Калі ў залу прывялі Саламею, Пранціш ледзь не ўскрыкнуў. Ну не мог ён пазнаць Сільфіду ў нязграбнай, бясформнай фігуры, захутанай у нейкі балахон, з вялізным каптуром з абвіслымі фальбонамі, якія захіналі аблічча. Быццам адна з падапечных братоў баніфратраў, што ля Свіслачы ў сваім прытулку прымалі ўбогіх. Рукі ў зняволенай былі, мяркуючы па тым, як яна рухалася, звязаныя. Лёднік увесь падаўся наперад, як страла на напятай цеціве, Вырвіч ажно прытрымаў яго на ўсялякі выпадак за рукаў. Ватман задаволена ўсміхнуўся, і Вырвіч здагадаўся, што суддзя спецыяльна загадаў схаваць прыгажосць абвінавачваемай. Каб не змякчылася чыёсь сэрца, каб не выдаць уласнай зацікаўленасці ў той гожасці.
Пан пісар, абыякавы, доўгі, як бізун, тонкім надарваным голасам зачытваў абвінавачанні. Атруціла, падманула… Выступілі сведкі — так, лекавала падазронымі лекамі, вядзьмарка, няйначай. Паплакала ўдава пана Шмыгі, таксама на лекарку вярнула. Ватман спачувальна ківаў галавою, пагладжваючы тоўстым пальцам белыя, як у пацука, вусы, нязвыклыя на ягоным спаласаваным шнарамі ружовым твары.
— Што ж, думаю, probationes evidentes [22] Доказы пераканаўчыя ( лац .)
. Але, панове, мы жывём у век асветы, мы не можам быць акрутна жорсткімі. Трэба даць час заблукалай душы знайсці шлях да Госпада. Магчыма, падсудная і не мела злых намераў, проста памылілася з лекамі. Думаю, вечнае заключэнне ў сутарэнні кляштара з самым строгім рэжымам яе выправіць. І каб не было спакусы ды боязі чарадзейства ў шаноўных жыхароў места, лепш адаслаць чарадзейку чым далей. Я сам гатовы даставіць няшчасную да месца яе пакарання — бо ведаю выдатны кляштар у Сілезіі, дзе мнішкі даюць ex voto templum facere , вечны абет маўчання.
Пранціш успомніў, што ў Ватмана ў Сілезіі ёсць замак, і ірвануўся з месца.
— А ці не прапаноўваў калісьці шаноўны граф Пянткоўскі падсуднай Саламеі Лёднік, а тады яшчэ ў дзявоцтве Рэніч, стаць ягонай жонкай ды паехаць у ягоны замак у Сілезію? Ці не атрымаў тады ад панны detrectatio [23] Адмова ( лац .)
, за які цяпер адпомсціцца хоча, што няварта сапраўднага шляхціца?
Для важкасці Вырвіч яшчэ й дадаў спасылкі на артыкулы Статута, у якіх перасцерагаюцца суддзі ад навету ды асабістай зацікаўленасці.
У зале зашумелі. Але Ватман толькі шырока ўсміхнуўся, адсыпаўшы словаў, фальшывых, як манеты, якія наштукаваў у Рэчы Паспалітай махляр-італіец Бараціні, каб было чым расплачвацца за вайну з маскоўцамі.
— Вельмішаноўнае панства, можа, калі гэтая кабета была маладая, у яе і можна было… adamare [24] Закахацца ( лац .)
. Але цяпер — мяркуйце самі — якія куртуазныя намеры ў дачыненні да гэтага няшчаснага стварэння?
— А няхай яна каптур скіне ды гэны балахон!
Гэта выгукнуў хтось з залы. І яго патрабаванне падхапілі, нягледзячы на пратэсты графа Пянткоўскага. Усім было цікава паглядзець на аблічча вядзьмаркі. Падстароста Ваньковіч, які старшынстваваў у ніжэйшым гродскім судзе, пузаты немалады шляхцюк, скрывіў пухльныя вусны ва ўсмешцы ды аддаў загад… З падсуднай знялі каптур ды балахон, развязалі рукі…
І вось Саламея страсянула чорнымі бліскучымі валасамі, ганарыста выпрасталася, на яе збялелым твары збліснулі гневам вялікія сінія вочы. Прысутныя дружна выдыхнулі. Граф Пянткоўскі зразумеў, што ў гэтай сваёй хітрасці прайграў, ніхто не паверыць у ягоную абыякавасць да такой прыгажуні.
А тут яшчэ залямантавала дзіця:
— Мама!
Сафійка ірвалася з рук Хвэлькі да матулі, якую нарэшце пазнала. Пранціш хутка абвёў позіркам залу: хтось з шляхцюкоў незадаволена скрывіўся — што за дзіцячы віск, але шмат у каго расчулена заблішчэлі вочы. І хаця малечу змусілі вынесці з залы, патрэбнае ўражанне засталося. Як можна такога анёлачка пакідаць без маткі!
— У мяне ёсць доказ невіноўнасці абвінавачанай!
Лёднік выйшаў наперад імкліва і нечакана, як чорны пірацкі карабель, і падаў пану пісару паперу.
— Ягамосць дыпламаваны доктар пан Ян Замойскі, агледзеўшы цела нябожчыка, устанавіў, што пан Гарацый Шмыга памёр не ад атруты, а ад пералому шыйнага пазванка ў аснаванні чэрапа. Пра што сведчыць трэшчына ў basis cranii [25] Аснаванне чэрапа ( лац .)
. На што пан доктар склаў афіцыйнае заключэнне. Яго лёгка спраўдзіць, даўшы дазвол на агляд парэшткаў. Сінія плямы, якія былі заўважаныя на шыі ахвяры, пацвярджаюць, што пералом не выпадковы, а ёсць вынікам прыкладання сілы.
— Карацей, хтось зламаў пану вознаму шыю! — выгукнуў пан Валенты Гараўскі. — І наўрад гэта магла зрабіць кабета.
Читать дальше