- Ды ты... Ты! - захлынулася гневам Саня. - На сябе азірніся! Выеш, як сука старая, не здольная ўкусіць ці хоць бы прылюдна абгаўкаць, а сваіх кабялёў ці палічыла? Ці падлічвала калі?
- Хто з нас не грашыў! I не ў падліках справа, - падкрэслена спакойна зрэагавала на яе выпад Ганна. - Вось сяброўку кінулася абараняць, а хіба ты - ці я! - не выбіралі, з кім спаць, з кім гуляць. А ў яе, дурніцы, нават не спыталі. Не пытаюцца...
Люба, якая стаяла, прыпаўшы да сцяны, перад самымі дзвярыма, не зачыненымі, а толькі прычыненымі (таму і чула ўсё выразна), адчувала, што вось-вось страціць прытомнасць: у чым, у чым, а ў тым, што тычылася таямніцы яе паводзінаў з высокапастаўленымі асобамі, яна і думкі не дапускала пра іх няпэўнасць ці, тым больш, адкрытасць для ўсіх і кожнага. Канфідыцыяльнасць ёй была абяцана... канфідыцыяльнасць і падтрымка ва ўсім...
«За што? За што?!» - білася ў ёй, разбіваючыся ў кроў, душа, даўно ўжо і так у шышках і драпінах ад сумненняў і няпэўных апраўданняў, і Люба прыціскала абедзве рукі да грудзей з усёй сілаю, на якую цяпер была здатная, каб утрымаць сэрца, каб утрымацца на нагах і змусіць сябе зрабіць колькі крокаў - у пакой ці прэч ад яго.
- Ды калі хочаш ведаць, - спрабавала прыцішыць голас Ганна, бо ноты былі такімі высокімі, што ўжо нагадвалі віск, - любы з чыноўных кабялёў адмовіцца ад яе і ўсяго, што ёй наабяцаў, калі ўзнікне хоць самая малая пагроза спакою, упэўненасці ў яе маўчанні. Калі раптам хто-небудзь...
- I гэты «хто-небудзь» - ты?! - ускочыла Саня так рэзка, што перакінулася крэсла. - Пайшла прэч!
«Пайшла прэч... прэч... прэч...» - перакочвала гэты крык па калідоры рэха. Усё цяжэй і цяжэй. Прыгінаючы, прыціскаючы Любу да сцяны. Перш - да сцяны, потым - да падлогі, на якую апаўзала, асоўвалася яна, чапляючыся за свядомасць, як чаплялася б за апошнюю саломінку, і адштурхоўваючы чарнату. Чорную даўкую цішыню...
Дзіўная гэта была цішыня: ні воднага згуку не чула болей Люба ні з-за прычыненых дзвярэй грымёркі, ні з калідора ў абодва бакі ад яе, але, узнікшы немаведама адкуль, набліжалася, нарастала музыка, якую ўсё больш заглушаў барабанны перастук. Бам-бам, бум-бум! Бам... бам... прэч... прэч... Хто і куды яе праганяў? Што ад яе патрабавалі? Падняцца? Ісці? Бегчы... уцякаць...
Апошняе слова, апошні сколак думкі ярка ўспыхнуў, высвеціўшы недзе па-за свядомасцю карціну сонечнага зімовага ранку, праз які, выдзіраючыся з рук ганіцеляў, бегла яна, Люба. Захлыналася марозным паветрам, але бегла, уцякала, пакідаючы ззаду, на белым снезе, перш шматкі садранага, разадранага адзення, потым - ярка-чырвоныя і ўсё больш буйныя кроплі крыві. Яна крычала (ці гэта толькі здавалася ёй?), плакала - а снежны цалік перад ёю шырэў і шырэў, зліваючыся з краямі далягляду, з небам...
***
Прэм’ера «Караля Ліра» фурору не выклікала. Ці то таму, што чуткі самага рознага шкталту распаўзліся па Мінску задоўга да яе і сёй-той з начальства, перастрахаваўшыся, не прыйшоў. Ці то таму, што тэатральныя крытыкі як змовіліся не выказваць ацэнак, пакуль публіка не разбярэцца, што да чаго, і ў прэсе з’явіліся толькі кароткія паведамленні: спектакль адбыўся... заняты ў галоўных ролях... цікавая рэжысура... I ўсё на тым. Нават Эвеліна, якую Глінскі столькі абходжваў і агладжваў у свой час, не азвалася. Хоць на яе выходзілі... прапаноўвалі... Ён сам званіў! Няўжо ўзапраўду ў нечым памыліўся?
- Эд Саныч, да вас...
- Можна без прадстаўлення, - адным рухам галавы, здалося, адцясніла, выцесніла з дзвярэй сакратарку Эвеліна, высокая, мажная і, як заўсёды, грацыёзная ў сваім наймодным футры і футравым шыракаполым капелюшы. - Упэўнена, што мяне чакаюць.
Глінскі падхапіўся раней, чым усвядоміў сказанае, рушыўшы насустрач знакамітай крытыкесе з усёй магчымай да сябе галантнасцю: з Эвелінай трэба было іграць па яе правілах, не інакш, калі не хацеў прайграць загадзя.
- Якая радасць! Які сюрпрыз! - прыклаўся да абедзвюх яе рук Глінскі. - Не паверыш, але толькі што думаў пра цябе.
- Чаму ж не паверу? - скінула яна футра, якое, калі б гаспадар не падхапіў на ляту, упала б на падлогу. - Я нават ведаю, my dear, як я выглядала ў тваіх думках.
- Зусім так, як цяпер, - падсоўваў ён крэсла. - Варта ўзгадаць толькі імя - Эвеліна! - і ніводзін эпітэт нічога не дадасць і не зменіць. Кава?
- Каньяк! Памятаю, у цябе вадзіўся...
- Для самых дарагіх гасцей!
- Нязвыкла бачыць цябе няўпэўненым ў чымсьці, - так нечакана, што Глінскі ледзь чаркі не ўпусціў, падсумавала яна першыя хвіліны сустрэчы. - Што - не так? Ці ўсё - не так?
Читать дальше