«ВАЛОДЗЯ. “Валодзя гаўно салодзя, аладкі мачае, жабак угашчае» - у гэтай трапнай народнай прыказцы ўвесь Валодзя - чалавек сардэчны і геданіст”.
- Ну, не толькі гэта. Вунь Глёбус пра ўсіх гадасці піша, - сказала Наста. - Нават пра мяне, хоць ніколі ў вочы не бачыў.
- Дык гэта ён піша як Адам, а як насамрэч - Валодзя Адамчык - чалавек сардэчны і геданіст. Усё правільна, - чарговы раз заступіўся за Дубаўца Есіп.
- Я яго ведаю, - заўважыў Імбрык, яму хацелася нечым зачапіць Насту ў адказ. - Не думаю, што гэта ён пра цябе напісаў. Многія самі хочуць, каб ён пра іх гадасць напісаў. Абазналася.
«ВАЛЯНЦІН. Самае бездакорнае імя, чамусьці ніколі мне не падабалася. Можа быць, таму, што першымі Валянцінамі ў маім жыцці былі жанчыны, і таму гэтае як бы жаночае імя мужчынам не пасавала. Выхавацельку ў дзіцячым садку на Карламарла ў Менску звалі Валянціна Іванаўна Крышталь. І потым была процьма іншых Валь. Валянцін не схільны думаць пра свой лёс і не верыць у Бога. Затое верыць у іншых і, як квактуха-выхавацелька, апякуецца імі».
- Дубавец занадта суб’ектыўны. Але пра Акудовіча тут дакладна, - сказала Наста.
- Акудовіч можа быць вялікім беларусам? - спытаўся Імбрык. - Вялікі Акудовіч гучыць.
- Філосафаў, як і музыкаў, ахватней за іншых называюць вялікімі, - сказаў Есіп. - Можа быць таму, што яны найменш небяспечныя? Чаго, зрэшты, не скажаш пра Акудовіча. Яго моцна не любіць Навумчык. Кажа, што на ідэйнай глебе. Штосьці дзесьці калісьці Акудовіч сказаў не тое ці не так. Але ў прынцыпе, калі яго няма, дык можа. Хоць ад нас тут нічога і не залежыць. Я б хутчэй разважаў, ці можа быць вялікім Навумчык. Вялікі Навумчык таксама гучыць.
«ВІТАЛЬ. Мяккі, але ўчэпісты і амбітны Віталь любіць дакранацца да агню».
- Вам не здаецца, што Віталь па сэнсе моцна падобны да Барыса? Таксама, можна сказаць, уважлівы да дэталяў, а можа: прыдзіраецца да дробязяў, - актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні Наста.
- З першых, хто прыходзіць на розум пасля Барыса Сачанкі, Віталь Тарас. - згадаў Есіп. - Ну так, абодва рэдактары. Камусьці прыдзірлівыя, а камусьці прынцыповыя ў прафесіі.
«ВІЦЯ. Самае цьмянае імя. Адзін піша данос, другі ад прыроды на такое не здатны. Адзін па жыцці неахайны, другі - піжон. Ён адначасова і фізік, і лірык. Даводзіцца прызнаць: сам Віця нічога нам пра Віцю не скажа. Хаця... Чыста па адчуваннях... У Віці - нейкая “мардатая” сутнасць. Г. зн. мяккая і крыху расплывістая, як пасля парылкі ці выпіўкі. Віця не бывае крышталёвым або графітавым. Віцю ўсё ж такі можна “ўзяць”. Віця падобны да парашутыста ў першым скачку. Ён, вядома, пераможца, але ж і штаны поўныя».
- Дакладна, - сказаў Есіп. - Але, ведаеце, гартаў неяк статыстыку цяперашніх дзіцячых імёнаў. Віці няма! Віцямі не называюць зусім. Пераможцы непапулярныя. Ніхто не хоча быць вялікім.
- Апроч мяне? - усміхнуўся Імбрык.
- Чытай далей, - сказаў Есіп.
«ВЯЧАСЛАЎ. Скрайняя незадаволенасць Вячаслава заўсёды мяжуе са стрэсам. Вячаслаў - змагар, які без бою апусціў рукі перад недасканаласцю свету і сеў з учарнелым тварам на халодны валун мудрасці. Галоўная рыса Вячаслава - абсалютная нецярпімасць да ўсяго, што яго раздражняе і ўводзіць у шал. Гэтак на мяжы страты свядомасці змагаюцца са сваімі монстрамі празаік Адамчык, паэт Дашкевіч, музыка Корань, фалькларыст Калацэй, тэатразнаўца Ракіцкі, палітык Сіўчык.»
- Тут вельмі трапна, - пракаментаваў Імбрык.
- Нехта грукае ў вакно, - раптам сказала Наста.
- Можа, мы загучна ўключылі «Старлес»? - выказаў здагадку Імбрык.
- Пайду пагляджу, хоць тут фактычна дах дому, - сцепануў плячыма Есіп. - Што там за Карлсан прыляцеў?..
Грукалі нібыта з боку спальнага пакоя, але тэраса была адна на ўсю кватэру.
- Гэта птушка, крумкач, - сказаў Есіп, вызірнуўшы на тэрасу, - вярнуўся. Ён часам прылятае. Тут многа птушак жыве, асабліва драпежнікі, ястрабы нябесныя віюць гнёзды на дахах. Але гэта крумкач, мой прыяцель.
- А што ён сказаў?
- Never more, натуральна, - бліснуў эрудыцыяй Імбрык.
Наста перасела на далейшы ад вакна канец канапы. Яна яўна асцерагалася гэтых грукаў з тэрасы.
«ІГАР - чалавек даступны, але не адкрыты. Ніколі не ведаеш, што сабе думае гэты лёгкі ў дачыненнях Ігар.
ЗМІЦЕР упарта йдзе да свае мэты. Аднак, пачынаючы справу, заўсёды думае не пра поспех, а пра правал.»
- Бартосік! - пазнаў Імбрык.
Нехта ізноў пагрукаў у вакно, але іншымі, чалавечымі грукамі.
- Хто там? - крыкнуў Есіп.
- Гэта я, - пачулася з тэрасы. - Бартосік. Слухай, у цябе ёсць дзе пераначаваць? Нас няшмат, мы з жонкай і чацвёра дзяцей.
Читать дальше