. А ці справішся, Ігнат? А як цяпер дзеці? Я ж на гэты трактар узаб’юся, дык з рання да ночы, і ты ў калгасе. Бедныя нашы дзеці.
— Нічога, справімся, — ціха, але цвёрда прамовіў Ігнат. — Дый я ж толькі намеснік, а Чэркас, можа, паправіцца, і мне будзе лягчэй. Ён жа вопытны, яму вучыцца, як мне, не трэба...
Верка цяпер сама абняла мужа, прашаптала яму на вуха:
— Памажы табе Бог!
— Верка, ты ж камсамолка! Кінь...
— Ніхто мне не даказаў, што Бога няма. І ён нікому не шкодзіць, дурненькі ты мой. — засмяялася яна шчыра і радасна.
— Добра, але больш не згадвай, — Ігнат пяшчотна пацалаваў жонку, сумна сказаў. — Але ж і гэта не ўсе навіны...
Читать дальше