— Ну вось, цяпер мы на сваёй дарозе, — з палёгкай уздыхнуў Ігнат, шырока размахнуўся і, нібы кап’ё, шпурнуў свой даўгі, за гады адпаліраваны далонямі шост у густы лазовы куст.
Уздыхнуў, ухапіўся рукамі за тоўстую лазіну, падналёг, і лёгкая лодка, нібы тарпеда, вылецела на прастор, урэзалася носам у мяккі нізенькі бераг. Тут, адразу ж за беражком, акружаная ўсё такімі ж пышнымі кустамі лазы, ляжала невялічкая, нібы танцпляцоўка ў парку багатага калгаса, палянка, усыпаная мільёнам рознакаляровых лугавых кветак. I ў самым цэнтры паляны, нібы знакамітая балерына, што святкавала свой юбілей, стаяла рослая, ужо не маладая, але непаўторна-прыгожая бяроза. Пад бярозай сціпла прытуліўся самаробны стол, а паабапал яго — дзве нізкія лавы. Пад бярозай, пад сталом і пад лавамі нясмела зелянела не густая высокая трава, — людская нага даўно яе не кранала.
— Вось тут мы і пераднюем, — аб’явіў Ігнат, скочыўшы з лодкі на бераг.
VI
Ён катэгарычна загадаў: да вечара — ні з месца. Да Ціхага Бору — гадзіны дзве ходу, а да начы з’яўляцца там нельга, там — гарнізон, хоць і «дохлы», два старыя нямецкія унтэры ды чалавек дзесяць паліцаяў, амаль усе мужыкі мясцовыя, якія прыляпіліся да «гарнізона», відаць, толькі дзеля таго, каб не трапіць ні ў Германію, ні ў партызаны. Шчарбатыя унтэры ім давяраюць не вельмі, і яны па чарзе ноччу вартуюць на гравейцы дзіравы мост ці ходзяць па чыгунцы ад пераезда да раз’езда, і на гэтым перагоне — ціха. Нямецкія эшалоны ляцяць пад адхон троху далей, за раз’ездам, ужо ў лясной глухамані, і таму ціхаборскі гарнізон у немцаў лічыцца надзейным. Амаль за тры гады бездакорнай службы бравыя унтэры і два ці тры паліцаі абзавяліся баявымі медалямі.
Паведаміўшы Крамнёву ўсё гэта, Шаблюк заваліўся пад бярозай. Спаў ён аж да часу, пакуль не схавалася сонца за Бабцоўскім лесам, а як толькі пачарнелі вяршыні далёкіх ялін і трошку паярчэла неба на ўсходзе, бадзёра падхапіўся, весела заспяшаўся:
— Во, цяпер можна і ехаць...
Як толькі мінулі азярцо, дзе лавілі раніцай рыбу, лодка зноў заблыталася сярод магутнага дзікага кустоўя. Старыя лазнякі, скрозь сухая чорная крушына, чорны альхоўнік, аблытаны дзікім учэпістым хмелем, праз які не пралезці і зайцу, хмура павіслі над вузкай пакручастай стужкай цёмнай вады, якая аказалася зусім не рачным «рукавом», а маленькай самастойнай рачулкай — адным са шматлікіх безыменных прытокаў Ціхай Лані.
Спакойная, слабасільная, сціснутая дзікімі нетрамі рачулка, спалохаўшыся, што ёй ніколі адсюль не выбрацца, то кідалася з боку ў бок, то раптам крута вярталася назад, і тады Васіль пазнаваў мясціны, якія ўжо бачыў дзесяць, дваццаць мінут назад. I лезлі ў галаву капітана няпрошаныя трывожныя думкі. Куды плывём? Ці ведае хоць сам гэты бабцоўскі Сусанін?
Прыціхла і Соня. За свае дваццаць чатыры гады жыцця ў вялікім сталічным горадзе, потым, нядоўга, праўда, у прыгожай падмаскоўнай вёсцы, і нават тут, у партызанах, ёй ніколі не думалася і не снілася, што дзесьці тут, на роднай беларускай зямлі, ёсць вось такія мясціны! I паступова ў галаву дзяўчыны закралася думка, што зямля, па якой яна так лёгка хадзіла, па якой так упэўнена ступала яшчэ некалькі гадзін назад, знікла, і што ёй ужо ніколі не выбрацца з гэтых гіблых мясцін, дзе не ступіць нагою, дзе, здаецца, даўным-даўно згінула, вымерла ўсё жывое. Ды і ці было яно тут?
I толькі сам Шаблюк адчуваў сябе выдатна. Шчуплы, рухавы, як ртуць, апрануты ў новую вайсковую форму, з медалём на грудзях, ён быў падобны на зухаватага маладога ваяку, які вызначыўся ў першым жа баі, за што і адзначаны. Трывала ўпёршыся натрэніраванымі нагамі ў хісткае дно лодкі, ён лоўка арудаваў то вяслом, то шастом, і даволі вялікая ды лёгкая пасудзіна паслухмяна віляла сярод навіслых над вадою кустоў, лоўка абмінала затопленыя, даўно паваленыя віхурамі дрэвы.
Ціхмяная рачулка яшчэ выкінула некалькі мудрагелістых каленцаў, вузлом завязалася вакол карабатай алешыны з вялікім чорным гняздом на сухой вяршыні, яшчэ з паўгадзіны паблудзіла сярод бухматых кустоў лазы і, нібы канчаткова выбіўшыся з сіл, пачала неахвотна выпрамляцца. Нерухомыя, амаль чорныя кусты, што змрочнай сцяной стаялі паабапал рачулкі, пасвятлелі, ляніва, адзін за другім, разбрыліся ў розныя бакі, нібы статак якіхсьці няўклюдных дагістарычных істот, і лодка зусім нечакана апынулася на шырокай зялёнай раўніне сярод высокіх густых трыснягоў. Вада ў рачулцы ажыла, пасвятлела, каля берагоў заварушыўся рэдзенькі сітнік, і Шаблюк памяняў «боўтку» на вясло. Слабая плынь мала шкодзіла лодцы, і яна адразу ж наддала хады.
Читать дальше