У дзедавым двары першым сустрэў гасцей калматы чорны сабачка Жучок, спачатку пачаў брахаць, а потым быццам прызнаў сваіх і завіляў хвастом. На ганак выйшла цёця Поля, абдымала ўсіх ды цалавала. Выйшаў дзед з-пад павеці, дзе ён займаўся сваёю адвечнаю працаю, — ладзіў нейкае калгаснае начынне, стрымана павітаўся, паўсміхаўся ў рыжаватыя вусы.
Ліза найперш пабегла да Дняпра, спынілася над стромаю і доўга глядзела на спакойную роўнядзь вады. Насупраць дзедавага агарода Дняпро адступаў, а паміж ім і старыцаю быў зялёны востраў. У разводдзе ўся гэтая прастора залівалася вадою, а потым, калі ўзровень вады апускаўся, зноў узнікаў востраў. Ліза пабегла ўніз да вады. Проста з-пад ног скочыла вялізная жаба і плюхнулася ў ваду. Бераг быў мокры і гразкі. Каля яго прымкнутыя тры лодкі, адна з іх — дзедава. Ліза села ў лодку, разглядвала белыя лілеі, жоўтыя гарлачыкі, сачыла за вадамеркамі, якія снавалі па вадзе. Вялізныя стракозы з пукатымі вачамі кружыліся над вадою. Нічога тут не змянілася за той час, пакуль Ліза жыла ў іншай мясціне. Ёй так хацелася адвязаць лодку, узяцца за вёслы і паплысці далёка-далёка. З гары мама паклікала абедаць. Ліза сама сабе сказала, што яна яшчэ сюды прыйдзе і заспяшалася ў хату.
Цёця Поля была ўзбуджаная і вясёлая, радавалася гасцям. Так ужо вядзецца ў вясковых жыхароў, што радыя яны кожнай новай сустрэчы, бо жывуць адасоблена, у межах свайго селішча. Нават дзед сам сабе ўсміхаўся ў вусы і падміргваў Міцьку. Па абедзе кожны заняўся сваёю справаю. Таіса з Поляю пайшлі аглядаць агарод, Міцька падаўся да дзеда пад павець разглядаць ягоны багаты цяслярскі арсенал. А Ліза засела за падручнікі. Чвэрць яна скончыла добра, толькі дзве чацвёркі было ў атэстаце: па нямецкай мове, якую яна недалюблівала з-за настаўніцы Шэлі і па фізкультуры, бо часам прапускала заняткі. Да таго ж не здала адзін нарматыў, не здолела прабегчы пяцьсот метраў, моцна закалола ў баку, таму сышла з дыстанцыі. Наогул не любіла яна бегаць і скакаць па камандзе. Іншая справа, калі гуляць, напрыклад, у баскетбол ці валейбол, там хоць нейкі вынік ёсць і задавальненне ад перамогі. Ліза больш любіла баскетбол, дзе можна было шмат рухацца, гуляла добра, яе нават уключылі ў зборную каманду школы.
Два тыдні праляцелі хутка. Ліза сядзела за падручнікамі, паўтарыла ўсё, што хоць ноччу разбудзі, магла адказваць на ўсялякае пытанне з праграмы за восем класаў па матэматыцы, мове і літаратуры. Калі да прыёмных экзаменаў засталося зусім мала часу, аднойчы па абедзе Ліза сказала маці, што пара везці дакументы ў тэхнікум. Таіса нездаволена паглядзела на яе і адказала:
— Адкладзі сваё паступленне яшчэ на год. Няма ў мяне грошай.
— Як адкласці? А для чаго я валакла падручнікі?
— Так атрымалася. Трохі не разлічыла я.
Гэтую гаворку чулі дзед і цёця Поля, але ніхто Лізу не падтрымаў. Дзяўчына зразумела, што яны не хочуць, каб яна была тут. Што ж, яна больш не будзе паступаць у той тэхнікум, знойдзе іншае месца. Ёй няма на каго разлічваць, толькі на сябе. Трэба выбіраць завочную або вячэрнюю форму навучання. А цяпер зноў давядзецца вяртацца дамоў. Як ёй не хацелася слухаць кожную нядзелю лаянку, перажываць за маці, якая мусіла ўцякаць сярод ночы невядома куды, каб не быць пабітай.
Ліза адчула, што зараз заплача ад крыўды, таму імкліва выйшла з пакоя. Спусцілася да дзедавай лодкі, адвязала, узялася за вёслы. Слёзы засцілалі вочы, яна, як сляпая, нічога не бачыла перад сабою, не заўважала, што на гары трывожна шумелі дрэвы, хвалі плёскаліся ў бакі лодкі, а вёслы дрэнна слухаліся яе слабых рук.
Неба нечакана завалаклося хмарамі, як звычайна бывае перад навальніцай. Ліза правяла лодку праз вузкую пратоку ў Дняпро, і яе панесла на імклівых і высокіх хвалях. Гэта была не тая знаёмая з маленства лагодная і спакойная рака. Зараз яна віравала, злавала, кідалася на лодку высокімі хвалямі. Ліза ўжо нават і не грэбла, таму што не хапала сілы падымаць вёслы і змагацца з ветрам. Спалохана пачала клікаць на дапамогу, але на беразе нікога не было. Высокая хваля пераскочыла праз борт і напалову напоўніла лодку, дзве наступныя перавярнулі яе. Галавою Ліза моцна стукнулася аб борт і больш нічога не помніла і не ведала.
Знайшлі яе на другі дзень у суседняй вёсцы, куды вынесла тапельніцу цячэннем, сукенка зачапілася за куст і затрымала Лізу, не занесла далёка. Пахавалі дзяўчынку на высокім беразе Дняпра, побач з бабуляю і іншымі продкамі і назаўсёды пакінулі з любаю ракою. Дзед пасадзіў на магіле стромкую таполю, якая вельмі хутка ўзялася расці, быццам набіралася маладой нерастрачанай сілы ў нябожчыцы.
Читать дальше