Вельмі нагадвае гісторыю з драматургам Васілём Шашалевічам. Ён таксама ў зняволенні напісаў п’есу пра свой лагер, яе паставілі ў лагернай сталоўцы, начальнік абурыўся і адправіў Шашалевіча валіць лес... Васіль быў сухотны, таму сядзеў ля вогнішча з фанеркай і адзначаў нормы. І там на яго знарок павалілі бярозу. І так, што тая, упаўшы, прыціснула драматурга да вогнішча. Дрэва магутнае, не падняць... Давялося распілоўваць... Пакуль вязня вызвалілі - абгарэў. Ажно вочы выцеклі. Але яшчэ быў жывы, памёр у лагпункце.
Дзякловіча таксама ў пакаранне адправілі на цяжкую працу - рабіць цэглу. Крымінальнікам далі ўказанне: расправіцца з нягоднікам. Як мага больш жорстка, няхай памучыцца. Але каб выглядала як няшчасны выпадак.
Гэта былі не “законнікі”, а “сукі” - крымінальнікі, якія супрацоўнічалі з лагерным начальствам. Злодзеі ў законе, магчыма, не сталі б забіваць доктара - персону імі паважаную, альбо зрабілі гэта не так жорстка. А для “сук” не існавала ніякіх межаў у вычварэнствах над “мужыкамі”. З доктара здзекваліся цэлыя суткі. Побач з цагельным цэхам быў швейны... Камусь у галаву прыйшла “дасціпная” думка: доктар робіць уколы, цяпер трэба зрабіць уколы доктару. Набралі іголак... Не, не змушайце мяне расказваць... Я сама хачу забыць. Ха-чу за-быць...
Потым здарыўся і “няшчасны выпадак”: доктар “уваліўся” ў печ, дзе абпякалі цагліны. Уваліўся па пояс. І некаторы час быў яшчэ жывы.
Ха-чу за-быць...
Дарэчы, забойцаў цудадзейнага доктара Дзякловіча пасля другія зэкі пералавілі і таксама ўчынілі “няшчасныя выпадкі”... А жонцы забітага крадма аддалі жменю голак, змяшаную з попелам. Яна сказала - пахавае ў роднай зямлі, куды доктар так марыў вярнуцца.
Я сядзела, апусціўшы галаву на стол, як Гойя на гравюры, над маёй галавой таксама віліся пачвары, і мне хацелася прачнуцца. Абудзіцца ў свеце, дзе нічога падобнага не можа быць, ніхто не заганяе ў жывога чалавека голкі за тое, што ён іначай думае. Нікога не бэсцяць, не залічваюць у падонкі проста таму, што ён не любіць сістэму ці нейкую ідэю. Дзе не можа быць пад помнікам пахаваная толькі жменя абгарэлых іголак.
І я разумела, што напісаць менавіта так, як вычытала ва ўспамінах геолага, я не змагу. Гісторыя майго героя будзе іншай.
Так, балючай і трагічнай. Але іншай.
І можа быць, хтосьці з тых, хто яе прачытае, аднойчы адмовіцца выбіраць між ролямі ката, здрадніка ці ахвяры.
Таму што застанецца чалавекам. Проста чалавекам на сваёй зямлі.
Ну неяк так... Хопіць пафасу? Альбо яшчэ падкінуць? Я магу. Вось толькі не магу забыцца на забытых.
Мнемазіна ступае па нашай гісторыі свінцовымі абцасамі. Чуеце?
Каментарыі:
Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Рублеўскай
2016