39
Пасля смерці Лізы ўсю сваю любоў і пяшчоту Таіса аддавала сыну. А ён, каб вызваліцца з-пад яе апекі, усё часцей знікаў з дамоўкі, пачаў наведваць секцыю байдарачнікаў, што страшэнна палохала маці, у якой вада ўжо забрала адно дзіця. Калі Міця затрымліваўся, Таіса хадзіла яго шукаць на канал, што злучаў возера з электрастанцыяй. Ён крыўдаваў і злаваў, сварыўся з маці, пагражаў, што ўцячэ з дому. Тады яна плакала ад бездапаможнасці, не ведаючы, як паладзіць з сынам. Аднойчы ён доўга не вяртаўся з трэніроўкі. Таіса занепакоілася, пайшла на канал, але на байдарачнай станцыі сустрэла толькі вартаўніка, які сказаў, што трэнер і спартсмены даўно разышліся па хатах. Яна спытала пра Міцю. Вартаўнік запэўніў яе, што ўсе хлопчыкі жывыя і здаровыя, паздавалі байдаркі і пайшлі дамоў.
Таіса ледзь не подбегам кінулася ў горад, але Міці дома не было. Пайшла да трэнера. Той запэўніў, што Міця быў у гурце хлопцаў, якія вярталіся з канала. Абышла ўсіх ягоных сяброў, але ніхто нічога пэўнага не мог сказаць. Яна зразумела: з сынам здарылася нешта дрэннае. Не мог жа ён прапасці невядома дзе. Пачала абыходзіць гаражы і хлеўчыкі, якіх людзі набудавалі без ніякага дазволу. Клікала і прыслухоўвалася, ці не пачуе сынаў голас. Падалася да вагончыка, што самотна чарнеў у вечаровым паўзмроку на стадыёне: вагончык, у якім распраналіся спартсмены перад гульнямі і трэніроўкамі. Увайшла ўсярэдзіну, заўважыла скрыню, клямка якой была зачынена на калочак. Адкінула века і ўбачыла Міцю, ён ужо быў амаль непрытомны ад недахопу кіслароду, выцягнула яго на паветра, пачакала пакуль аддыхаецца, спытала:
— Хто цябе тут зачыніў?
— Браты Харытончыкі.
— Я ж у іх была. Яны сказалі, што нічога не ведаюць.
— А хто ж прызнаецца.
— За што?
— Пабіўся я з малодшым. Яны на мяне наваліліся і загналі сюды.
— Сынок, сынок, ты ж мог загінуць. Навошта табе гэтыя бойкі, ці ты хочаш быць падобным на свайго бацьку?
Міця маўчаў, ён яшчэ не ведаў, на каго яму належыць быць падобным, ці на бацьку, ці на трэнера, ці, можа, на якога героя, які здзейсніў подзвіг і загінуў маладым. Пра такіх часта расказвала піянерважатая. Часам Міця забягаў у яе кабінет. Гэта была жанчына гадоў трыццаці, маленькая, круглая, як яблык, мела сваіх дзяцей, мусіць, таму характар у яе быў добры і памяркоўны. Яна дазваляла хлапчукам пастукаць палачкамі ў барабан, патрубіць у горн. Сярод цікаўных падлеткаў выбірала найбольш здольных гарністаў і барабаншчыкаў, каб на ўсялякі выпадак было іх некалькі ў запас.
Да дзясятага класа Міця канчаткова вызначыўся, што пойдзе ў падводнікі. Як Таіса яго не адгаворвала, нічога зрабіць не магла. Ён лёгка паступіў у вучылішча, хоць не быў выдатнікам з-за ляноты і абыякавасці да школы.
Класная кіраўніца выдала яму дрэнную характарыстыку, якую ён выкінуў, а ў ваенкамаце сказаў, што згубіў. Там яму напісалі новую паперыну, і сухапутны паляшук пайшоў вучыцца плаваць па моры. Ён выбраў свой лёс самастойна, хоць часам і страшыўся абранага шляху, але стараўся адкідаць дрэнныя думкі, а цешыўся толькі добрымі.
У той дзень, калі Міця ад’язджаў на вучобу, Таіса двойчы пабыла ў райцэнтры і ўсё ж заспела сына на вакзале. Ён саромеўся яе прысутнасці, усё выпраўляў дахаты, а яна стаяла, пакуль будучых курсантаў не пагрузілі ў вагон, і цягнік ціха не адплыў ад перона. Дамоў вярнулася з адзеннем сына, згарнула яго, паклала пад падушку, так і спала цэлы месяц, пакуль не прыйшоў ад яго ліст, што ён залічаны курсантам у вучылішча.
З ад’ездам сына нічога не змянілася ў адносінах Аўдзея і Таісы. Ён цвярозы быў паслухмяным і добрым чалавекам, а калі напіваўся, зарываўся і шукаў зачэпку, каб набіць жонку. Гэтаму было сваё тлумачэнне. Толькі добра выпіўшы, ён адчуваў сябе чалавекам. Тады ён хораша спяваў на людзях, нікога не саромеўся і не баяўся. Мог пасварыцца і пабіцца з усялякім, адстойваючы сваю думку ці інтарэсы, наогул адчуваў сябе ўладаром свету. Цвярозы пачуваўся неадукаваным і коснаязыкім. Акрамя таго, што гарэлка разнявольвала душу і развязвала язык, яна давала вялікую сілу. Прынамсі, так яму здавалася. І нічога, што на другі дзень балела галава. Ён разумеў: арганізм патрабуе падмацаваць вынік. Цяпер ён піў не толькі па нядзелях, але знаходзіў мноства прычын, каб выпіць шклянку і пасля працы, для гэтага прыберагаў сабе грошы, не ўсе аддаваў Таісе. Яны засталіся ўдваіх, можна было ўжо не надта эканоміць, не трэсціся над кожнаю капейкаю. Тым больш, што да гэтага часу Аўдзей ужо атрымаў кватэру, абставіў яе. Цяпер Малаша прыходзіла да яго мыцца ў ванну і нахвальвала гэтую вялікую зручнасць.
Читать дальше