Рэм Цвічок быў заняты вельмі важнымі хлапечымі справамі, дарослая размова праслізнула паўз яго халодным ветрыкам. Можа, і добра. Бо мог прызнаць настаўніка за ворага. І не было б у ягоным жыцці археалагічнага гуртка, кахання да дзёрзкай Малгосі, шчырых размоў з сябрамі каля вогнішча, на ўскрайку лесу, дзе раскопвалі гарадзішча чатырнаццатага стагоддзя. Тады ў іх і ўзнікла гэтая жартоўная ідэя - назвацца Ордэнам рыцараў-захавальнікаў, даследчыкаў слаўнага мінулага народа, якому яшчэ нядаўна адмаўлялі ў праве на існаванне.
А Люцыян Станіслававіч у іх Магістр.
Сказаліся чытанні з Жэнькавай бібліятэкі.
Корвус слухаў пражэкты падлеткаў, утаропіўшыся ў вогнішча, у якім адбывалася свая Грунвальдская бойка паміж святлом і цемрай, і ўсё змрачнеў. Але шчаслівыя рыцары-захавальнікі, якія надоечы адкапалі сапраўдны каваны шлем, сталь якога нават за стагоддзі не ўзяла іржа, не звярнулі ўвагі на трывожнае: “Выкіньце з галавы ўсялякія таемныя таварыствы. Не варта нават гаварыць пра такое!”
Колькі чароўнага адкрылася рыцарам наваспечанага ордэна! Іх маленькі Старавежск збудаваны раней за Вільню! Людзі на берагах дробнай рачулкі Наўкі пасяліліся, мусіць, яшчэ калі па тутэйшых узгорках тупалі калматыя маманты. Высіўся на адным з тых узгоркаў сапраўдны замак, камяні з якога гаспадарлівыя старавежцы даўно прыстасавалі ў падмуркі сваіх хатаў ды адрынаў. Мелася войска, што сустракала ворагаў дажджом стрэлаў і лесам дзідаў. Адбівалі тут нашэсці татараў, шведаў, войскаў маскоўскага цара. Горад спальвалі дашчэнту дзевяць разоў - чорныя праслойкі ў глебе пра гэта сведчылі. Тры разы летапісы занатавалі страшную пошасць. Была ратуша - праўда, каржакаватае зернясховішча, у якое яна ператварылася, мала нагадвала рыцарскія часы. А Рэм і ўявіць тыя часы не ўмеў, у сям’і Цвічкоў спаконвеку размаўлялі адно пра надзённае. Дзе ўзяць грошай на боты Лёньку ці Міцьку, ды як расцягнуць тры кілі мукі на месяц. Суседзі жартавалі, што іх прозвішча з’явілася, бо дзяцей у родзе заўсёды было як цвікоў у плоце. Рэм восьмы, малодшы. З гордым імем, якое расшыфроўвалася Рэвалюцыя Міравая - матцы ды бацьку, пралетарыям з цагельні, так падказалі ў ЗАГСе.
У мястэчку вельмі не любілі корпацца ў мінулым. Старавежцы лаяліся на маладзёнаў-гурткоўцаў і на прыхадня-настаўніка, маўляў, няма чаго чапаць старыя косткі, гай з іх не вырасце. Дырэктар школы, па прафесіі гісторык, па паходжанні - сын мясцовага шаўца, аднак, не здаваўся, падазронага біёлага з ягоным гуртком падтрымліваў і сам час ад часу далучаўся да таемных рыцараў у справах раскопных. Ён тлумачыў насцярогу местачкоўцаў водгуллем яшчэ дарэвалюцыйнай гісторыі. Калісь старавежскія падлеткі пасвілі свіней на гарадзішчы дый заўважылі, што дзёдзя дастала лычом срэбную манетку... Ну й пачалі глебу ледзь не зубамі грызці. Уладальнік зямлі, аматар старажытнасцяў, даведаўся, што нейкія хамы раскрадаюць гістарычныя каштоўнасці, раз’юшыўся... Жандары тады і малых скарбашукальнікаў адлупцавалі бязлітасна, і бацькам іх дасталося - штрафы, допыты, ці не ўтаілі каштоўныя экспанаты... Карацей, людзі заракліся праклятае месца чапаць.
А Корвус пра кожную адкапаную рэч расказваў цэлую гісторыю... Ягоны твар маладзеў, хударлявая постаць выпроствалася, нібыта з плеч зваліўся жорнаў. Голас гучаў зусім не як у класе ці ў сухіх размовах. Нізкаваты, глыбокі. І вочы светлыя, аж празрыстыя глядзяць проста кудысь у цябе... Рэму заўсёды бабуля казала, што ў чараўнікоў вочы чорныя. Гэта яна вочы Люцыяна Станіслававіча ў пэўныя моманты не бачыла. Вось бярэ ў руку іржавую нейкую жалязяку, што Ромкава бабуля на дошку клала, каб сыр адціснуць, і давай казані казаць. Гэта, маўляў, сякера бронзавага веку, якая называецца кельт. Яе прывязвалі да дзяржальна накрыж раменьчыкам. Валодалі такой толькі князі ды войты ўсялякія... Бо на Беларусі ў той час не ўмелі такой зброі рабіць, гэта ж тысячу гадоў да нашай эры... Таму прывозілі гэткія сякеры здалёк, на лёгкіх стругах, па рэках... Гэтую, мабыць, з Дунаю. І аддаў за яе наш далёкі продак дзесяць сабаліных скурак... І вось аднойчы напалі ворагі на паселішча, і паспеў стары вой адняць некалькі жыццяў чужынцаў - пакуль у сэрца яго не патрапіла страла з бронзавым наканечнікам.
Праўда, рэдка прарывалася ў настаўніка такая ўзрушаная гаворка. Вось распавядае натхнёна пра лёс папа Лявонція Карповіча, як той у Вільні беларускія кнігі друкаваў у пачатку сямнаццатага стагоддзя ды як яго езуіты катавалі, раптам кране рукой шнар на шчаце і быццам абсячэ штось ягоны голас. Зробіцца гаворка зноў сухаватай, роўнай, як на ўроку.
Читать дальше